456-ты дзень вайны: Украінскае контрнаступленне ідзе ўжо некалькі дзён?

Паветраныя сілы Украіны сцвярджаюць, што гэтай ноччу збілі ўсе 36 запушчаных Расіяй «Шахедаў».

Фота Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Фота Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Навіны вайны

Уначы расіяне выпусцілі па Украіне 36 ударных дронаў іранскай вытворчасці Shahed-136/131, усе яны былі знішчаныя, паведаміла камандаванне паветраных сіл Украіны. Верагодна, РФ мела на мэце атакаваць крытычную інфраструктуру і ваенныя аб'екты ў заходніх рэгіёнах краіны.

Уначы зноў быў атакаваны Кіеў з паветра, паводле папярэдніх звестак, дронамі Shahed. Атака была масіраваная, РФ працягвае выкарыстоўваць тактыку нападу ў некалькі хваляў, з інтэрваламі паміж групамі дронаў. Усе выяўленыя паветраныя мэты, якія рухаліся ў напрамку Кіева, былі знішчаны.

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua


Расіяне абстралялі Райгарадку ў Сватаўскім раёне Луганскай вобласці — загінулі два чалавекі, сярод іх 16-гадовы падлетак, паведаміў кіраўнік АВА Арцём Лысагор. Лёс яшчэ аднаго чалавека застаецца невядомым. Лысагор распавёў, што сяло Райгарадка знаходзіцца ў зоне актыўных баявых дзеянняў, аднак расіяне не даюць магчымасці мясцовым жыхарам з'ехаць. Такім чынам яны ствараюць перадавую лінію абароны ў выглядзе жывога шчыта, а ўжо за людзьмі ставяць «зубы дракона».

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінуў адзін мірны жыхар (у Часавым Яры), яшчэ шасцёра атрымалі раненні.

У Херсонскай вобласці чатыры чалавекі атрымалі раненні, па даных ОВА.

Ноччу расіяне нанеслі ракетны ўдар па вёсцы Цыркуны Харкаўскага раёна: ракета, папярэдне С-300, трапіла ў зямлю, людзі не пацярпелі, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў. Таксама на працягу сутак вораг абстрэльваў населеныя пункты Харкаўскага, Купянскага, Богадухаўскага і Чугуеўскага раёнаў.

Уначы ў Мікалаеўскай вобласці сіламі СПА знішчаныя тры варожыя ўдарныя БПЛА Shahed-131/136.

У Днястроўскім раёне Чарнавіцкай вобласці ў выніку падзення абломкаў БПЛА падчас начной атакі ўзнік пажар у гаражы, пашкоджаны тры жылыя дамы. Абломкамі пашкоджаныя дзве лініі электраперадач, цяпер адключана 140 абанентаў. Людзі не пацярпелі, паведаміў кіраўнік АВА Руслан Запаранюк.

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Інфаграфіка Генштаба Украіны — GeneralStaff.ua

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 25 траўня: асабовага складу — каля 205 260 (+500) чалавек.

Армія РФ засяроджвае асноўныя намаганні на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. Адбылося 28 баявых сутыкненняў на гэтых участках фронту, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.

Контрнаступленне УСУ ўжо пачалося, вайскоўцы праводзяць асобныя аперацыі

Дарадца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Міхаіл Падаляк паведаміў, што пачаўся контрнаступ Узброеных сіл Украіны. Наступальныя дзеянні ідуць ужо некалькі дзён.

Пра гэта заявіў Падаляк у эфіры італьянскага тэлеканала Rai 1: «Контрнаступленне працягваецца ўжо некалькі дзён. Поўнамаштабная вайна расцягнулася на 1,5 тысячы кіламетраў уздоўж мяжы з Расіяй».

Падаляк падкрэсліў, што ўкраінскія вайскоўцы не будуць выкарыстоўваць заходнюю зброю для нападу на расійскую тэрыторыю — яна будзе выкарыстоўвацца выключна для дэакупацыі захопленых украінскіх тэрыторый.

«Мы не хочам наносіць удары па тэрыторыі Расіі, мы будзем выкарыстоўваць тую зброю, якую вы нам далі, каб знішчыць пазіцыі Расійскай Федэрацыі на акупаваных Масквой тэрыторыях, уключаючы Данбас і Крым», — растлумачыў Падаляк.

Ва Украіне думаюць, як пакараць мужчын, што збеглі

Ва Украіне рыхтуюць законапраект аб пакаранні для мужчын, якія незаконна выехалі падчас вайны. Пра гэта распавёў журналістам міністр унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка: «Я думаю, што пасля заканчэння вайны дзяржава зробіць усё для таго, каб нагадаць кожнаму грамадзяніну, што ён рабіў падчас вайны. Маю на ўвазе тых, хто нелегальна перайшоў мяжу. Я думаю, гэта будзе закон».

  • Расія і Беларусь падпісалі дамову аб размяшчэнні ядзернай зброі ў РБ 

Шайгу заявіў, што кантроль за нестратэгічнай ядзернай зброяй, якая размяшчаецца ў Беларусі, застаецца за Расіяй, рашэнне аб ужыванні таксама.

