Выбарчы фонд Віктара Бабарыкі заблакаваны
Але гэта не перашкодзіць збору і здачы подпісаў, паведамляе сайт прэтэндэнта ў прэзідэнты.
Сёння, 17 чэрвеня 2020 года, пры спробе ажыццяўлення плацяжоў за кошт сродкаў выбарчага фонду, супрацоўнікі ААБ «Беларусбанк» паведамілі, што разліковы рахунак Віктара Бабарыкі, на якім знаходзіцца сфарміраваны выбарчы фонд, заблакаваны — арыштаваныя расходныя аперацыі па рахунку. Дакументы, якія пацвярджаюць арышт або наяўнасць іншых падставаў для абмежавання кіравання сродкамі выбарчага фонду, прадстаўленыя не былі.
У цяперашні момант на разліковым рахунку знаходзяцца грашовыя сродкі выбарчага фонду ў суме больш за сто тысяч беларускіх рублёў. Забарона на кіраванне дадзенымі сродкамі не дазваляе ў поўнай меры рэалізаваць выбарчыя правы. На неправамернасць такой забароны будзе звернутая ўвага ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў: будуць падрыхтаваныя і пададзеныя адпаведныя скаргі.
Разам з тым, арышт сродкаў выбарчага фонду не адаб’ецца на бягучай дзейнасці штаба. У штабе і на пікетах па зборы подпісаў працуюць валанцёры, сябры ініцыятыўных груп, якія не атрымліваюць аніякіх выплат. Усе сабраныя подпісы будуць належным чынам верыфікаваныя і пададзеныя ў адпаведныя выбарчыя камісіі.
Паводле babariko.by