Відэа ўкраінскай уцякачкі пра зверствы «Азова», якое паказалі расійскія дзяржаўныя СМІ, зняла ФСБ

Распаўсюджанае расійскімі дзяржаўнымі СМІ відэа, на якім уцякачка з Марыупаля расказвае пра зверствы батальёна «Азоў», было разаслана прэс-службай ФСБ з патрабаваннем не спасылацца на крыніцу. Гэта высветліла «Медыязона».

Уцякачка з Марыупаля Любоў Усцінава

Уцякачка з Марыупаля Любоў Усцінава


24 сакавіка «РИА Новости» і іншыя расійскія дзяржаўныя СМІ выклалі відэа, на якім уцякачка з Марыупаля Любоў Усцінава расказвае пра здзекі «азоўцаў» з мірных жыхароў.
СМІ не ўказваюць крыніцу відэа. RT, адзін з дзяржаўных расійскіх тэлеканалаў, выпусціў гэтую навіну з паметкай «Эксклюзіў» і буйным лагатыпам па-над кадрам.
«Медыязона» піша, што відэа з украінскай уцякачкай даслаў супрацоўнікам дзяржаўных СМІ Цэнтр грамадскіх сувязей ФСБ. Пры гэтым ведамства ўказала абавязковую ўмову публікацыі роліка: крыніца відэазапісу не павінна быць згаданая ў матэрыяле.
«"Азоўцы" проста ганарыліся тым, што яны здзекуюцца з людзей, што яны забіваюць усіх. Нават звычайных людзей, якія ні ў чым не вінаватыя, якія хаваюцца ад бамбаванняў і не ведаюць, як выжыць», — гаворыць на камеру жанчына.
У тэксце «Медыязоны» ёсць скрыншоты ліста ФСБ, атрыманыя ад крыніцы, якая папрасіла аб ананімнасці.
У лісце, паводле выдання, былі тры спасылкі на відэа, дзе ўцякачка нібыта дае інтэрв'ю, а таксама фота і запісы таго, як сілавікі вывучаюць змесціва тэлефона жанчыны. Апошнія кадры апублікаваў толькі тэлеканал «НТВ». Па метаданых журналісты высветлілі, што ўсе тры ролікі былі знятыя ўвечары 22 сакавіка.
На першым відэа ўцякачка прадстаўляецца і кажа, што цяпер знаходзіцца ў Расіі «на мытні». Яна дзякуе Расійскай Федэрацыі і расказвае, што «мэр Марыупаля адразу ж кінуў "жыхароў" на волю лёсу», а «ўкраінскія вайскоўцы хаваліся ў дварах жылых кварталаў».
Следам дзяўчына згадвае, што ў яе ёсць «двое знаёмых з "Азова"», якія «выкладвалі ў сацыяльныя сеткі, як здзекаваліся з цывільных, звычайных людзей, дзяцей». Голас па-за кадрам просіць расказаць пра гэта падрабязней, уцякачка запінаецца, і запіс спыняецца.
Другое відэа было знята праз шэсць хвілін пасля першага, адзначае «Медыязона». На ім Усцінава пачынае расказваць пра «Азоў» ужо без запінак. Яна зноў успамінае пра знаёмых з батальёна і пра відэа, якія яны публікавалі.
«[Яны] хаваліся ў школах, прыкрываліся мірнымі жыхарамі, разбамбілі Драмтэатр знутры, хаваліся па вуліцы Кранштацкай, у садках хаваліся, разбамбілі радзільню, падчас таго, як там праходзілі аперацыі. Было вельмі страшна», — гаворыць Усцінава.
З самой уцякачкай журналістам пагаварыць не ўдалося. Блізкія жанчыны распавялі выданню, што яна эвакуявалася з абложанага Марыупаля 20 сакавіка, а затым знікла. 23 сакавіка Усцінава змагла напісаць бабулі, што з ёю ўсё ў парадку, а свабодна пагаварыць са сваякамі ёй удалося толькі вечарам 28 сакавіка — праз восем дзён пасля таго, як яна пакінула Марыупаль.
«Яна рэальна была напалоханая і ўвесь час плакала, я не магу нічога сказаць, [ці праўда тое, што яна гаворыць]. Мы толкам пра ўсё яшчэ не гаварылі ў падрабязнасцях. [Сілавікі] шмат задавалі пытанняў, я думаю, любы б чалавек спалохаўся, асабліва такая дзяўчына, як яна, якая толькі нядаўна выйшла з падвала. Яна не разумела, чаму яе ў нечым падазраюць. Але яе не крыўдзілі, добра кармілі», — расказала «Медыязоне» сястра бежанкі.
Крыніца выдання, якая даслала ліст з відэа ад ФСБ, чула, што падобных рассылак з удзелам розных уцекачоў было некалькі.
Паводле РС.