287 дзень вайны. Украіна маўчыць пра чарговы контрнаступ?

Згодна зводцы Генштабу УСУ, украінскія войскі працягваюць абараняцца на Данеччыне, але нічога не сказана пра поспехі на Херсонскім напрамку. Некаторыя змены ў лініі фронту заўважыў амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

2775578152874990602292203402396800350524404n.webp


У ранішняй зводцы Генштаб Узброеных сіл Украіны зазначыў, што УСУ абараняюцца на Ліманскім, Бахмуцкім і Аўдзееўскім напрамках: вораг засяроджвае намаганні на вядзенне наступальных дзеянняў. У іншых кірунках спрабуе ўтрымаць часова захопленыя тэрыторыі, засяроджвае намаганні на стрымліванні дзеянняў падраздзяленняў сіл абароны Украіны.

Праціўнік нанёс 10 ракетных і 33 авіяцыйных удараў, здзейсніў 75 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Ад расійскіх ракет пацярпелі жылыя дамы і іншыя грамадзянскія аб'екты гарадоў Краматорск, Крывы Рог і сяло Стэпавае Запарожскай вобласці.

Удар па Крывым Рогу быў ажыццеўлены балістычнымі ракетамі, таксама расійскія войскі спрабавалі атакаваць вобласць дронамі-камікадзэ.

Старшыня Днепрапятроўскага абласнога савета Мікалай Лукашук паведаміў, што Расія накіравала на аб'екты ў вобласці ўдарныя дроны і папрасіў захоўваць спакой і інфармацыйную цішыню. Кіраўнік Крывога Рога Аляксандр Вілкул паведаміў, што расійцы абстралялі адзін з аб'ектаў прамысловай інфраструктуры Крывога Рога балістычнымі ракетамі. Паводле яго слоў, на аб'екце ёсць вельмі значныя разбурэнні.

У ноч на 7 снежня расійцы абстралялі Запарожскую вобласць ракетамі С-300 і ўжылі ўдарныя беспілотнікі. У выніку былі пашкоджаныя прыватныя дамы, паведаміў кіраўнік Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Старух.

У адной з вёсак разбураныя 2 дома, яшчэ 8 атрымалі пашкоджанні, раненні атрымалі тры чалавекі, сярод якіх — 15-гадовы падлетак.

Яшчэ ў адным сяле Запарожскага раёна ў выніку выбуху ракеты разбураны адзін дом. Пашкоджанні атрымалі яшчэ 10 прыватных домаўладанняў. У гэтым выпадку сярод мірных жыхароў ніхто не пацярпеў.

У Краматорскім раёне на Данеччыне тры варожыя ракеты трапілі ў школу ў Малатаранаўцы, дзе быў размешчаны «Пункт нязломнасці» для мясцовых жыхароў. Начальнік Краматорскай гарадской вайсковай адміністрацыі Аляксандр Ганчарэнка адзначыў, што абышлося без пацярпелых.

Пагроза варожых ракетных удараў па аб'ектах энергетычнай сістэмы і крытычнай інфраструктуры на ўсёй тэрыторыі Украіны захоўваецца і ў далейшым.

Генштаб УСУ адзначае, што на Валынскім і Палескім напрамках абстаноўка «без істотных змен, прыкмет фарміравання наступальных груповак праціўніка не выяўлена». Але на палігонах Рэспублікі Беларусь адбываецца падрыхтоўка варожых падраздзяленняў. Гэтая краіна працягвае падтрымліваць узброеную агрэсію РФ супраць Украіны, падаючы тэрыторыю і паветраную прастору для нанясення ракетных і авіяцыйных удараў.

«Расце незадаволенасць дзейнасцю ваенна-палітычнага кіраўніцтва Беларусі сярод вайскоўцаў памежнай службы і Узброеных Сіл гэтай краіны праз пагрозу ўцягвання Рэспублікі ў вайну з Украінай», — лічаць у Генштабе УСУ.

У Курску і Курскай вобласці ў Расійскай Федэрацыі пачалі распаўсюджвацца чуткі аб магчымым наступе ўкраінскіх войскаў. Паніку выклікалі сур'ёзныя страты сярод мабілізаваных з гэтага рэгіёну. Ліквідацыю мабілізаваных акупантаў пацвярджаюць мясцовыя сродкі масавай інфармацыі.

«У сувязі з гэтым падтрымка ваенных дзеянняў ва Украіне сярод маладога насельніцтва значна ўпала… У сеціве паніка працягваецца ўжо больш за месяц — расійцы здзіўляюцца, чаму ім абяцалі “узяць Кіеў за тры дні”, а цяпер Белгарадская і Курская вобласці вымушаныя рыхтавацца да абароны», — піша Генштаб УСУ.

У сваёй чарговай зводцы аб сітуацыі на фронце амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) заключае, што Узброеныя сілы Украіны здолелі вызваліць некалькі населеных пунктаў у невялікай частцы Харкаўскай вобласці, якая застаецца пад кантролем арміі РФ. Тым часам расійскія вайскоўцы, паводле ацэнак ISW, дасягнулі некаторых не надта значных поспехаў каля Бахмута, але пакуль не змаглі рэалізаваць сваю асноўную задачу па атачэнні горада.

Амерыканскія эксперты пішуць аб баях пад горадам Сватава ў Луганскай вобласці, у кірунку якога надыходзіць украінская армія. Гэты важны транспартны вузел стаў адной з галоўных мэтаў ВСУ пасля вызвалення Харкаўскай вобласці.

Са спасылкай на дадзеныя ўкраінскага Генштаба ISW паведамляе, што расійскія вайскоўцы абстрэльвалі ўкраінскія пазіцыі каля трох населеных пунктаў прыкладна ў 50 км ад Сватава і ў 15 км ад міжнароднай мяжы, што сведчыць аб некаторым прасоўванні ўкраінскай арміі.

Міністэрства абароны Расіі таксама міжволі прызнала, што ўкраінскія вайскоўцы ўзялі пад кантроль вёску Кіслаўка (размешчанае ў 25 км ад Сватава), паколькі абвясціла, што ў ім быў абстраляны камандны пункт УСУ.

Таксама ISW канстатуе, што Крэмль прама абверг чуткі пра пачатак другой хвалі мабілізацыі, каб паспрабаваць справіцца з ростам у грамадстве хваляй незадаволенасці прызывам у войска. «Аднак ёсць некалькі індыкатараў на карысць таго, што Расія ўсё ж мае намер правесці другую хвалю мабілізацыі», - паведамляе амерыканскі інстытут.

Былы міністр абароны самаабвешчанай ДНР Ігар Гіркін (таксама вядомы як Стралкоў) вярнуўся ў Тэлеграм пасля амаль двухмесячнай адсутнасці, звязанай са знаходжаннем ва Украіне. У сваіх першых пасадах ён абрынуўся з рэзкай крытыкай на кіраўніцтва ўзброенымі сіламі.

Па ўсёй верагоднасці, расійскае кіраўніцтва праводзіць інфармацыйную аперацыю, спрабуючы пераканаць насельніцтва ў бяспецы Керчанскага моста, які нядаўна быў пашкоджаны ў выніку выбуху.

Паводле ВВС; Карэспандэнт; Obozrevatel