439-ты дзень вайны: новыя святы ва Украіне, новыя ракеты і атакаваныя шматпавярхоўкі
Самае галоўнае, што адбылося на вайне да гэтай гадзіны — у традыцыйнай падборцы.
Ва Украіне 9 траўня будуць адзначаць «Дзень Еўропы», а 8 траўня — «Дзень памяці і перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне».
Пра гэта паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім відэазвароце. Ён падаў у Вярхоўную Раду законапраект, які ўсталюе 8 траўня "Днём памяці і перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне". Ён зазначыў, што перамогу над нацыстамі ў большасці краін свету адзначаюць 8 мая. Калі Рада падтрымае закон, то з наступнага года перамогу над нацысцкай Нямеччынай будуць адзначаць 8 траўня, як ва ўсіх краінах Еўропы.
А вось 9 траўня будуць святкаваць «Дзень Еўропы» — свята ў гонар дасягнення міру і адзінства.
Кіраўнік парламенцкай фракцыі «Слуга народа» Давід Арахамія заявіў, што Вярхоўная Рада збіраецца «ў паскораным рэжыме» прыняць прэзідэнцкі законапраект, у якім прапануецца ўсталяваць 8 траўня Днём памяці і перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне.
Войскі РФ у ноч на 8 мая зноў атакавалі тэрыторыю Украіны беспілотнікамі. Камандаванне Паветраных сіл УСУ паведаміла, што дроны «Шахед-136» былі запушчаныя з аэрадрома Сешча ў Бранскай вобласці. Іх мэтай былі аб'екты ў Кіеве і Кіеўскай вобласці. Усе 35 дронаў, заявілі у Паветраных сілах УСУ, былі збітыя.
У сваю чаргу ўлады Кіева паведамілі, што ў ноч на 8 траўня падчас нападу беспілотнікаў пацярпелі пяць чалавек, пашкоджаныя аўтамабілі і жылы дом у Святошынскім раёне. Верагодна, піша «Украінская праўда», пашкоджанні выкліканыя абломкам збітых дронаў.
Таксама позна ўвечары 7 траўня расейскія войскі нанеслі ракетны ўдар па Адэскай вобласці. Ракеты, па даных Паветраных сіл УСУ, былі запушчаныя з бамбавікоў далёкай авіяцыі Ту-22м3.
Аператыўнае камандаванне УСУ "Поўдзень" паведаміла, што ракеты патрапілі па складзе аднаго з харчовых прадпрыемстваў і па рэкрэацыйнай зоне на Чарнаморскім узбярэжжы, выклікаўшы пажар.
З-за пажару на складзе, паводле звестак на раніцу 8 мая, пацярпелі тры чалавекі, паведаміла Адэская раённая ваенная адміністрацыя. Адзін чалавек лічыцца зніклым без вестак. Пажар патушаны, выратавальныя працы працягваюцца.
Еўрасаюз прапанаваў увесці санкцыі супраць сямі кампаній з Кітая, якія падазраюць у тым, што яны прадавалі Расіі абсталяванне, якое можа быць выкарыстана ў ваенных мэтах, паведамляе Financial Times са спасылкай на крыніцы.
Некаторыя з гэтых кампаній ужо патрапілі пад санкцыі ЗША. Гэты крок Бруселя, верагодна, выкліча незадаволенасць Пекіна, піша FT. Да гэтага часу ЕС пазбягаў санкцый супраць Кітая, сцвярджаючы, што няма доказаў таго, што ён наўпрост пастаўляе зброю Маскве.
Супрацоўнікі ФСБ затрымалі ў Чэлябінскай вобласці трох грамадзян, якія спрабавалі здзейсніць дыверсію на перагоне чыгункі, паведамілі ТАСС у прэс-службе рэгіянальнага ўпраўлення расейскай спецслужбы.
Паводле інфармацыі Мінабароны Украіны, за мінулыя суткі расейскія войскі абстралялі тэрыторыю 10 абласцей Украіны. Пад абстрэл трапілі 127 населеных пунктаў, уражаны 139 аб'ектаў інфраструктуры.
Ранішняя зводка Генштаба ВСУ. Галоўнае
У ноч на 8 траўня Узброеныя сілы РФ атакавалі Украіну, ужыўшы іранскія ўдарныя дроны «Шахед». Усе 35 беспілотнікаў знішчаны.
За мінулыя суткі УС РФ нанеслі 16 ракетных удараў, у тым ліку па гарадах Харкаўскай, Херсонскай, Мікалаеўскай і Адэскай абласцей. Таксама расійскія сілы здзейснілі 61 авіяцыйны ўдар і 52 пускі з рэактыўных сістэм залпавага агню.
Расія засяродзіла асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках.
Працягваюцца цяжкія баі за Бахмут і Мар'інку. За мінулыя суткі УСУ адбілі 55 нападаў.
Расейскія сілы вывозяць «адміністрацыю», настаўнікаў, выхавацеляў і дзяцей з акупаванага Токмака Запарожскай вобласці ў напрамку Бердзянска. На АЗС назіраюцца чэргі. У населеным пункце Вясёлае Запарожскай вобласці закрыта расійскае аддзяленне паліцыі. У будынку напярэдадні знішчалі дакументы.
Авіяцыя УСУ за мінулыя суткі нанесла восем удараў па раёнах засяроджання асабовага складу і ваеннай тэхнікі, а падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі паразілі два пункты кіравання, два раёны засяроджання ўзбраення і ваеннай тэхнікі, а таксама тры склады боепрыпасаў.