Версія віцэ-спікер Дзярждумы: Вайна скончыцца, калі армія РФ дойдзе да межаў Польшчы

Віцэ-спікер Дзярждумы Расіі назваў расійскія войскі на мяжы з Польшчай умовай завяршэння «спецаперацыі» ва Украіне.

Фота: Коммерсантъ

Фота: Коммерсантъ

Расія не спыніцца, пакуль не дасягне польскай мяжы. Пра гэта заявіў у інтэрв'ю італьянскай газеце La Repubblica віцэ-спікер Дзярждумы Пётр Талстой.

«Нягледзячы на дапамогу з Еўропы і істэрыю [прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі] Борыса Джонсана або [прэм'ер-міністра Італіі] Марыё Драгі, мы скончым аперацыю, калі палічым патрэбным, — сказаў Пётр Талстой. — Думаю, мы спынімся на мяжы з Польшчай» (пераклад паводле The Times).

Талстой удакладніў, што «спецаперацыя» скончыцца, калі Украіна будзе цалкам «дэнацыфікаваная» і дэмілітарызаваная і «больш не будзе магчымасці ператварыць яе ў антыРасію, як гэта спрабаваў зрабіць Захад на працягу апошніх 30 гадоў».

Дэпутат не згодны, што падтрымка ім вайны ва Украіне раўнасільная здрадзе спадчыне яго знакамітага прапрадзеда Льва Талстога. «Леў Мікалаевіч Талстой быў афіцэрам рускай арміі. Ён забіваў англічан і французаў у Крыме — у рускім Крыме, — сказаў Пётр Талстой. — Калі лёс краіны ў небяспецы, наш адзіны клопат — падтрымаць краіну. Я не бачу супярэчнасці са спадчынай Льва Талстога».

Зрэшты, паколькі РФ так і не сфармулявала канкрэтныя мэты «спецыяльнай ваеннай аперацыі», распачатай 24 лютага, застаецца шырокая прастора для трактовак таго, чаго Масква хоча дамагчыся ва Украіне.

Паводле Медузы