370-ты дзень вайны. Украіне трэба больш зброі, у Белгарадзе дрон заляцеў у кватэру
Для дасягнення пералому ў вайне неабходна, каб партнёры больш інтэнсіўна пастаўлялі ўзбраенне для Узброеных сіл Украіны. Пра гэта распавёў кіраўнік украінскай выведкі Кірыл Буданаў у інтэрв'ю «Голасу Амерыкі».
«Не думаю, што скажу нешта новае для вас, гэта інтэнсіфікацыя паставак узбраення. Менавіта інтэнсіфікацыя. Таму што ўзбраенне ідзе, але тэмпы і аб'ёмы не з'яўляюцца дастатковымі для пералому. Па стане на цяпер. Гэта значыць трэба больш», — сказаў Кірыл Буданаў.
Ён адзначыў, што ў асноўным гаворыць аб узбраенні, якое ўжо пастаўляюць партнёры. Таксама Украіне небходная штурмавая авіяцыя.
«На маю думку, нам патрэбна штурмавая авіяцыя. F16 і таму падобныя платформы не з'яўляюцца штурмавой авіяцыяй. Штурмавая авіяцыя, у ЗША гэта, перш за ўсё, самалёты А10, Thunderbolt II. Гэтак жа гэта вайсковая авіяцыя, але гэта ударныя верталёты тыпу АН64 і гэтак далей. Гэта паветраныя платформы прызначаныя для нанясення ўдараў па зямлі», — дадаў Буданаў.
Раней кіраўнік украінскай выведкі заяўляў, што да канца лета 2023 года Узброеныя сілы Украіны выйдуць на межы 1991 года. Нядаўна ён пацвердзіў сваю ўпэўненасць, што цяпер ёсць усе шанцы для заканчэння вайны перамогай Украіны.
Акрамя таго, Буданаў выключае, што пасля дэакупацыі Крыма Расія наважыць ужыць ядзерную зброю.
А ўвогуле Расію сёлета чакае трансфер улады, казаў Буданаў у снежні. Таксама кіраўнік выведкі адзначаў, што Украіне неабходна мець пэўную форму кантролю над РФ у будучыні.
У апошнім інтэрв'ю ён адзначыў, што цяпер не бачыць прыкмет таго, што Кітай можа пагадзіцца перадаваць узбраенне Расіі.
УСУ за суткі адбілі больш за 60 нападаў акупантаў на пяці кірунках, паведаміў украінскі Генеральны штаб. Расійцы нанеслі 8 ракетных і 32 авіяцыйных удараў, здзейснілі 85 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню.
«Расійская Федэрацыя асноўныя намаганні засяроджвае на
вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім
і Шахцёрскім напрамках. За мінулыя суткі нашы воіны адбілі больш за 60 нападаў
праціўніка на названых напрамках», — гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба.
Самыя жорсткія баі па стане на раніцу 28 лютага ідуць на
Данбасе. Працягваюцца абстрэлы поўдня. За мінулыя суткі ўкраінскія вайскоўцы
знішчылі тры артустаноўкі і два «Грады», з якіх расійскія акупанты
абстрэльвалі Херсонскую вобласць.
Разам з тым авіяцыя УСУ ўчора нанесла чатыры ўдары па раёнах засяроджвання асабістага складу і ваеннай тэхнікі расійскіх войскаў, а падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі знішчылі пункт кіравання, пабілі адзін раён засяроджвання жывой сілы праціўніка і пазіцыю супрацьпаветранай абароны.
Расійцы працягваюць спробы захапіць Бахмут Данецкай вобласці — бадай, самы гарачы ўчастк фронту ў апошнія тыдні — але пакуль горад трымаецца. Як праінфармавалі ў Генштабе, на Бахмуцкім
кірунку сілы абароны адбілі атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў
Васюкоўка, Арэхава-Васільеўка, Бярхоўка, Ягаднае і ўласна Бахмут.
Ва ўчорашнім эфіры ў Марка Фейгіна былы дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч распавёў, што імавернае адступленне УСУ з Бахмута ніяк не паўплывае на агульную абстаноўку на фронце, бо галоўная мэта ўкраінскіх абаронцаў на гэтым участку — знясільваць праціўніка, наносячы яму велізарныя страты. Гэта, паводле слоў Арастовіча, украінскім вайскоўкам удаецца.
Тым часам у расійскім Белгарадзе БПЛА раптам заляцеў у акно шматкватэрнага дома. Усяго ў горадзе знайшлі абломкі трох беспілотнікаў.
Пра гэта паведаміў губернатар Белгарадскай вобласці Вячаслаў Гладкоў. «У Белгарадзе знойдзеныя абломкі адразу трох беспілотных лятальных апаратаў. Пацярпелых няма, але ёсць разбурэнні: дзесьці выбітыя вокны, дзесьці нязначна пашкоджаныя аўтамабілі. Спецслужбы ўжо займаюцца сітуацыяй», — адзначыў Гладкоў.
Мэр горада Валянцін Дзямідаў паведаміў, што ў
адным з раёнаў БПЛА заляцеў у акно кватэры. «Цяпер знаходжуся на месцы
здарэння на вуліцы Папова. Тут БПЛА заляцеў у акно кватэры. Людзей перавезлі ў
бяспечнае месца», — паведаміў ён.
Як вядома, расійскія акупанты абстрэльваюць Харкаў і вобласць з тэрыторыі Белгарадскай вобласці. Нядаўна стала вядома, што падчас чарговага абстрэлу толькі адна з 11 расійскіх ракет даляцела да тэрыторыі Украіны.
Улады Белгарадскай вобласці часта абвінавачваюць УСУ ў абстрэлах і паведамляюць пра «хлапкі».
Паводле матэрыялаў украінскіх медыя.