315-ты дзень вайны. Абстрэлы пераходзяць у Расію?
Украінскія ваенныя працягваюць знішчаць расійскіх акупантаў, прычым, выбухі ўсё часцей раздаюцца на тэрыторыі РФ. У той жа час сілы Расіі засяродзіліся толькі на адным напрамку.
Як паведамляе Генеральны штаб УСУ, 3 студзеня ўкраінскія вайскоўцы адбілі 10 атак ворага ў Луганскай і Данецкай абласцях. «Акупанты засяроджваюць намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Бахмуцкім і спрабуюць палепшыць тактычнае становішча падраздзяленняў сваіх войскаў на Купянскім, Ліманскім і Аўдзееўскім напрамках», — адзначылі ў Генштабе.
На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках абстаноўка — без істотных змен, вораг захоўвае ваенную прысутнасць у прыгранічных раёнах, прыкмет фарміравання яго наступальных груповак не выяўлена.
4 студзеня войскі РФ ударылі з цяжкай артылерыі па Нікапалі, паведаміў старшыня Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Валянцін Рэзнічэнка. У жылыя кварталы райцэнтра прыляцелі каля дзесяці варожых снарадаў, абышлося без пацярпелых.
У той жа час, па паведамленнях расійскіх тэлеграм-каналаў магутныя выбухі прагрымелі ў Курску, Растове-на-Доне, і ў Севастопалі, што знахобдзіцца ў часова акупаваным Расіяй Крыме.
Паводле інфармацыі мясцовых Telegram-каналаў, у Растове-на-Доне была абвешчаная паветраная трывога і спрацавала СПА. Раніцай у сераду, 4 студзеня, у акупаваным Севастопалі чулі гучныя выбухі ў раёнах Фруктовага і Салдацкага. Акупацыйныя ўлады пакуль не каментавалі сітуацыю.
Як сведчаць дадзеныя DeepState, на Бахмуцкім кірунку ў Данецкай вобласці войскі РФ працягваюць канцэнтраваць сілы для генеральнай атакі на Саледар. Сілы абароны Украіны адбіваюць штурмы расійскіх акупантаў на Бахмут. Сітуацыя на гэтым участку фронту застаецца напружанай. «У Бахмуце адна з груп праціўніка праваліла штурм у поўным складзе», — гаворыцца ў паведамленні.
У той жа час, як паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW), заснавальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын пачаў інфармацыйную кампанію, каб абвінаваціць у правалах Мінабароны РФ. У інтэрв'ю расійскім прапагандыстам Прыгожын заявіў, што наступальная аперацыя вельмі выматвальная, таму што кожны дом там — «крэпасць».
У ISW мяркуюць, што цяпер Прыгожын пачаў інфармацыйную кампанію, каб абвінаваціць у правалах Мінабароны РФ або расійскую прамысловую базу і зняць з сябе адказнасць за няздольнасць захапіць Бахмут. Гэта карэлюе з ранейшымі высновамі экспертаў, што штурмы «вагнераўцаў» пазіцый УСУ пад Бахмутам дасягнулі кульмінацыі.
Адначасова ISW адзначае, што сістэмныя збоі ў фарміраванні расійскіх войскаў працягваюць негатыўна адбівацца на ўзроўні падрыхтоўцы асабовага складу і наносяць шкоду аператыўным магчымасцям Расіі ва Украіне. У аўторак расійскія «ваенкоры» паведамілі, што нядаўна мабілізаваных вайскоўцаў, якія прайшлі падрыхтоўку ў якасці артылерыстаў і танкістаў, накіравалі ў пяхотныя злучэнні без фармальнай падрыхтоўкі.
Хоць падобная практыка не з'яўляецца нечым незвычайным, дзеянні расійскіх вайскоўцаў у дадзеным выпадку з'яўляюцца праблемай. Расійскія ўзброеныя сілы надавалі занадта мала часу падрыхтоўцы вайскоўцаў для выкарыстання ў родах войскаў, у якіх яны раней служылі, перш чым адправіць іх на перадавую. У іх таксама не было часу на навучанне па дадатковых спецыяльнасцях.
Змяшчэнне дрэнна навучаных артылерыстаў у пяхотныя падраздзяленні без належнай падрыхтоўкі робіць іх гарматным мясам, а дэградацыя кадравага патэнцыялу расійскіх войскаў, верагодна, яшчэ больш узмоцніць крытыку ў адрас ваеннага камандавання, заключае ISW.
Паводле Карэспандэнт; Галоўрэд; РБК-Україна; ВВС