594-ты дзень вайны. Расійцы атакавалі Адэсу дронамі, УСУ наступаюць на поўдні ад Бахмута
Ноччу поўдзень Украіны падвергнуўся масіраванаму ўдару, які Расія нанесла па грамадзянскіх аб'ектах. Як паведамілі ў Сілах абароны Поўдня, акупанты зноў выкарысталі масіраваную дронавую атаку па паўднёвых рэгіёнах.
На працягу амаль трох гадзін больш за тры дзясяткі ўдарных
беспілотнікаў некалькімі групамі з розных напрамкаў заходзілі на ўдар. Сіламі
падраздзяленняў супрацьпаветранай
абароны знішчана 27 БПЛА тыпу «Шахед»:
адзін — у
Мікалаеўскай вобласці, тры — у
Херсонскай, 23 — у
Адэскай.
«На жаль, ёсць траплянне па лагістычнай інфраструктуры рэгіёна. Але людзі не пацярпелі», — адзначылі ў Сілах абароны.
На працягу ночы ў сацыяльных сетках жыхары Адэсы паведамлялі, што чуюць гудзенне дронаў у розных частках горада.
Аб начной атацы таксама паведаміў кіраўнік Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер, які адзначыў, што менавіта Адэсчыну расійцы атакавалі на працягу трох гадзін. Ён таксама паведаміў аб траплянні ў інфраструктуру і ў чарговы раз заклікаў насельніцтва рэагаваць на паветраную трывогу і пры небяспецы знаходзіцца ў хованках.
За мінулыя суткі ўкраінскія абаронцы адбілі атакі праціўніка на шасці напрамках фронту. Усяго на фронце адбылося 39 баявых сутыкненняў, паведамляе Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны ў ранішняй зводцы.
Адзначаецца, што на купянскім кірунку УСУ адбілі пяць нападаў ворага каля Сінькоўкі і Іванаўкі Харкаўскай вобласці, на ліманскім кірунку адбіта сем нападаў у раёне Макееўкі Луганскай вобласці.
У той жа час, як праінфармавалі ў Генштабе, на бахмуцкім кірунку ўкраінскія воіны адбілі чатыры атакі праціўніка недалёка ад Кляшчыеўкі Данецкай вобласці.
«У сваю чаргу, Сілы абароны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці. Маюць частковы поспех у раёне Андрэеўкі Данецкай вобласці, наносяць ворагу страты ў жывой сіле і тэхніцы, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах. На аўдзееўскім і мар'інскім напрамках вораг здзейсніў больш за 15 няўдалых нападаў у раёнах Мар'інкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці. На шахцёрскім кірунку ўкраінскія воіны адбілі атаку ворага каля Старамаёрскага Данецкай вобласці. На запарожскім кірунку нашы абаронцы стрымліваюць ворага ў раёне Ляваднага Запарожскай вобласці», — гаворыцца ў паведамленні.
У Генштабе падкрэслілі, што Сілы абароны Украіны працягваюць наступальную аперацыю на мелітопальскім кірунку, наносяць акупацыйным войскам страты ў жывой сіле і тэхніцы, замацоўваюцца на занятых рубяжах і знясільваюць ворага. На херсонскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы вядуць контрбатарэйную барацьбу, знішчаюць склады забеспячэння і паспяхова паражаюць тылы праціўніка.
Украінскія войскі працягвалі контрнаступальныя аперацыі і 9 кастрычніка прасунуліся на захадзе Запарожскай вобласці і паблізу Бахмута. Як гаворыцца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW), у той жа час расійцы пачалі лакалізаваныя наступальныя аперацыі на поўдзень ад Гуляйполя Запарожскай вобласці і, верагодна, рэарганізавалі Паўднёвую групоўку сіл з мэтай абароны ад украінскіх контрнаступальных аперацый.
Адзначаецца, што ўкраінскія войскі дасягнулі частковага поспеху на захад ад Вербавага (18 км на паўднёвы ўсход ад Арэхава), а таксама паблізу Кляшчыеўкі (5 км на паўднёвы захад ад Бахмута) і Андрэеўкі (10 км на паўднёвы захад ад Бахмута).
Паводле сведчанняў расійскіх ваенкараў, дажджы пагоршылі бачнасць на поўдні Украіны, перашкаджаючы аперацыям расійскіх і ўкраінскіх разведвальных беспілотнікаў, а акрамя таго, сцвярджаецца, што глеба стала бруднай і перашкаджае адсочванню руху транспартных сродкаў, хоць зямля яшчэ не настолькі набрыняла вільгаццю, каб перашкаджаць руху транспарту.
«Дакладныя ўмовы, верагодна, адрозніваюцца ўздоўж лініі фронту, хоць ўмовы надвор'я ў цэлым пагаршаюцца. Спікер Усходняй групоўкі войскаў Узброеных сіл Украіны капітан Ілля Еўлаш паведаміў, што праз моцныя ападкі расійскія войскі на купянска-ліманскім кірунку памяншаюць стаўку на авіяцыю і беспілотнікі», — гаворыцца ў паведамленні.
Адначасова расійцы на поўдні ўзмацнілі лакальныя наступальныя аперацыі. Як адзначаюць аналітыкі, яны атакуюць на ўзроўні батальёна або менш, што паказвае на тое, што гэтыя аперацыі, верагодна, з'яўляюцца тактычнымі і маюць на мэце адцягнуць і сціснуць украінскія сілы на поўдзень ад Гуляйполя, а не далей на захад у Запарожскай вобласці.
Акрамя таго, расійскае вайсковае камандаванне нядаўна рэарганізавала Паўднёвую групоўку войскаў для дзеянняў на двух кірунках — марыупальскім на захадзе Данецкай вобласці і бярдзянскім на захадзе Данецкай і ўсходзе Запарожскай абласцей, дзе расійскія войскі засяродзілі больш за ўсё самых якасных сіл.
Аналітыкі адзначаюць, што расійскае вайсковае
камандаванне вызначыла першачарговае вылучэнне дадатковых новых сіл і сродкаў
Паўднёвай групоўцы войскаў перад іншымі групоўкамі.