Зянон Пазьняк ва ўкраінскім тэлеэфіры: Трэба, каб Полк Каліноўскага меў пэўную аўтаномію і мог распараджацца сваёй структурай

Палітык падзяліўся з украінскімі тэлеглядачамі спадзяваннямі на тое, што беларускія добраахвотнікі стануць «нацыянальнай адзінкай, якая вызваліць Беларусь ад дыктатуры і пазбавіць Украіну ад ворага, на якога робіць стаўку Пуцін». 

Скрыншот з інтэвр'ю

Скрыншот з інтэвр'ю

Журналіст украінскага тэлеканала «Апостроф TV» у размове з лідарам руху «Вольная Беларусь» Зянонам Пазьняком запытаўся, ці магчымы сілавы сцэнар зрынынання рэжыму Лукашэнкі беларускімі добраахвотнікамі, у выпадку перамогі Украіны ў вайне. 

«Мы на гэта і спадзяемся, у гэтым заключаецца наша нацыянальна-вызвольная палітыка — падтрымка Палка [імя Кастуся Каліноўскага], — адказаў Пазьняк, — Мы стаім за тое, што полк — гэта ўзброеная нацыянальная адзінка, якая ваюе за Украіну супраць расійскіх акупантаў. 

Але вельмі важна, каб ва Украіне разумелі, што трэба, каб Полк меў унутраную аўтаномію, каб мог распараджацца сваёй структурай. Каб у яго была магчымасць стварыць аснову беларускага войска». 

Палітык падкрэсліў, што для агучаных мэтаў «не трэба шмат тысяч [вайскоўцаў], тысячы дзве дастаткова ў гэтай сітуацыі». 

Крыніца: ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ [ youtube ]

Зянон Пазьняк кажа, што падчас паездкі ў Кіеў заўважыў:

«У ваенным кіраўніцтве Украіны пайшла такая тэндэнцыя, што Полк Каліноўскага павінен быць звычайнай вайсковай адзінкай УСУ, і ніякай асобнай беларускай палітыкі, яна як бы не патрэбная.

Але ў нас жа задача вызваліць Беларусь. І Украіна таксама павінна быць зацікаўленая ў тым, каб гэтая нацыянальная сіла была створаная, каб яна вырашыла пытанне з паўночным фронтам».

«На гэта мы робім стаўку і, канешне, вельмі спадзяемся, што ваеннае кіраўніцтва Украіны гэта зразумее, бо гэта вельмі важны аспект — каб утварылася нацыянальная адзінка, якая вызваліць Беларусь ад дыктатуры і пазбавіць Украіну ад гэтага ворага, на якога робіць стаўку Пуцін», — кажа Зянон Пазьняк. 

Нагадаем, лідар руху «Вольная Беларусь» разам з паплечнікамі знаходзіцца ва Украіне, дзе праводзіць сустрэчы з украінскімі палітыкамі, а таксама беларускімі добраахвотнікамі.

У прыватнасці Зянон Пазьняк сустракаўся з амбасадарам па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігарам Кізімам. Таксама палітык наведаў Сумы, дзе сустрэўся з беларусамі, якія ваююць на баку Украіны.