Лукашэнка спрабуе перавесці краіну і грамадства на ваенна-мабілізацыйныя рэйкі

У сваёй калонцы на «DW» палітолаг Павел Усаў робіць свежы аналіз становішча ў Беларусі. Ён прыходзіць да несумяшчальнай з мірам высновы.

armija_b.jpg

Схаваная падрыхтоўка

Пуцін разглядае Беларусь як свой найважнейшы рэсурс у вайне супраць Украіны. Пасля правядзення «рэферэндумаў» працэс па ўцягванні Беларусі ў супрацьстаянне ўзмацніўся і бачыцца ўжо прадвызначаным.
Разам з тым, зыходзячы з таго, што насельніцтва рэспублікі вельмі негатыўна ставіцца да любых формаў актыўнага ўдзелу беларускай арміі ў канфлікце, рэжым Лукашэнкі не можа вырашыць гэта пытанне адкрыта і хутка.
Непапулярныя і непрымальныя для беларусаў меры (мабілізацыя, закрыццё меж і г.д.) у гэтым напрамку могуць выклікаць непрадбачаныя рэакцыі: паніку і масавыя выезды беларусаў за мяжу, нельга выключаць і супраціўленне.
У сувязі з гэтым улады пачалі дзейнічаць у двух кірунках. Першы — прыхаваная падрыхтоўка і мабілізацыя ваенна-палітычных рэсурсаў для супрацьстаяння нейкім вонкавым пагрозам, непасрэдна не звязаным з вайной супраць Украіны. Другі — апрацоўка грамадскай свядомасці праз абмежаванае інфармаванне, г.зн. прывучэнне грамадзян да новай рэальнасці.
Інфармацыйная апрацоўка зараз мае важнае значэнне. Па-першае, змякчае эфект ад магчымага шоку ў момант уступлення ў вайну, бо палітычная ўлада і прапаганда актыўна праводзіць наратыў «мы ўжо ў вайне». Па-другое, дэзынфармуе грамадства, стамляе супярэчлівымі сігналамі, пасля чаго насельніцтва перастае быць успрымальным да новай інфармацыі. Па-трэцяе, паступова ўводзіць насельніцтва ў новую рэальнасць ці новую рэальнасць у свядомасць насельніцтва. І ў той момант, калі стан спраў робіцца відавочным для большасці (напрыклад, агульная мабілізацыя ці ўступленне ў вайну), супраціўляцца гэтаму або рэагаваць ужо немагчыма.

Якую палітыку праводзяць дзяржорганы

Менавіта з працэсам «інфармацыйнага наслойвання», зашумлення і маніпуляцый, магчыма, былі звязаны гучныя і супярэчлівыя заявы аб «контртэрарыстычнай аперацыі». Першапачаткова Уладзімір Макей заявіў аб тым, што ў краіне быў уведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі, што выклікала шквальную рэакцыю ў СМІ і сацсетках. Пасля чаго была непераканаўчая спроба скарэкціраваць пасланне: «Ёсць даручэнне прэзідэнта, якое было агучана, у тым ліку публічна, правесці мерапрыемствы контртэрарыстычнага характару».
Далей КДБ зрабіў заяву аб тым, што «на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь контртэрарыстычная аперацыя не праводзілася і зараз не праводзіцца». Адначасова з гэтым прагучалі словы Лукашэнкі, што «рэжым падвышанай тэрарыстычнай небяспекі» ў краіне ўведзены.

lu_pu_1.jpg

У выніку зусім незразумела, якую палітыку праводзяць дзяржаўныя органы, якая іх мэта і якімі дакументамі яны рэгулююцца і вызначаюцца. Супярэчлівыя сцвярджэнні таксама дэманструюць адсутнасць унутранай каардынацыі паміж рознымі структурамі і разумення таго, якія рашэнні прымаюцца. Апошняе звязана з тым, што палітыку ў гэтым кірунку вызначае ўжо не Лукашэнка і не дзяржаўныя органы Беларусі, а Масква, і кіруючыя вярхі маюць абмежаваны доступ да інфармацыі і рашэнняў, якія прымаюцца.

Перавесці краіны на ваенна-мабілізацыйныя рэйкі

Відавочна адно: рэжым Лукашэнкі спрабуе перавесці краіну і грамадства на ваенна-мабілізацыйныя рэйкі і робіць гэта паступальна:
1. Ёсць нейкае даручэнне Лукашэнкі аб рэалізацыі «мер контртэрарыстычнага характару». Аб іх мэтах і задачах ніхто не ведае;
2. У краіне разгортваецца расійская групоўка ў рамках аб'яднанай рэгіянальнай групоўкі войскаў (РГВ) Саюзнай дзяржавы. Да гэтага часу не зразумелыя ні структура, ні колькасны склад РГВ (паводле апошніх заяў Лукашэнкі, групоўка будзе складаць каля 70 тыс. чалавек).
3. Ваенная і палітычная адміністрацыя Беларусі адпраўлены ў працоўныя калектывы для інфармацыйнай апрацоўкі і забеспячэння інфармацыйнай падтрымкі дзеянняў ваеннага характару;
4. Лукашэнка даручыў правесці праверку ваеннага рэзерву, што ўспрымаецца як прыхаваная мабілізацыя і маральна-псіхалагічная падрыхтоўка да яе;
5. Украіне выстаўлена нота з абвінавачваннямі ў правядзенні дзеянняў варожага характару супраць Беларусі;
7. Афіцыйная прапаганда актыўна падсоўвае агрэсіўную прарасійскую ваенную рыторыку і істэрыю ў Беларусі, а таксама адкрыта абвінавачвае (услед за Лукашэнкам) НАТА ў падрыхтоўцы ледзь не ўварвання ў Беларусь;
8. КДБ атрымлівае права ўводзіць абмежаванні на выезд з краіны для фізічных асоб. У сваю чаргу Лукашэнка пераводзіць КДБ у сваё падпарадкаванне, спрабуючы ўстанавіць прамы кантроль над ключавымі сілавымі ведамствамі;
9. Дэлегацыя Лукашэнкі падтрымлівае Расію ў галасаванні па рэзалюцыі супраць анексіі тэрыторый Украіны ў ААН;
10. Улады спрабуюць папярэдзіць любыя дзеянні, звязаныя з магчымымі рэакцыямі апазіцыі на вайскова-мабілізацыйныя мерапрыемствы ў краіне.
Усе гэтыя працэсы паказваюць на змену стану дзяржавы. Цалкам відавочна, што ніякіх унутраных пагроз, якія патрабавалі б мабілізацыйных дзеянняў з боку палітычнага рэжыму, няма. Гэтая палітыка вызначаецца толькі тым, што роля і статус Беларусі ў расійскай вайне з Украінай змяніліся. Падрыхтоўка да правядзення або правядзенне мер контртэрарыстычнага характару яшчэ больш пагаршаюць становішча ў краіне, бо прадугледжваюць цэлы шэраг абмежаванняў і дапускаюць яшчэ большае самавольства сілавых структур у адносінах да беларускіх грамадзян, а таксама ўзмацняюць ваенна-палітычную прысутнасць Расіі ў Беларусі.