432-гі дзень на вайне. Папа Францішак рыхтуе мір, а расійцы ракетамі абстралялі жылыя дамы

Самыя галоўныя падзеі, што здарыліся да гэтай гадзіны — у нашым традыцыйным аглядзе.

Фота: Reuters

Фота: Reuters

Папа Рымскі Францішак заявіў журналістам, што Ватыкан удзельнічае ў сакрэтнай місіі па ўсталяванні міру ва Украіне. Ватыкан прымае ўдзел у міратворчай місіі, якая можа дапамагчы дабіцца спынення вайны ва Украіне, перадае «Reuters».
«Існуе місія, якая зараз працягваецца. Яна яшчэ не публічная. Калі яна стане публічнай, я ўсё раскажу», — сказаў ён.
Падрабязнасцей пантыфік не прывёў.
 Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) публікуе спецыяльны даклад аб кадравых зменах у кіраўніцтве расійскімі сіламі ва Украіне. Яго галоўная выснова: пастаяннае прызначэнне новых камандзіраў і спрэчкі паміж рознымі фракцыямі ў расійскім міністэрстве абароны падрываюць здольнасць арміі РФ эфектыўна дзейнічаць на полі бою.
У дакладзе падрабязна пералічваюцца ваенныя прызначэнні, якія рабілі кіраўніцтва Мінабароны і Крэмль за час поўнамаштабнага ўварвання. У тым ліку там гаворыцца аб тым, што прэзідэнт Уладзімір Пуцін спачатку не пажадаў прызначыць аднаго камандуючага расійскімі войскамі ва Украіне, затым прызначыў на гэту пасаду генерала Аляксандра Дворнікава, але потым звольніў яго ўсяго праз некалькі тыдняў, як пішуць эксперты — за няздольнасць захапіць Данбас да 9 траўня 2022 года.
 УСУ: па Украіне было выпушчана 18 ракет, 15 з іх збіты Расійскія вайскоўцы ў ноч на 1 траўня выпусцілі па тэрыторыі Украіны 18 крылатых ракет паветранага базіравання X-101/X-555. Аб гэтым заявіў галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны.
Паводле яго даных, ракеты запусцілі прыкладна ў 02:30 з самалётаў стратэгічнай авіяцыі: дзевяці Ту-95 з Аленягорскага раёна (Мурманская вобласць) і двух Ту-160 з раёна Каспійскага мора.
Залужны сцвярджае, што 15 ракет былі збіты.
У сваю чаргу ўлады Кіева паведамілі, што ўкраінскія сілы СПА збілі ўсе расійскія ракеты і беспілотнікі, якія ляцелі ў паветранай прасторы горада і вобласці. Ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва і разбурэнняў няма.
Расійскія войскі нанеслі ракетныя ўдары па Паўлаградзе. Кіраўнік Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі Сяргей Лысак паведаміў, што расійскія войскі атакавалі Паўлаградскі раён. Пацярпелі 25 чалавек, у тым ліку трое дзяцей.
Па словах Лысака, удар быў нанесены ракетамі, сем з якіх былі збіты.
Ён таксама паведаміў аб пашкоджанні прамысловага прадпрыемства, там адбыўся пажар. Аб якім менавіта прадпрыемстве ідзе размова, кіраўнік вобласці не ўдакладніў.
У жылым раёне горада пашкоджана 19 шматпавярховікаў, 25 прыватных дамоў, шэсць устаноў школьнай і дашкольнай адукацыі і пяць магазінаў.
 UPDATE:
Колькасць пацярпелых у выніку ўдару па Паўлаградзе павялічылася да 34 чалавек. Пра гэта распавёў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі Сяргей Лысак. Раней паведамлялася пра 25 пацярпелых.
«У людзей удары, пераломы, рэзаныя і ірваныя раны, кантузіі, атручэнні прадуктамі гарэння. Дзве жанчыны 45 і 55 гадоў у рэанімацыі».
Губернатар расійскай Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка паведаміў, што на тэрыторыі Сусанінскага паселішча падарвана лінія электраперадач. Паводле яго слоў, выбух адбыўся 1 траўня ў 0.01.
На другой ЛЭП знайшлі невядомы прадмет, які можа быць выбуховым прыстасаваннем.