308-мы дзень вайны. Расія абстрэльвае грамадзянскіх у той час, калі снарадаў не хапае на фронце

У расійскім войску складаецца парадаксальная сітуацыя. З аднаго боку, працягваюцца абстрэлы грамадзянскай інфраструктуры Украіны. А з іншага, ПВК «Вагнер» злуецца на вайсковае кіраўніцтва, бо тое не дае ім снарадаў, каб ваяваць на фронце.

_128050392_temple_getty.jpg.webp


Згодна са зводкамі ўкраінскага Генштаба, 27 снежня расійскія войскі нанеслі ўдары па трох памежных абшчынах Сумскай вобласці. На мяжы Сярэдзіна-Будскай абшчыны праціўнік ужыў стралковую зброю, па Шалыгінскай вораг вёў мінамётны абстрэл, Эсманьскую расійцы абстралялі з артылерыі. Адзін са снарадаў разбурыў дом мясцовых жыхароў, людзі паспелі схавацца ў сховішча.

За мінулыя суткі праціўнік нанёс ракетны ўдар і здзейсніў 33 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню, у прыватнасці, па грамадзянскіх аб'ектах горада Херсон. Снарады патрапілі ў радзільнае аддзяленне адной з бальніц.

У той жа час найміты ПВК «Вагнер», якія ўдзельнічаюць у штурме ўкраінскага Бахмута, выступілі з абразлівым зваротам у адрас кіраўніка расійскага Генштаба, абвінаваціўшы яго ў недастатковых пастаўках боепрыпасаў на перадавую. «Начальніку Генеральнага штаба! Ты п***р! У нас няма снарадаў, там хлопцы гінуць за нас, а мы тут сядзім, не дапамагаем», — гаворыцца ў відэазвароце.

Як зазначае ВВС, гэта далёка не першы публічны канфлікт паміж рознымі расійскімі сілавымі структурамі, якія ўдзельнічаюць ва ўварванні ва Украіну. Як правіла, яны супадаюць па часе з няўдачамі расійскіх войскаў.

Між тым у раёне Бахмута сапраўды склалася трывожная для расійскіх захопнікаў сітуацыя. Як адзначае амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW), расійскія сілы ў Бахмуце могуць набліжацца да кульмінацыі сваіх дзеянняў, як гэта адбылося ў Херсоне ў жніўні 2022 года. Баявыя страты, імаверна, вымушаюць расійскіх вайскоўцаў у раёне Бахмута выкарыстоўваць штурмавыя групы колькасцю да аддзялення.

Расійскія сілы аналагічным чынам вырадзіліся з ротных і батальённых тактычных груп у асобныя групы памерам з аддзяленне ў Херсонскай вобласці ў жніўні 2022 года.

Тэмпы прасоўвання расійскіх узброеных сіл у раёне Бахмута ў апошні час замарудзіліся з-за росту недахопу асабовага складу і боепрыпасаў, што, верагодна, перашкодзіць ім падтрымліваць высокія тэмпы наступальных аперацый у гэтым раёне ў найбліжэйшай будучыні. Выкарыстанне расійскімі ваеннымі груп памерам з аддзяленне, верагодна, з'яўляецца вынікам працяглай вайны на знясіленне і паказвае на дэградацыю больш буйных дактрынальных фарміраванняў вышэйшых за ўзровень узвода.

«Расійскія сілы працягвалі наносіць удары па ўкраінскіх аб'ектах, а менавіта па фабрыцы, прыватных і шматкватэрных дамах у Херсоне, нягледзячы на паведамленні аб недахопе боепрыпасаў на Данецкім кірунку. Расійскія сілы таксама абстралялі партовыя раёны ў Ачакаве і населеныя пункты на правым беразе Дняпра ў Херсонскай і Днепрапятроўскай абласцях.

Такім чынам, расійскія сілы, відаць, аддаюць прыярытэт вядзенню артылерыйскага агню па густанаселеных раёнах на поўдні Украіны і ўтрыманню стабілізаванай лініі фронту ўздоўж ракі Днепр, а не перакідцы боепрыпасаў у раёны Аўдзееўкі і Бахмута, якія, як паведамляецца, адчуваюць недахоп боепрыпасаў», — гаворыцца ў зводцы інстытута.

Таксама аналітыкі адзначаюць, што ўкраінскія сілы дамагліся вялікіх поспехаў у Харкаўскай вобласці і ў напрамку Сватава — Крамянная. Адзін вядомы расійскі блогер паведаміў, што ўкраінскія войскі ўзялі расійскі апорны пункт каля Чырвонапапоўкі (прыкладна за 5 км на паўночны захад ад Крамянной), дзе, па ацэнцы ISW, украінскія сілы, верагодна, прасоўваліся па меншай меры з 23 снежня.

Ускосна гэта пацвярджае і зводка Генштаба УСУ, у якой гаворыцца, што ўкраінскія ваенныя адбілі атакі акупантаў у раёнах населеных пунктаў Плашчанка і Чырвонапапоўка Луганскай вобласці, а таксама ля населеных пунктаў Спорнае, Якаўлеўка, Саледар, Бахмуцкае, Падгароднае, Бахмут, Андрэеўка, Кляшчэеўка, Аўдзееўка, Вадзяное, Мар'інка, Перамога і Залатая Ніва ў Данецкай вобласці.

Украінскія сілы, верагодна, дамагліся больш вялікіх поспехаў на паўночным усходзе Украіны, чым раней ацэньвала ISW. Кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў заявіў 27 снежня, што Харкаўская вобласць амаль вызвалена — расійскія войскі займаюць толькі 1,6% яе тэрыторыі.

Паводле ВВС; «Карэспандэнт», РБК-Україна, «Украінская праўда»