238-мы дзень вайны. Расія працягвае абстрэлы Украіны, але рыхтуецца да ўцёкаў

Расія працягвае наносіць удары па ўкраінскай інфраструктуры. Але гэтыя ўдары ніяк не дапамагаюць ёй на полі бою.

ap22286573349490.webp


Уначы ўдар прыйшоўся па аб'ектах энергетычнай інфраструктуры ў Крыварожскім раёне, без святла і вады аказаліся частка горада і суседнія вёскі. «Праз траплянне падчас апошняй паветранай трывогі без электраэнергіі шмат населеных пунктаў раёна і мікрараён Інгулец у Крывым Рогу», — паведаміла адміністрацыя горада.

«Калі да раніцы ліквідаваць аварыю не атрымаецца, то на Інгульцы будзе арганізаваны падвоз вады. Будзем спрабаваць задзейнічаць альтэрнатыўныя схемы электрасілкавання», — заявілі ўкраінскія ўлады.

Паведамляецца, што горад быў атакаваны ракетамі Х-101 з Валгадонскага раёна.

Па Нікапальскімраёне акупанты білі «Градамі», «Ураганамі» і цяжкай артылерыяй. Пад ударам былі Марганецкая і Краснагрыгор'еўская абшчыны. Людзей не закранула, пашкоджаны жылыя дамы.

Ноччу 19 кастрычніка УСУ збілі 12 дронаў-камікадзэ «Shahed-136» у Мікалаеўскай вобласці. Таксама ракетамі С-300 былі атакаваны аб'екты крытычнай інфраструктуры ў адным з населеных пунктаў Запарожскага раёна.

На працягу сутак Расія нанесла 10 ракетных і 18 авіяцыйных удараў, здзейсніла больш за 76 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню.

За мінулыя суткі ўкраінская авіяцыя нанесла 24 удары. Пацверджана паражэнне 16 раёнаў засяроджвання ўзбраення і ваеннай тэхнікі акупантаў, апорнага пункта, а таксама васьмі пазіцый зенітных ракетных комплексаў.

Падраздзяленні СПА збілі пяць крылатых ракет і самалёт Су-25.

«Беларусь і ў далейшым падтрымлівае ўзброеную агрэсію РФ супраць Украіны, захоўваецца пагроза нанясення ракетных і авіяўдараў, а таксама запуску ударных БЛА «Shahed-136» з яе тэрыторыі», — адзначаецца ў зводцы ўкраінскага Генштаба.

Даследчыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) у сваім чарговым штодзённым аглядзе адзначаюць, што мэта ўдараў Расіі — дэмаралізаваць грамадзянскае насельніцтва, «якая наўрад ці будзе дасягнута».

Расійскія войскі правялі абмежаваную наступальную аперацыю на поўначы Харкаўскай вобласці ў спробе адваяваць страчаныя пазіцыі. Гэта паказвае, што ў расійцаў захоўваюцца намеры па захопе тэрыторый у гэтым рэгіёне, нягледзячы на маштабныя страты ў ходзе нядаўніх украінскіх контрнаступленняў. «Улічваючы, што бягучыя здольнасці расійцаў да наступальных дзеянняў няўхільна пагаршаюцца, вельмі малаверагодна, што ў расійскіх войскаў у гэтым рэгіёне атрымаецца дамагчыся якога б там ні было поспеху», — адзначаюць эксперты.

«Беларусь працягвае прадастаўляць расійскім войскам сваю тэрыторыю і паветраную прастору, падтрымліваючы такім чынам расійскае ўварванне ва Украіну. Аднак магчымасць яе непасрэднага ўступлення ў вайну на баку Расіі па-ранейшаму застаецца вельмі малаверагоднай», — пішуць у аглядзе ISW.

