464-ты дзень вайны ва Украіне: асноўнае на гэты час

Уначы Расія зладзіла новы абстрэл украінскіх гарадоў, гэтым разам крылатымі ракетамі, запушчанымі з бамбавікоў, і «Шахедамі». У Кіеве ўсе паветраныя цэлі — 15 ракет і 21 дрон — былі збіты.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Навіны вайны

Расіяне ўначы атакавалі Кіеў 15 крылатымі ракетамі і 21 ударным дронам — усе яны былі знішчаны, паведаміла камандаванне паветраных сіл УСУ. Спачатку расійская армія атакавала дронамі-камікадзэ «Shahed-136/131» з паўднёвага напрамку, выкарыстоўваючы рэльеф мясцовасці і рэчышча Дняпра. Затым былі выпушчаны крылатыя ракеты Х-101 / Х-555 са стратэгічных бамбавікоў Ту-95 МС з Каспія. Заходзілі з паўночнага напрамку, манеўравалі, спрабуючы ўвесці ў зман СПА.

У Кіеўскай вобласці ў выніку начной атакі дронамі і ракетамі пашкоджаны прыватныя дамы, гаспадарчыя пабудовы і аўтамабілі, паранены два чалавекі, сярод іх 11-гадовае дзіця, паведаміў Офіс украінскага генпракурора.

350846024_1220958195258502_2324364377474197328_n.jpg

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі два чалавекі (у Аўдзееўцы і Часавым Яры), таксама ўдалося пацвердзіць інфармацыю адносна аднаго загінулага ва Угледары. Яшчэ 12 чалавек у вобласці атрымалі раненні.

У Херсонскай вобласці 16 чалавек атрымалі раненні ў выніку абстрэлаў.

У Харкаўскай вобласці — пяцёра параненых, яшчэ адзін чалавек падарваўся на міне.

У Запарожскай вобласці адзін чалавек загінуў у выніку абстрэлу Гуляйполя, яшчэ двое паранены.

Расіяне ўначы нанеслі ўдар па ТарэцкуДанецкай вобласці — трапілі ў школу, дзе быў размешчаны Пункт нязломнасці, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка. Паводле яго слоў, гэта ўжо не першае траплянне ў гэтую школу — вораг наўмысна абстрэльвае аб'ект, які аказвае гуманітарную дапамогу і падтрымку цывільным людзям. Таксама ў горадзе пашкоджаны 15 шматпавярховак, пяць прыватных дамоў і сем адмінбудынкаў, два чалавекі атрымалі раненні.

347402286_3451936618379711_1633982131669453060_n.jpg

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 2 чэрвеня: асабовага складу — каля 208 910 (+540) чалавек.

Войска РФ працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на спробах поўнай акупацыі Луганскай і Данецкай абласцей. За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі 25 варожых нападаў, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.

Расіяне могуць рыхтаваць правакацыі на хімічным заводзе ў Армянску ў акупаваным Крыме, паведаміў кіраўнік Херсонскай АВА Аляксандр Пракудзін. Ён пацвердзіў, што расіяне завезлі выбухоўку на завод «Крымскі тытан» і мініруюць тэрыторыю. Са слоў Пракудзіна, праз выбух могуць пацярпець жыхары Крыма, сямі абласцей Украіны, Турцыя і сама РФ.

На акупаваных тэрыторыях Херсонскай вобласці расійская «ўлада» вызначыла 1 верасня канчатковым тэрмінам атрымання пашпарта грамадзяніна РФ з абавязковай пісьмовай адмовай ад украінскага пашпарта. Таксама мясцовыя энергетычныя кампаніі паведамляюць аб абавязковым перападпісанні новых дамоў на пастаўку электраэнергіі толькі пры наяўнасці расійскага пашпарта. Усім украінцам, якія адмовяцца ад атрымання расійскіх дакументаў, пагражаюць спыненнем паставак электраэнергіі, дэпартацыяй, канфіскацыяй маёмасці і прымусовым высяленнем.

Паводле падлікаў Сусветнага банка, на 1 чэрвеня 2023 года прамыя страты жыллёвага сектара Украіны ў выніку расійскага ўварвання дасягнулі 39,2 млрд долараў. Патрэбы ў аднаўленні складаюць 69 мільярдаў долараў.

Расія і вайна

  • Уварванне ці рэйд?

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што тое, што расійскія ўлады называюць спробай уварвання ў Белгародскую вобласць, на самай справе, згодна з вайсковай дактрынай, з'яўляецца рэйдам. Аналітыкі звяртаюць увагу на колькасць тых, хто «ўрываўся» — лічбы ў расійскіх крыніцах называюцца ад дзесяці чалавек да прыкладна роты.

