Вялікабрытанія не гатовая даць Украіне гарантыі бяспекі як у НАТА
Намеснік прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Дамінік Рааб адказаў на запыт Украіны пра гарантыі бяспекі, паведамляе «The Guardian».
«Мы вельмі ўважліва разгледзім усё, што, паводле слоў прэзідэнта Зяленскага, яму трэба. Але я думаю, што мы не збіраемся ў аднабаковым парадку паўтараць абавязацельствы НАТА ў дачыненні да не чальцоў НАТА», — заявіў Дамінік Рааб.
Ён адзначыў, што рашэнне Вялікабрытаніі аб гатоўнасці стаць гарантам бяспекі Украіны «будзе залежаць ад таго, пра што менавіта ідзе гаворка». Пры гэтым палітык выключыў магчымасць прамога ўдзелу брытанскіх войск у вайне з РФ.