605-ты дзень вайны. Акупанты не спыняюць спробаў завалодаць Аўдзееўкай
20 кастрычніка расійцы аднавілі наступ у раёне Аўдзееўкі і нязначна прасунуліся наперад.
Як паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW), першая расійская наступальная аперацыя ў
раёне Аўдзееўкі 10 кастрычніка прывяла да значных страт тэхнікі. Рускія
перагрупаваліся і вярнулі інтэнсіўнае наступленне. Гэта сведчыць пра тое, што
альбо акупанты лічаць, што яны рэальна могуць узяць Аўдзееўку, альбо пра тое,
што камандаванне дрэнна расстаўляе прыярытэты наступальных аперацый і не
ўлічвае значныя страты тэхнікі і асабістага складу.
Аналітыкі сцвярджаюць, што ўчора войскі РФ нязначна прасунуліся на захад ад Краснагораўкі (5 км на поўнач ад Аўдзееўкі). Расійскія ваенкары нават сцвярджалі, што акупанты захапілі ўкраінскі апорны пункт каля тэрыкона на паўночны ўсход ад Аўдзееўкі, прасунуліся да чыгуначнай станцыі на поўнач ад Аўдзееўкі.
Яшчэ адзін ваенкар сцвярджаў, што расійцы беспаспяхова атакавалі каля Севернага (6 км на захад ад Аўдзееўкі), на поўдзень ад Аўдзееўкі, паблізу Сцяпнога (8 км на паўночны захад ад Аўдзееўкі) і паблізу Новакалінавага (11 км на паўночны захад ад Аўдзееўкі).
Іншыя ваенныя блогеры заяўлялі аб прасоўванні да аднаго кіламетра на лініі Сцяпное — Бердзічы (8-10 км на паўночны захад ад Аўдзееўкі) 19 кастрычніка, а 20 кастрычніка працягваюцца баі пад Бердзічамі.
20 кастрычніка ўкраінскія вайскоўцы, якія дзейнічаюць у раёне Аўдзееўкі, паведамілі, што за апошнія чатыры дні УСУ знішчылі 200 адзінак расійскай бронетэхнікі. Кіраўнік Аўдзееўскай гарадской вайсковай адміністрацыі Віталь Барабаш заявіў, што войскі РФ спрабуюць адрамантаваць пашкоджаную тэхніку яшчэ ў полі.
Учора ўкраінскія сілы паказалі, як наносяць удары па расійскай тэрмабарычнай артылерыйскай сістэме ТГС-1 паблізу Аўдзееўкі. Расійскі вайсковы блогер паскардзіўся, што эфектыўнасць контрбатарэйнага агню акупантаў каля Аўдзееўкі зніжаецца праз дрэнную сувязь і немагчымасць назапашвання боепрыпасаў перад наступам.
Расійскія акупанты не пакідаюць спробаў акружыць Аўдзееўку, але ўкраінскія вайскоўцы трымаюць абарону, наносячы ворагу шматлікія страты, паведамляе Генеральны штаб УСУ. Адзначаецца, што за мінулыя суткі адбылося больш за 100 баявых сутыкненняў. Усяго вораг нанёс 9 ракетных і 39 авіяцыйных удараў, здзейсніў 50 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах.
Авіяцыйныя ўдары атрымалі 16 населеных пунктаў Луганскай, Данецкай і Херсонскай абласцей, а пад артылерыйскім агнём апынуліся каля 110 населеных пунктаў гэтых абласцей, а таксама Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай і Запарожскай.
«На Аўдзееўскім кірунку праціўнік не пакідае спробаў акружыць Аўдзееўку, але нашы воіны стойка трымаюць абарону, наносячы ворагу шматлікія страты. Беспаспяховымі былі наступальныя дзеянні акупантаў у раёнах Новакалінавага, Сцяпнога і Першамайскага Данецкай вобласці», — гаворыцца ў паведамленні.
На Купянскім кірунку ўкраінскія ваяры адбілі больш за 20 нападаў ворага ў раёнах Сінькоўкі і Іванаўкі Харкаўскай вобласці, а таксама каля пяці нападаў каля Надзежды Луганскай вобласці.
На Ліманскім кірунку сілы абароны Украіны не дапусцілі страт пазіцый у раёне Невельскага Луганскай вобласці.
«На Бахмуцкім кірунку ўкраінскія ваяры адбілі ўсе атакі праціўніка ў раёнах Багданаўкі і Хромавага. Таксама вораг беспаспяхова спрабаваў аднавіць страчанае становішча ў раёне Кляшчэеўкі Данецкай вобласці», — адзначылі ў Генштабе УСУ.
На гэтым напрамку сілы абароны Украіны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці, наносяць захопнікам страты ў жывой сіле і тэхніцы, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах, удакладняецца ў паведамленні.
На Мар'інскім кірунку расійцы вялі беспаспяховыя штурмавыя дзеянні пры падтрымцы авіяцыі ў раёнах Мар'інкі і Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці. Тут украінскія абаронцы адбілі каля 20 нападаў акупантаў.
