418-ты дзень на вайне. Украіна вярнула 2235 ваеннапалонных ад пачатку агрэсіі
Каб быць у курсе асноўных падзей з фронта — мы падрыхтавалі традыцыйны агляд самага галоўнага.
Украінскія вайскоўцы ўзялі ў палон 15 байцоў «штурмавых падраздзяленняў Z» пад Мар'інкай Данецкай вобласці, заявіў прадстаўнік Сіл абароны Таўрычнага кірунку Аляксей Дзмітрашкоўскі. Пра гэта, як піша «РБК-Украіна», ён паведаміў у эфіры ўкраінскага тэлемарафона.
Дзмітрашкоўскі сцвярджае, у "штурмавыя падразьдзяленні Z" уваходзяць "людзі з крымінальным мінулым". Паводле яго слоў, узятыя ў палон байцы расказалі, што "маюць дрэннае забеспячэнне і старую зброю".
У пачатку красавіка амерыканскі Інстытут вывучэння вайны паведаміў, спасылаючыся на непацверджаную інфармацыю, што ў складзе расійскага войска фармуюцца «штурмавыя роты Z», якія, як мяркуецца, будуць выкарыстоўвацца ў гарадскіх баях.
За мінулыя суткі Расія абстраляла 95 населеных пунктаў у сямі рэгіёнах на поўначы, усходзе і поўдні Украіны. Пацверджана паражэнне 63 аб'ектаў інфраструктуры, паведаміў медыяцэнтр Мінабароны Украіны.
Украіна не бачыла выкарыстання кітайскай зброі на фронце, заявіў сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў у інтэрв'ю ТСН. Словы Данілава прыводзіць «Украінская праўда».
«Мы на сённяшні дзень не бачым прыкмет наяўнасці на фронце зброі, якая была зроблена ў Кітаі. Калі б яно тут з'явілася. Кітайскага ўзбраення мы зараз на нашым фронце не бачым. Як толькі гэта адбудзецца, адразу паінфармуем грамадства і свет. Але, зыходзячы з глабальных пытанняў Кітая, мы не бачым сёння, для чаго ён павінен пастаўляць зброю Расійскай Федэрацыі», — сказаў Данілаў.
Сакратар РНБА Украіны зазначыў, што, калі на фронце з'явіліся іранскія ўдарныя беспілотнікі, украінскія ўлады адразу заявілі пра гэта.
The Washington Post раней паведаміў са спасылкай на дакументы Пентагона, якія трапілі ў сетку, што, на думку амерыканскай разведкі, Кітай пагадзіўся паставіць узбраенні расійскім ваенным.
З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Украіна вярнула 2235 ваеннапалонных, паведаміла намесніца міністра абароны Ганна Маляр. У выніку апошняга абмену палоннымі, які адбыўся напярэдадні, ва Украіну вярнуліся 130 вайскоўцаў.
Славакія перадала Украіне астатнія дзевяць знішчальнікаў МіГ-29, заявіў у фэйсбуку міністр абароны Славакіі Яраслаў Надзь. Паводле яго слоў, дзевяць самалётаў перакінулі ва Украіну па зямлі з захаваннем усіх мераў бяспекі.
Усяго Славакія перадала Украіне 13 самалётаў, першыя чатыры знішчальнікі ўкраінскія лётчыкі транспартавалі ў сакавіку. Славакія стала першай краінай, якая перадала Украіне знішчальнікі.
Ранішняя зводка Генштаба УСУ. Галоўнае
За мінулыя суткі Узброеныя сілы РФ нанеслі 25 ракетных удараў з комплексаў С-300, а таксама 42 авіяцыйныя ўдары. Таксама УС РФ 46 разоў ажыццявілі пускі з РСЗА.
УСУ адбілі больш за 60 атак расійскіх сіл. На Ліманскім напрамку — каля Грыгараўкі і Спорнага. На Бахмуцкім кірунку — у Бахмуце, у раёнах Хромава і Іваноўскага. На Аўдзееўскім напрамку — каля Новакалінавага, Паўночнага, Вадзянога, Першамайскага і Невельскага. На Мар'інскім напрамку — у раёне Мар'інкі.
Авіяцыя Украіны за суткі нанесла пяць удараў па раёнах засяроджання жывой сілы УС РФ, а ракетна-артылерыйскія падраздзяленні паразілі пункт кіравання, раён засяроджання жывой сілы, два склады боепрыпасаў і склад гаруча-змазачных матэрыялаў.