177-ы дзень вайны. Што здарылася за ноч?

Ранішнія абстрэлы па ўсёй Украіне, у Харкаве — загінула жанчына

Харкаў пасля абстрэлу, фота ДСНС

Харкаў пасля абстрэлу, фота ДСНС

У Харкаве ў выніку ранішняга абстрэлу разбураны будынак адной з вышэйшых навучальных устаноў, будынак цывільнага прадпрыемства, пашкоджаны два прыватных дамы. Загінула жанчына, што была ахоўніцай у ВНУ. Пра гэта паведаміў старшыня АВА Алег Сінягубаў.

Мэр Краматорска Аляксандр Ганчарэнка таксама паведаміў, што ў выніку расійскага абстрэлу была пашкоджаная навучальная ўстанова, людзі не пацярпелі.

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі пяцёра мірных жыхароў — двое ў Аўдзееўцы, па адным у Дружбе, Зеленаполлі і Першамайскім. Яшчэ дзесяць чалавек параненыя.

У Днепрапятроўскай вобласці ноччу расіяне абстралялі тры раёны. Адзін чалавек загінуў, паранена 12-гадовае дзіця

У Мікалаеве ўначы расіяне паўторна абстралялі Чарнаморскі нацыянальны ўніверсітэт імя Пятра Магілы двума ракетамі С-300.

 * * *

Брытанская выведка адзначае, што расійскія сілы адносна лёгка ўтрымліваюць Харкаўскі сектар, але працягваюць праводзіць лакальныя атакі супраць украінскіх сіл. Верагодна, яны спрабуюць прымусіць Украіну пакінуць значныя сілы на гэтым фронце, каб не дапусціць іх выкарыстання для контрудару ў іншым месцы. 

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што Мінабароны РФ, падобна, стварае інфармацыйныя ўмовы, каб абвінаваціць украінскія сілы ў будучых аперацыях на Запарожскай АЭС.

Таксама аналітыкі заўважылі, што 18 жніўня — упершыню з 6 ліпеня — не было заяўлена аб расійскіх тэрытарыяльных дасягненнях ва Украіне. Аднак рускія войскі праводзілі наземныя наступы на ўсходнім напрамку, хоць і беспаспяхова. У прыватнасці, рускія рабілі штурмы на поўдзень ад Северску і на паўночны ўсход і поўдзень ад Бахмута. Таксама яны працягвалі весці наступальныя дзеянні на поўнач, захад і паўднёвы захад ад Данецка і ажыццявілі няўдалы наземны штурм на запарожскім кірунку.

Украінскія войскі паспяхова адбіваць штурмы. Таксама цяпер ідуць баі ў кірунках Пакроўскае—Бахмутскае і Лазавое—Першамайскае. Пра гэта паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.

 * * *

Bloomberg са спасылкай на прэзідэнта Інданэзіі Джок Відода піша, што Пуцін асабіста прыедзе на Балі на саміт G20 у лістападзе.

 * * *

Падаляк у інтэрв'ю 24 каналу анасаваў далейшае знішчэнне ваенных аб'ектаў у Крыме: "Мы будзем прасіць сонца, вецер, ваду і нават тытунёвыя вырабы, каб яны эфектыўна адпрацоўвалі па складах з боепрыпасамі. З іншага боку, мы і ў далейшым будзем настойваць, каб Расія добраахвотна дэмантавала ўсе незаконныя базы і масты, якія за восем гадоў зрабілі ў Крыме".

 * * *

У Крыме працягваюцца выбухі на вайсковых аб'ектах. Пра іх паведамляюць у Керчы і Севастопалі. Рускія імкнуцца заспакоіць жыхароў і называюць выбухі “хлапкамі”. Пра выбухі ў Керчы крымскія "ўлады" заявілі, што спрацавалі сістэмы СПА, "па папярэдняй інфармацыі, небяспекі няма". Расійскі кіраўнік Севастопаля Міхаіл Разважаеў заявіў, што ў раёне аэрапорта Бельбек сродкамі СПА быў збіты беспілотнік, "ніякіх пашкоджанняў няма, ніхто не пацярпеў".

 * * *

Зяленскі паведаміў у вячэрнім відэазвароце, што заклікаў Гутэрыша прымяніць усе магчымасці ААН, каб забяспечыць выкананне Расіяй нормаў міжнароднага права ў дачыненні да палонных: "І мы абмеркавалі кірунак місіі па ўстанаўленні фактаў у Аленаўцы. Поўная праўда пра гэта расійскім тэракце павінна быць і будзе ўсталяваная".

У вячэрнім відэазвароце Зяленскі таксама заявіў, што няма ніякіх аб'ектыўных перашкод, каб місія МАГАТЭ трапіла на Запарожскую АЭС: "Сёння са спадаром Гутэрышам абмеркавалі параметры гэтай місіі і тое, што яна можа вельмі хутка і цалкам бяспечна патрапіць на станцыю легальным спосабам праз свабодную тэрыторыю нашай дзяржавы. І толькі так. Той, хто зладзіў ядзерны шантаж, дакладна не можа быць "транспарцёрам" любых такіх місій. Расія павінна неадкладна і безумоўна дапусціць прадстаўнікоў МАГАТЭ на станцыю і гэтак жа неадкладна і безумоўна вывесці свае войскі з тэрыторыі станцыі. Свет мае сілу, каб гэта забяспечыць. Калі ж не забяспечыць, то гэта азначае, што можна проста выкінуць на памыйніцу ўвесь корпус міжнародных дакументаў па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы. Расія знішчае гэты міжнародны парадак".