«На Запарожскім кірунку вораг вёў беспаспяховыя штурмавыя дзеянні ў раёне населенага пункта Палтаўка Запарожскай вобласці. Таксама праціўнік беспаспяхова спрабаваў аднавіць страчанае становішча ў раёне Рабоцінага Запарожскай вобласці», — гаворыцца ў паведамленні.
У той жа час на Херсонскім кірунку сілы абароны Украіны вядуць контрбатарэйную барацьбу і наносяць агнявое паражэнне па тылах праціўніка.
Украінскія вайскоўцы працягваюць весці маштабныя наземныя аперацыі на левым беразе Херсонскай вобласці. У прыватнасці, УСУ вядуць баі ў сяле Крынкі.
Як паведамляецца ў справаздачы ISW, на кадрах з геалакацыяй, апублікаваных 19 кастрычніка, відаць, што сілы абароны прасунуліся на паўночны ўсход Крынак (27 км на ўсход ад горада Херсон і 2 км ад ракі Днепр). Расійскія крыніцы сцвярджаюць, што ўкраінскія вайскоўцы замацоўваюцца ў раёне Крынак і працягваюць захоўваць сваю прысутнасць у раёне Антонаўскага і чыгуначнага мастоў праз Дняпро.
Паводле слоў расійскіх блогераў, падраздзяленні УСУ часова прасунуліся да дарогі Казачыя лагеры — Крынкі — Корсунка, перш чым авіяўдары ворага адкінулі іх да паўночнай ускраіны населенага пункта. Таксама вядома аб баях у раёне Пясчанаўкі (14 км на ўсход ад Херсона і 4 км ад Дняпра). У Генштабе 19 кастрычніка паведамлялі, што расійская авіяцыя нанесла ўдар па Пясчанаўцы, якая размешчаная на левым беразе. На думку экспертаў, на той момант украінскія сілы яшчэ прысутнічалі ў населеным пункце.
Старшыня Савета рэзервістаў Сухапутных войскаў Узброеных сіл Украіны Іван Цімочка лічыць, што ў сітуацыі вакол Аўдзееўкі «гульня будзе доўжыцца доўга». Пра гэта ён сказаў у эфіры тэлемарафона, адказваючы на пытанне аб сітуацыі на Аўдзееўскім кірунку.
Цімочка адзначыў, што як Аўдзееўка, так і Купянскі кірунак — гэта фактычна адно дзеянне ў заданні ворага прарваць лінію абароны УСУ.
«Прычын там некалькі. Першае і асноўнае-тое, што Пуцін паставіў ім задачу выйсці на адміністрацыйныя межы Данецкай і Луганскай абласцей. Акрамя таго, тыя сілы і сродкі, якія яны назапасілі на Аўдзееўскім кірунку. І разлік быў на тое, што яны абыдуць Аўдзееўку з флангаў, возьмуць у акружэнне, захопяць і пакажуць хоць невялікую, але «перамогу для Пуціна», — сказаў ён.
Цімочка адзначыў, што Аўдзееўка — гэта вельмі добра ўмацаваны прамысловы раён, дзе яшчэ з 2014 года вяліся баі і будаваліся інжынерныя загароды. Паводле яго, акупанты разлічвалі, што ў будучыні гэты ўмацаваны раён яны змогуць выкарыстоўваць для сябе.
«І, вядома, тыя сілы і сродкі, якія яны назапашвалі, якія закінулі ў першы раз у бой, не апраўдалі сябе. Такім чынам, расійскае камандаванне, непасрэдна адказнае на гэтым кірунку, вядома, не можа далажыць Пуціну пра паразы. Таму яны як кідалі, так і будуць кідаць там сілы. Там, напэўна, усё ж так выглядае, што гульня будзе працягвацца доўга, на жаль», — сказаў старшыня Савета рэзервістаў.
Ён растлумачыў, што гэта велізарная нагрузка на ўкраінскіх вайскоўцаў, але выглядае так, што вораг усё ж будзе спрабаваць наступаць там.
Армія РФ у Запарожскай вобласці страціла ў пяць разоў больш артылерыі, чым Узброеныя сілы Украіны. Гэта адбылося дзякуючы вынаходлівасці ўкраінскіх абаронцаў.
Як паведамляе The Wall Street Journal, каля 70% баявых страт УСУ з'яўляюцца вынікам артылерыйскіх удараў акупантаў. Таму яе знішчэнне дапамагае ратаваць жыцці воінаў.
Украіна мае перавагу ў дакладнасці над артылерыяй РФ, хоць вораг усё яшчэ мае большую колькасць гармат і артустановак. Заходняе ўзбраенне і вынаходлівасць украінскіх вайскоўцаў дапамаглі атрымаць парытэт там, дзе РФ раней мела перавагу.
Паводле дадзеных
незалежнай групы аналітыкаў WarSpotting, якая адсочвае задакументаваныя страты
тэхнікі з абодвух бакоў, з пачатку контрнаступлення УСУ знішчылі
177 расійскіх гармат і рэактыўных сістэм залпавага агню. У Запарожскай вобласці
знішчана 92 адзінкі артылерыйскай тэхнікі расейцаў, тады як сілы абароны
страцілі 19 адзінак.