199-ты дзень вайны. Наступ УСУ і парада Прылепіна рускім «не чытаць сёння навін»
Генштаб Украіны заявіў, што армія працягвае «вызваляць населеныя пункты на Харкаўшчыне і ў Паўднёвым напрамку».
У заяве ўкраінскага Генштаба канкрэтныя населеныя пункты не згадваюцца, але гаворыцца, што «контрнаступ ідзе поўным ходам».
«Поўны пералік дэакупаваных гарадоў і вёсак будзе абвешчаны пазней з меркаванняў бяспекі. Вораг працягвае канцэнтраваць намаганні для поўнага захопу Данецкай вобласці. Баявыя падраздзяленні ўмацоўваюцца папаўненнем. Такая ж сітуацыя ў Херсоне. Калі рашысты не здолелі перамагчы, кінуўшы ў бой усе свае войскі і лепшыя падраздзяленні, то з неабстралянымі навабранцамі дакладна будуць толькі «гераічна» адступаць!» — гаворыцца ў заяве ўкраінскага Генштаба.
Між тым расійскі публіцыст і палітык, гарачы прыхільнік «рускага свету» Захар Прылепін параіў расіянам папросту не чытаць сёння навінаў.
Непацверджаныя навіны і сапраўды ўражваюць. З’явіліся паведамленні, што УСУ ўжо ў Крэмянной (так пішуць у прарасійскіх пабліках), рускія адыходзяць з-пад Чырвонага Лімана, пакінулі Валчанск. Публікуюцца фотаздымкі з Ізюма Харкаўскай вобласці і Севераданецка. Магчыма, украінцы нават увайшлі на тэрыторыю Данецкага аэрапорта.
Намеснік міністра абароны Украіны Ганна Малярзаклікала не распаўсюджваць неправераную інфармацыю аб вызваленні ўкраінскіх населеных пунктаў: «На жаль, цяпер распаўсюджваецца шмат інфармацыі аб нібыта вызваленых населеных пунктах, якая не адпавядае рэчаіснасці. Сярод так бы мовіць «вызваленых» у вашых пастах сустракаюцца населеныя пункты, толькі часткова кантраляваныя УСУ — і там працягваюцца баі, а ёсць нават такія, вызвалення якіх няма ў планах на бліжэйшыя дні».
Маляр падкрэсліла, што калі падраздзяленні УСУ фізічна зайшлі ў які-небудзь населены пункт, гэта яшчэ не азначае аўтаматычна, што ён знаходзіцца пад кантролем Украіны. Намеснік міністра прывяла ў прыклад Балаклею: паведамленні аб уваходзе ўкраінскіх войскаў з'явіліся некалькі дзён таму, але канчаткова горад перайшоў пад кантроль Украіны толькі сёння.
Што вядома на гэты момант?
21.00. У ваколіцах горада Ліман Данецкай вобласці працягваюцца баявыя дзеянні. Пра гэта паведаміў мэр лімана Аляксандр Жураўлёў у каментары «Суспільне»: «Расійскія вайскоўцы яшчэ ўпіраюцца. Сцяга пакуль нашага няма. Трэба трохі пачакаць.
Нагадаем, Ліман быў акупаваны войскамі РФ у канцы траўня.
Украінская выведка затрымала начальніка акупацыйнай «паліцыі» Балаклеі. Раней гэты чалавек быў адным з кіраўнікоў балаклейскай паліцыі, а калі прыйшлі рускія войскі — добраахвотна пагадзіўся з імі супрацоўнічаць, за што атрымаў пасаду кіраўніка акупацыйнага ўчастка. Пасля таго, як УСУ выбілі з горада расіян, гэты «начальнік» спрабаваў збегчы ў «ЛНР», але не паспеў — яго затрымалі ў Купянску.
Мэр Харкава Ігар Церахаў паведаміў пра абстрэл рускімі Халаднагорскага раёна горада, у выніку якога адзін чалавек загінуў, двое параненыя. Пашкоджаны жылыя дамы і адміністрацыйна-вытворчае памяшканне.
Ноччу над Крамянной Луганскай вобласці партызаны ўзнялі ўкраінскі сцяг. Тым часам расіяне і калабаранты масава бягуць з Луганшчыны. Пра гэта паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай.
18:20. На ўскраінах Лімана ідуць баі, паведаміў «Суспільне» мэр горада Аляксандр Жураўлёў: «Расійскія вайскоўцы яшчэ ўпіраюцца. Сцяга пакуль нашага няма. Трэба трохі пачакаць».
18:00. Акупацыйныя «ўлады» Валчанска Харкаўскай вобласці заявілі, што войскі РФ пакідаюць горад. Як паведаміў дэпутат «Адзінай Расіі» Яўген Еўтушэнка, адміністрацыю горада перанясуць у Белгарад «да стабілізацыі сітуацыі».
17: 40. Губернатар Белгарадскай вобласці РФ Вячаслаў Гладкоў заявіў аб складанай сітуацыі з уцекачамі на мяжы з Украінай. Ён пацвердзіў, што ля прапускнога пункта ў вёсцы Лагачоўка сабралася вялікая колькасць аўтамабіляў, але запэўніў, што разгорнутыя мабільныя пункты харчавання, арганізаваная дастаўка ежы і вады, пункты абагравання. Усіх жадаючых абяцаюць даставіць у пункт часовага размяшчэння грамадзян.
Мінабароны РФ заявіла, што «для дасягнення заяўленых мэтаў па вызваленні Данбаса прынята рашэнне перагрупаваць расійскія войскі, якія знаходзяцца ў раёнах Балаклеі і Ізюма, для нарошчвання намаганняў на Данецкім кірунку». Таксама ў ведамстве распавялі, што праведзены «шэраг адцягваючых і дэманстрацыйных мерапрыемстваў з пазначэннем рэальных дзеянняў войскаў».
17.00. Украінскія вайскоўцы падышлі да наваколляў Лісічанска, паведаміў кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай.
Ва Украіну з візітам наведалася кіраўнік МЗС Германіі Аналена Бербок. Яна прыехала ў Вялікую Дымерку пад Кіевам і паабяцала Украіне далейшую дапамогу з размініраваннем: «Тое, што я тут бачу, — больш чым жудасна. Відавочна, што тут спецыяльна закладвалі не толькі супрацьтанкавыя, але і супрацьпяхотныя міны».