252-гі дзень вайны. Атакі вытрымліваюцца, расійцы працягваюць бегчы з Херсоншчыны
За мінулыя суткі Узброеныя сілы Украіны адбілі атакі каля 12 населеных пунктаў у Данецкай і Луганскай абласцях. Расійцы працягваюць спробы наступу на Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім напрамках, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 2 лістапада.
Як піша Генштаб УСУ, за мінулыя суткі праціўнік нанёс сем ракетных і 47 авіяцыйных удараў, здзейсніў больш за 90 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Варожым ударам падвергліся раёны больш за 25 населеных пунктаў. Сярод іх — Краматорск, Мікалаеў, Палтава.
Уначы расіяне атакавалі Днепрапятроўшчыну. Вораг накрыў агнём Нікапаль. На працягу некалькіх гадзін вайскоўцы з паветранага камандавання «Усход» знішчылі над вобласцю шэсць варожых дронаў-камікадзэ «Shahed-136».
Увогуле ў ноч з 1 на 2 лістапада супрацьпаветраная абарона УСУ збіла 12 з 13 запушчаных дронаў ва ўсходніх і цэнтральных абласцях дзяржавы.
Генштаб УСУ ў зводцы на раніцу таксама піша, што расійцы працягваюць вывозіць мірных жыхароў з заходніх раёнаў Херсонскай вобласці і з левага берага Дняпра. «Працягваецца прымусовая так званая «эвакуацыя» грамадзянскага насельніцтва з населеных пунктаў на часова захопленых тэрыторыях Херсонскай вобласці. У прыватнасці, з населенага пункта Вялікая Лепяціха акупанты вывозяць людзей аўтобусамі. Выезд прыватным транспартам забаронены», — сцвярджае ўкраінскі генштаб.
Вёска Вялікая Лепяціха знаходзіцца на левым беразе Дняпра (Кахоўскага вадасховішча) насупраць вёскі Дудчаны, узятай украінцамі ў ходзе кастрычніцкага наступу.
Акрамя таго, расійцы вывозяць архіўныя дакументы з адміністрацыйных устаноў у Херсоне.
Істотных змен лініі фронту, калі верыць зводцы, за апошнія суткі не адбылося.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у зводцы-аналізе пераказвае паведамленні з украінскіх і амерыканскіх крыніц аб тым, што іранцы збіраюцца паставіць Расіі новыя партыі дронаў, а таксама балістычныя ракеты, і выказвае здагадку, што гэта вядзе да росту залежнасці Расіі ад іранскай зброі.
«Расія, хутчэй за ўсё, дамовілася аб дадатковых пастаўках іранскай зброі праз зыход яе ўласных запасаў крылатых ракет і дронаў падчас вайны ва Украіне, асабліва за час расійскай кампаніі супраць украінскай крытычна важнай інфраструктуры [...] Расія, верагодна, працягне наносіць удары дронамі і ракетамі па крытычна важнай інфраструктуры, спрабуючы кампенсаваць правалы яе канвенцыйных сіл на фронце», — пішуць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны.
Паводле ВВС, Карэспандэнт, РБК-Украіна