488-мы дзень вайны: Прыгожын пад следствам, Расія атакавала Адэскую вобласць
Сабралі самае істонае, што адбылося на фронце да гэтай гадзіны.
Ранішняя зводка Генштаба УСУ. Галоўнае:
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі ўдар па Запарожскай вобласці, выкарыстаўшы шэсць зенітных кіраваных ракет. Расійская армія таксама нанесла па тэрыторыі Украіны 33 авіяцыйныя ўдары і здзейсніла больш за 45 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню;
Асноўныя намаганні арміі РФ сканцэнтраваны на ліманскім, бахмуцкім і мар'інскім напрамках. На працягу сутак там адбылося 36 баявых сутыкненняў;
На бахмуцкім напрамку расійскія сілы вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёнах Мінькаўкі, Рыгораўкі і Багданаўкі;
На запарожскім і херсонскім напрамках расійскія войскі спрабуюць не дапусціць прасоўвання УСУ;
Авіяцыя УСУ за суткі нанесла восем удараў па раёнах засяроджвання асабовага складу расійскіх войскаў.
У ноч на 26 чэрвеня расійскія войскі атакавалі Адэскую вобласць ракетамі «Калібр» і дронамі-камікадзэ, заявіла прэс-сакратар аператыўнага камандавання «Поўдзень» Наталля Гумянюк.
Паводле яе слоў, дзве ракеты былі збіты на падлёце ў прыбярэжную зону. З-за выбухной хвалі падчас працы СПА пашкоджаны вокны ў двух шматкватэрных дамах.
На раніцу 26 чэрвеня крымінальная справа аб арганізацыі ўзброенага мецяжу (артыкул 279 КК РФ) у дачыненні да Яўгена Прыгожына не спынена і працягвае расследавацца следчым следчага ўпраўлення ФСБ Расіі. Аб гэтым піша "Коммерсант".
Пра тое, што справа супраць Прыгожына будзе спынена, паведамляў увечары 24 чэрвеня прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў. Афіцыйна Генпракуратура не аб'яўляла, што справа спынена.
Мінабароны РФ паказала відэа з Шайгу ўпершыню пасля мецяжу Прыгожына
У відэа, як сцвярджаецца, паказана наведванне міністрам абароны «перадавога пункта кіравання аднаго з аб'яднанняў „Заходняй“ групоўкі войскаў».
Праваенны тэлеграм-канал «Рыбар» са спасылкай на свае крыніцы піша, што паездка Шайгу ў групоўку войскаў «Захад», як мяркуецца, адбылася яшчэ да пачатку мяцяжу Прыгожына.