1044-ты дзень вайны: Ізюм і Балаклею рыхтуюць да кругавой абароны

Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-украінскай вайны, развязанай Крамлём пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота 

Ілюстрацыйнае фота 

За мінулыя суткі на фронце зафіксавана 140 баявых сутыкненняў. Пра гэта паведаміў Генеральны штаб УСУ ў ранішняй зводцы ў чацвер, 2 студзеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 38 штурмавых і наступальных дзеянняў расійцаў. На Курахоўскім кірунку сілы абароны адбілі 26 атак пазіцый украінскіх войскаў.

На Врэмаўскім кірунку праціўнік здзейсніў 19 наступальных дзеянняў на пазіцыі ўкраінскіх падраздзяленняў.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 16 разоў, на Краматорскім кірунку зафіксавана 14 боесутыкненняў.

* * *

Расійскія войскі прасунуліся паблізу шасці населеных пунктаў у Данецкай вобласці, паведамляе праект DeepState. «Вораг прасунуўся каля Ваўковага, Нясумнага, у Новаелізаветаўцы, Салёным, Воздзвіжэнцы, Курахава і яго паўднёвых ваколіцах», — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, DeepState адзначае, што ў сяле Новавасільеўка, размешчаным на поўдзень ад Пакроўска Данецкай вобласці, працягваюцца жорсткія баі. Расійскія сілы пераважнымі сіламі пяхоты праводзяць актыўныя штурмавыя дзеянні.

Варта адзначыць, што раней з’яўлялася інфармацыя пра тое, што Новаелізаветаўка, дзе DeepState заўважыў прасоўванне расійскіх войскаў, ужо захопленая гэтымі расійскімі войскамі.

* * *

Расійскія войскі працягваюць актыўна штурмаваць пазіцыі Сіл абароны Украіны ў Часавым Яры і Тарэцку на Краматорскім і Тарэцкім кірунках. Апроч таго, расійцы праводзілі наступальныя дзеянні ў кірунку Ступачак і Леанідаўкі.

«У выніку агнявога ўздзеяння праціўніка некаторыя пазіцыі былі знішчаныя, прымаюцца меры для недапушчэння пагаршэння тактычнага становішча», — адзначае РБК-Украіна са спасылкай на тэлеграм-канал вайскоўцаў.

* * *

472062997_947545970891815_904446562262630237_n.jpg

* * *

У ноч на 2 студзеня Расія запусціла супраць Украіны 72 беспілотныя лятальныя апараты (БПЛА) тыпу Shahed і дроны іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абароне ўдалося збіць 47 з іх, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ. Яшчэ 24 дроны былі лакальна страчаныя без негатыўных наступстваў.

Беспілотнікі запускаліся з напрамкаў расійскіх Бранска, Арла, Курска і Прыморска-Ахтарска.

* * *

У Харкаўскай вобласці гарады Ізюм і Балаклея рыхтуюць да кругавой абароны. У прыватнасці, працягваецца будаўніцтва фартыфікацыйных збудаванняў, і гэта запланаваныя мерапрыемствы, распавёў кіраўнік Харкаўскай АВА Алег Сінегубаў ў эфіры тэлемарафона.

«Гэта планавыя мерапрыемствы, якія прымаюцца цяпер для таго, каб улічваць лінію фронту, магчыма, яе змяненне ў кірунку руху ворага і, у прынцыпе, яго прыярытэты на лініі фронту. Таму, вядома, на чарзе гэта — пабудова фартыфікацыйных збудаванняў, гэта — кругавая абарона горада Балаклея і горада Ізюм», — распавёў Сінегубаў.

* * *

Спыненне транзіту расійскага газу праз Украіну — адна з самых вялікіх паразаў Масквы, мяркуе ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

«Калі Пуціну падарылі ўладу ў Расіі больш за 25 гадоў таму, штогадовая прапампоўка газу праз тэрыторыю Украіны ў Еўропу складала 130+ мільярдаў кубоў. Сёння транзіт расійскага газу — 0. Гэта адна з самых вялікіх паразаў Масквы», — падкрэсліў Зяленскі.

Ён растлумачыў, што Расія ператварыла энерганосьбіты ў зброю і выкарыстала ў сваіх мэтах цынічны энергетычны шантаж. Але цяпер большасць краін Еўропы паспяхова адаптаваліся да зменаў, звязаных з энергетычнай трансфармацыяй.

У той жа час, паводле яго слоў, важна супрацьстаяць ціску некаторых еўрапейскіх палітыкаў, якія, замест празрыстай энергетычнай палітыкі працягваюць выбіраць супрацоўніцтва з мафіёзнымі схемамі Масквы.