  • Прыгожын зноў паведаміў, што ПВК «Вагнер» пачала вывад сваіх падраздзяленняў з Бахмута. Паводле яго, яны пакінуць горад да 1 чэрвеня.

  • ФСБ заявіла, што нібыта папярэдзіла тэракт супраць аб'ектаў ядзернай энергетыкі ў РФ, які планавалі «спецслужбы Украіны». 

Паводле расійскага ведамства, украінскія дыверсанты нібыта напярэдадні Дня Перамогі здзейснілі спробу падрыву больш за 30 апор ЛЭП Ленінградскай і Калінінскай АЭС, што павінна было прывесці да спынення ядзерных рэактараў, парушэння штатнага рэжыму працы АЭС. Затрыманыя двое грамадзян Украіны, абвешчаныя ў вышук яшчэ аднаго грамадзяніна Украіны і РФ, які знаходзіцца ў Бельгіі.

  • У Белгарадскай вобласці, каля вёскі Калініна Якаўлеўскага раёна за 23 кіламетры ад мяжы з Украінай знайшлі авіябомбу ФАБ-500.

Паводле інфармацыі тэлеграм-канала Shot, гэта адбылося ўвечары 24 траўня. Цяпер тэрыторыі ачэпленыя, пацярпелых і разбурэнняў няма.

  • На станцыі Бугач у расійскім Краснаярску гарэлі дзве рэлейныя шафы, на рух цягнікоў сітуацыя не паўплывала. У прэс-службе чыгункі паведамілі, што пажар пачаўся з-за «ўмяшання старонніх асоб».

  • Кітайскі спецпрадстаўнік з Еўразіі Лі Хуэй наведае Маскву заўтра, яго прыме Лаўроў, будзе абмяркоўвацца «ўкраінскае ўрэгуляванне», паведаміў МЗС РФ.

Замежныя партнёры Украіны

  • ЗША мяркуюць, што за спробай атакі дронаў па Крамлі стаіць адна з вайсковых або выведвальных устаноў Украіны

Пра гэта піша NYT са спасылкай на чыноўнікаў адміністрацыі Байдэна. Яны не могуць пацьвердзіць, што пра гэта ведаў Зяленскі ці людзі з ягонага атачэння. Паводле ацэнкі, дроны неслі мала выбухоўкі, што было хутчэй сімвалічнай пагрозай.

  •  Паўднёвая Карэя пастаўляе снарады ва Украіну

The Wall Street Journal піша, што Паўднёвая Карэя пасля працяглага супраціву і просьбы Вашынгтона нібыта пачала таемна перадаваць Украіне сотні тысяч артылерыйскіх снарадаў. Адпраўка ажыццяўляецца праз ЗША. Паводле інфармацыі выдання, пазіцыя Сеула змянілася пасля візіту прэзідэнта Юн Сок Ёля ў Вашынгтон у мінулым месяцы, калі бакі апублікавалі сумесную дэкларацыю па пытаннях бяспекі.

Першую праграму навучання ўкраінцаў на F-16 запусцяць у Брытаніі, піша Foreign Policy са спасылкай на крыніцы. Мяркуецца, што будзе навучаць украінцаў кааліцыя краін, у склад якой увойдуць у прыватнасці Нарвегія і Нідэрланды. Паводле інфармацыі выдання, базавую наземную падрыхтоўку пройдуць 20 пілотаў, якія валодаюць англійскай мовай, пасля чаго пачнецца падрыхтоўка на знішчальніках.

Пра тое, што Нарвегія падтрымае падрыхтоўку ўкраінскіх пілотаў і персаналу на знішчальніках F-16, паведаміў і міністр абароны краіны Б'ёрн Арыльд Грам: «Нарвегія разгледзіць розныя спосабы садзейнічання навучанню і падрыхтоўцы ўкраінскага персаналу на знішчальніках F-16».

  • Дзярждэп ЗША ўхваліў пагадненне аб продажы Украіне адной сістэмы NASAMS і спадарожнага абсталявання на суму 285 мільёнаў долараў, паведаміў Пентагон.
  • Украінская сістэма супрацьпаветранай абароны стане паўнавартаснай толькі з магутнымі самалётамі, заявіў Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце.

З іншага боку, з ягоных слоў, «першы ж украінскі F-16 стане адным з наймацнейшых сігналаў ад свету, што Расія праз яе ж агрэсію толькі стане губляць — будзе слабейшай, будзе станавіцца яшчэ больш ізаляванай».

Зяленскі адзначыў, што цяпер Расія ўсё часцей звяртаецца да так званых камбінаваных удараў — розных тыпаў ракет і дронаў. «Калі ўзяць, да прыкладу, толькі адну прыладу расійскага тэрору — іранскія «Шахеды», то на сёння на рахунку нашых воінаў амаль 900 гэтых збітых дронаў. Усяго ж супраць Украіны было ўжыта каля 1160 «шахедаў». Большасць — збіваем. І пастаянна шукаем інструменты, каб зрабіць колькасць збіцця іранскіх дронаў поўнай», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле korrespondent.net, УНІАН, ВВС, сацсетак