459-ты дзень вайны. Вагнераўцаў замяняюць «дэнээраўцы», ноччу Украіну атакавалі «Шахеды»
У ноч на 28 траўня расійцы атакавалі Украіну іранскімі ўдарнымі дронамі «Шахед». Гэтую атаку беспілотнікамі называюць ледзьве не самай масіраванай ад самага пачатку вайны.
Як адзначылі ў Паветраных сілах УСУ, «у цэлым зафіксаваныя пускі рэкорднай колькасці дронаў-камікадзэ — 54».
Чарговую начную атаку акупанты скіравалі на ваенныя аб'екты і аб'екты крытычнай інфраструктуры Украіны ў цэнтральных рэгіёнах, у прыватнасці, у Кіеўскай вобласці. «Тут, у зоне адказнасці паветранага камандавання «Цэнтр», знішчаная большасць ударных дронаў», — удакладнілі ва УСУ.
Таксама да адбіцця атакі былі прыцягнутыя сілы і сродкі паветранага камандавання «Поўдзень» і паветранага камандавання «Захад» Паветраных сіл УСУ і супрацьпаветраная абарона іншых складнікаў Сіл абароны Украіны.
«У выніку паспяховай баявой працы знішчаны 52 «Шахеды», — падсумавалі ва УСУ.
Што тычыцца атакі на Кіеў, то ў выніку яе загінуў адзін чалавек. Таксама ёсць пацярпелыя.
«У Галасееўскім раёне падзенне абломкаў на тэрыторыю АЗС. Пацярпелыя — папярэдне тры чалавекі. Паводле папярэдніх звестак, адзін чалавек загінуў. Інфармацыя ўдакладняецца. Паветраная трывога працягваецца. Знаходзіцеся ў хованках», — гаварылася ў аператыўным паведамленні гарадскіх уладаў.
У той жа час мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што ў Саломенскім раёне ў выніку падзення абломкаў БПЛА каля будынка адной з АЗС шпіталізавалі жанчыну 35 гадоў. Загінуў 41-гадовы мужчына.
Найміты ПВК Вагнера адступаюць з Бахмута каб аднавіцца і перагрупавацца ў тыле, паколькі расійскія наступальныя аперацыі ў горадзе і яго ваколіцах скарачаюцца.
Пра гэта паведамляецца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). Паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, наступальныя дзеянні рэзка скараціліся да двух баявых дзеяньняў на Бахмуцкім кірунку.
У Мінабароны Украіны адзначылі, што ўкраінскія войскі займаюць дамінуючыя пазіцыі на вышынях на поўначы і поўдні ад Бахмута, а ўкраінскія сілы спынілі баявыя дзеянні 26 і 27 траўня для выканання іншых задач. Украінскія сілы працягваюць кантраляваць пазіцыі на паўднёва-заходняй ускраіне горада Бахмут. Сакратар РНБА Аляксей Данілаў заявіў, што найміты ПВК Вагнера адыходзяць з горада і «перагрупоўваюцца яшчэ ў трох месцах». А Прыгожын паўтарыў, што яго баевікі працягвалі адступаць з Бахмута 27 траўня.
«Заявы Прыгожына, верагодна, праўдзівыя, улічваючы памяншэнне наступальных магчымасцяў Расіі вакол Бахмута і заявы Украіны адносна сітуацыі ў Бахмуце», — адзначылі ў ISW.
Між тым аналітыкі адзначаюць, што на замену вагнераўцам расійскае вайсковае камандаванне перакідвае ў Бахмут баевікоў «ДНР».
«Перакідка Расіяй падраздзяленняў «ДНР» у Бахмут можа знізіць тэмпы наступальных дзеянняў РФ на лініі Аўдзееўка — Данецк», — адзначаюць у ISW.
Раней эксперты Інстытута меркавалі, што расійскае вайсковае камандаванне актыўна накіравала розныя фармаванні «ДНР» на лінію Аўдзееўка — Данецк. Адзначаецца, што ў апошнія дні расійскія атакі ў раёне Аўдзееўкі, падобна, зменшыліся, што можа быць звязана з перакідкай баевікоў «ДНР» у Бахмут.
У цэлым расійцы працягваюць засяроджваць асноўныя намаганні на спробах поўнага захопу Луганскай і Данецкай абласцей. На працягу сутак украінскія вайскоўцы адбілі 21 атаку РФ. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.
«На Бахмуцкім напрамку за мінулыя суткі праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні на захад ад Хромава. Ад варожых абстрэлаў пацярпелі Васюкоўка, Прыволле, Арэхава-Васільеўка, Грыгораўка, Багданаўка, Часаў Яр, Іванаўскае, Ступачкі, Прадцечына і Севернае Данецкай вобласці», — гаворыцца ў зводцы.
Адзначаецца, што на Аўдзееўскім кірунку расійцы вялі наступальныя дзеянні ў
напрамку населеных пунктаў Севернае і Першамайскае, поспеху не мелі. Нанеслі таксама авіяцыйны ўдар па Аўдзееўцы, здзейснілі артылерыйскія абстрэлы шэрагу населеных
пунктаў.
На Мар'інскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 14 нападаў акупантаў ў раёне горада Мар'інка. Абстрэлам падвергліся таксама
Георгіеўка і Пабеда Данецкай вобласці.
На Шахцёрскім кірунку расійцы здзейснілі абстрэлы населеных
пунктаў Праскавееўка, Новаміхайлаўка, Угледар, Новаўкраінка, Прачыстаўка і Вялікая Навасёлка.
На Ліманскім напрамку на працягу сутак акупанты наступальных дзеянняў не праводзілі.
Паводле ўкраінскіх медыя.