Мінабароны РФ пацвердзіла, што мабілізацыя жыхароў Маскоўскай вобласці завяршылася 17 кастрычніка, але расійскае насельніцтва працягвае выказваць незадаволенасць яе правядзеннем. «Нераўнамерны характар частковай мабілізацыі выклікае разломы ў расійскім грамадстве, што падахвочвае расійскую інфапрастору яшчэ больш маргіналізаваць этнічныя меншасці. Віна за перастрэлку на палігоне ў Белгародскай вобласці, ахвярамі якой сталі больш за дзясятак чалавек, была ўскладзена на двух расійскіх грамадзян родам з Таджыкістана, прымусова мабілізаваных. Расійскае медыяасяроддзе адрэагавала на гэта атрутна ксенафобскай рыторыкай у дачыненні да мігрантаў з Цэнтральнай Азіі і іншых перыферыйных сацыяльных груп. Загучалі заклікі да міграцыйнай рэформы…  яны адлюстроўваюць тую ролю, якую грае частковая мабілізацыя ў якасці каталізатара этнічных разладаў, расізму і ксенафобіі ўнутры расійскага грамадства».

Штодзённая зводка брытанскай выведкі ў сераду прысвечана праблемам, звязаным з камандаваннем расійскай арміі.

Да канца восьмага месяца вайны асноўныя часткі ваеннага кіраўніцтва Расіі ўсё менш паспяхова спраўляюцца са сваімі функцыямі. На тактычным узроўні, верагодна, вастрэй адчуваецца недахоп здольных малодшых афіцэраў для арганізацыі і кіраўніцтва нядаўна мабілізаванымі вайскоўцамі.

Мяркуючы па сведчаннях відавочцаў, стральба на палігоне ў Белгародскай вобласці 15 кастрычніка магла адбыцца пасля абразлівых каментароў аднаго з афіцэраў у адрас навабранцаў з ліку этнічных меншасцяў. Дрэннае камандаванне на ўзроўні малодшых афіцэраў, верагодна, пагаршае і без таго благі маральны стан і згуртаванасць падраздзяленняў у многіх частках расійскіх сіл.

Чатыры з пяці генералаў, якія ажыццяўлялі аператыўнае камандаванне на розных этапах уварвання ў лютым 2022 года, да цяперашняга моманту звольненыя. Іх замены пакуль мала што змянілі для паляпшэння баявых характарыстык расійскіх узброеных сіл. Адсутнасць пераемнасці ў камандаванні, верагодна, будзе больш разбуральнай, чым магло б быць у іншых краінах, паколькі, згодна з расійскай ваеннай дактрынай, распрацоўка планаў у асноўным ажыццяўляецца асабіста камандуючым.

Адразу некалькі расійскіх «ваенкараў» і франтавых блогераў адзін за адным дзеляцца «трывожнымі» назіраннямі, па якіх можна меркаваць, што ў Крамлі можа разглядацца рашэнне аб пакіданні Херсона.

«Бліжэйшыя дні сітуацыя можа мяняцца, у тым ліку ў горшы бок. І навіны будуць адпаведныя», — піша франтавы блогер «Трынаццаты», расійскі нацыяналіст, які ваюе пад Херсонам.

Ëн дадае: «І ўсё гэта я зразумеў, яшчэ калі два тыдні таму стуль вывозілі дзяцей у Расію. У санаторыі і г.д. Там усе пра ўсё ў курсе былі і да гэтага ішло. Лініі абароны на мяжы з Крымам рыхтавалі яшчэ паўтара месяцы таму. Да гэтага давялі папярэднія кіраўнікі, якія дазволілі перабіць усё забеспячэнне групоўкі. Гэта вынік бесталковага камандавання», — вінаваціць ён былое камандаванне.

«Калі інфармацыя пра нейкую новую «перагрупоўку», якая глуха даносіцца з Мск, адпавядае рэчаіснасці, мне проста цікава, як гэта пададуць», — піша блогер Анатоль Шарый.

Кіраўнік створанай расійскімі акупантамі адміністрацыі Херсонскай вобласці Уладзімір Сальда абвясціў аб эвакуацыі насельніцтва з раёнаў на правым беразе Дняпра. Па словах Сальды, гэта рашэнне звязана з меркаваным «шырокамаштабным наступленнем» УСУ.

Паводле Карэспандэнт, ВВС, «Наша Н*ва»