З пункту гледжання ваеннай дактрыны гэтыя дзеянні вызначаюцца як рэйды: у статуце сухапутных войскаў ЗША рэйдам называецца наступальная аперацыя малога маштабу, якая ўключае імклівае пранікненне на тэрыторыю праціўніка для атрымання інфармацыі, парушэння дзейнасці сіл праціўніка або разбурэння аб'ектаў. Рэйды заканчваюцца планавым сыходам з вузка акрэсленага ўчастка і не маюць на мэце доўгатэрміновага ўтрымання тэрыторыі. Дзеянні байцоў расійскага Добраахвотніцкага корпуса і легіёна «Свабода Расіі», насуперак іх заявам, цалкам укладваюцца ў гэта вызначэнне, адзначаюць у ISW.

  • Улады Смаленскай вобласці РФ заявілі пра атаку двух беспілотнікаў па аб'ектах паліўна-энергетычнага комплексу — крытычных пашкоджанняў, пажараў і пацярпелых няма.
  • Губернатар Курскай вобласці таксама паведаміў, што ў рэгіёне працавала СПА і збіла «некалькі» (дакладную колькасць не назваў) украінскіх беспілотнікаў над Курскам. У мясцовых пабліках паведамлялі аб прыкладна 10 выбухах, якія чулі ў абласным цэнтры.
  • Легіён «Свабода Расіі» заявіў, што вядзе актыўныя баі на ўскраінах вёскі Новая Тавалжанка, ёсць параненыя. Пры гэтым расійскія войскі накрываюць з артылерыі любыя пункты, дзе засякаюць рух легіянераў і РДК. Пад Тавалжанкай яны знішчылі аўтамабіль з цывільнымі людзьмі, бо прынялі яго за машыну з ДРГ, прынамсі, два чалавекі загінулі, сцвярджаюць у Легіёне.
  • У працэсе мабілізацыі ў Расіі было сфарміравана больш за 280 вайсковых часцей і падраздзяленняў, заявіў намеснік начальніка Генштаба ВС РФ Яўген Бурдзінскі. Паводле яго, мабілізацыі такога маштабу не было з часоў Другой сусветнай вайны.
  • У Расіі набірае абароты канфлікт паміж паплечнікамі Кадырава і кіраўніцтвам ПВК «Вагнер». Чачэнцы нават намякнулі Прыгожыну на фізічную ліквідацыю.

Навіны заходніх партнёраў Украіны

  • Ніжняя палата парламента Швейцарыі прагаласавала супраць папраўкі, якая дазволіла б трэцім краінам рээкспартаваць зброю швейцарскай вытворчасці, у прыватнасці, ва Украіну. Дэпутаты лічаць, што гэта прапанова парушае нейтралітэт краіны.


  • У NATO заканчваюцца боепрыпасы?

Краіны NATO вычарпалі свае запасы боепрыпасаў, заявіў у інтэрв'ю «Bloomberg» генеральны сакратар Енс Столтэнберг і заклікаў чальцоў Альянсу як мага хутчэй павялічыць свае выдаткі на ўзбраенне — як мінімум да 2% ВУП і падпісаць больш кантрактаў з абароннымі кампаніямі.

«Што нам сапраўды трэба, дык гэта падпісанне кантрактаў, таму што тады прамысловасць будзе гатова інвеставаць і нарошчваць вытворчасць. На гэты момант саюзнікі вычарпалі запасы, каб мець магчымасць падтрымліваць Украіну — гэта няўстойлівы шлях, таму нам трэба нарасціць вытворчасць, каб дасягнуць гэтых новых і больш амбіцыйных мэт», — растлумачыў генеральны сакратар.

 У «кааліцыю знішчальнікаў» для Украіны ў цяперашні час уваходзяць восем краін — Вялікабрытанія, Нідэрланды, Польшча, Данія, Швецыя, Бельгія, Партугалія і Францыя.

  • Орбан супраць украінскага контрнаступлення

Орбан заклікаў не дапусціць контрнаступлення УСУ, таму што яно прывядзе толькі да новых ахвяр, перш за ўсё з боку Украіны. Венгерскі прэм'ер назваў наступ «крывавай бойняй», паколькі атакуючы бок нясе большыя страты, чым тыя, хто абараняюцца. «Перш чым украінцы пачнуць контратаку, мы павінны зрабіць усё, што ў нашых сілах, каб дамагчыся спынення агню і пачатку мірных перамоў», — заявіў ён.

 Паводле ВВС, korrespondent.net, УНІАН, украінскай службы РБК