608-мы дзень вайны. РФ ударыла па Херсоншчыне, ёсць ахвяры, сярод пацярпелых дзіця
У Херсонскай вобласці на правабярэжжы Дняпра з-за расійскіх абстрэлаў загінулі два чалавекі, яшчэ 14 атрымалі раненні, сярод іх дзіця.
Паводле слоў начальніка Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандра Пракудзіна, за мінулыя суткі праціўнік здзейсніў 101 абстрэл, выпусціўшы па правабярэжжы 597 снарадаў з мінамётаў, артылерыі, «Градаў», АГС, танкаў, авіяцыі і БПЛА. У прыватнасці, па Херсоне вораг выпусціў 30 снарадаў.
«Расійскія вайскоўцы патрапілі ў жылыя кварталы населеных пунктаў вобласці, аб'ект крытычнай інфраструктуры і завод у Берыславе, тэрыторыю парку ў Херсоне. Праз расійскую агрэсію 2 чалавекі загінулі, яшчэ 14 атрымалі раненні, з іх адно дзіця», — распавёў чыноўнік.
Паводле яго слоў, адзін з удараў быў нанесены каля 03:00 па Белазёрцы, дзе акупанты патрапілі ў жылы дом. Пацярпелі чатыры чалавекі з адной сям'і, у тым ліку 12-гадовы хлопчык. У дзіцяці траўматычнае калечанне ступні і вострая рэакцыя на стрэс. Таксама неўратычная рэакцыя ў жанчыны 50 гадоў і двух мужчын.
Пад Аўдзееўкай Данецкай вобласці не сціхаюць баі, расійцы працягваюць спробы акружыць горад, аднак украінскія войскі ўтрымліваюць абарону і наносяць акупантам велізарныя страты на гэтым кірунку. Пра гэта распавёў начальнік Аўдзееўскай гарадской вайсковай адміністрацыі Віталь Барабаш.
Ён адзначыў, што расійцы б'юць па горадзе і пазіцыях украінскіх вайскоўцаў з усяго наяўнага ўзбраення. Барабаш удакладніў, што за мінулыя суткі няма інфармацыі аб параненых або загінулых грамадзянскіх нягледзячы на масіраваныя абстрэлы.
«Што тычыцца дзеянняў ворага па лініі абароны, то там яны актыўныя, там цішыні няма ніколі. Яны страляюць з усяго, што ёсць у наяўнасці. Не сціхаюць і стралковыя баі. Не пакідае вораг і спроб акружыць горад і кідае на штурмы на поўначы і поўдні ўсё новыя і новыя свае сілы», — распавёў кіраўнік ГВА.
Ён дадаў, што на працягу апошніх двух сутак расійцы спрабуюць з некалькіх кірункаў наступаць невялікімі групамі і ажыццяўляюць спробы знайсці ва ўкраінскай абароне слабы ўчастак. Аднак УСУ адбіваюць усе атакі і ўтрымліваюць абарону, наносячы акупантам велізарныя страты.
Барабаш таксама адзначыў, што з пачатку абвастрэння сітуацыі гуманітарную дапамогу ў Аўдзееўку не завозяць. Ён паведаміў, што цяпер у горадзе ёсць рэзерв сродкаў гігіены, медыкаментаў і прадуктаў харчавання, якога хопіць на 2-3 месяцы.
Паводле слоў кіраўніка ГВА, цяпер з горада вывезлі ўсіх дзяцей. Аднак афіцыйна ў Аўдзееўцы застаецца адно дзіця — хлопчык, якога фізічна не могуць знайсці ўжо больш за паўгода. Неафіцыйна мяркуюць, што дзіця з маці маглі загінуць. Аднак Барабаш дадаў, што спадзяюцца, што хлопчык жывы. Ён удакладніў, што пошукі дзіцяці будуць адноўлены, калі сітуацыя ў горадзе стане больш спакойнай.
Цяпер у Аўдзееўцы, паводле звестак мясцовых улад, застаецца 1599 чалавек.
Увогуле значных змен на фронце за мінулыя суткі не адбылося. Пра гэта паведаміў Генеральны штаб УСУ. У ранішняй зводцы звяртаецца ўвага, што на асобных участках украінскія вайскоўцы атакуюць.
«Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на мелітопальскім кірунку, мелі частковы поспех на поўдзень ад Рабоціна, наносяць акупацыйным войскам страты ў жывой сіле і тэхніцы, знясільваюць ворага ўздоўж усёй лініі фронту», — гаворыцца ў паведамленні.
Акупанты сцягваюць на Данбас рэзервы з усёй Расіі, каб прарваць лінію абароны УСУ. Нягледзячы на гэта, захопнікі не маюць стратэгічных поспехаў на ўсходнім кірунку, паведаміў кіраўнік службы па сувязях з грамадскасцю камандавання Сухапутных войскаў УСУ Уладзімір Фіцьё.
«Расійскія падраздзяленні «Шторм-Z», «Шторм-V» складаюцца з былых зняволеных, афіцэраў-штрафнікоў і мабілізаваных. Іх кідаюць проста на штурмы, кідаюць з тэхнікай», — адзначыў прэс-афіцэр.
Паводле яго слоў, РФ спрабуе праціснуць пазіцыі УСУ, але ўкраінскія войскі займаюць актыўную абарону. Зараз самыя гарачыя баі на ўсходзе адбываюцца на купянскім кірунку. За мінулыя суткі вораг 691 раз абстраляў там пазіцыі ўкраінскіх абаронцаў. Галоўная мэта інтэрвентаў — выйсці ў Купянск, зноў яго акупаваць і «атрымаць хоць нейкую перамогу, якой у іх ужо даўно не было».
«Яны рыхтаваліся да гэтага, мы таксама рыхтаваліся, нашы пазіцыі ўмацоўваліся. Нягледзячы на такую інтэнсіўнасць абстрэлаў, стратэгічнага поспеху на гэтым кірунку праціўнік не атрымаў», — падкрэсліў Фіцьё.
Кіраўніца аб’яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтра Сіл абароны поўдня Украіны Наталля Гумянюк пракаментавала начныя выбухі ў часова акупаваным Севастопалі.
«Ім пастаянна нешта мроіцца. Яны разумеюць, што Крым — гэта Украіна, і там вядуцца баявыя дзеянні, нават тады, калі ім здаецца, што там спакойна», — адзначыла Гумянюк.
Паводле яе слоў, на гэтым этапе задача Сіл абароны Украіны заключаецца ў максімальным знішчэнні патэнцыялу расійцаў, які яны яшчэ могуць ужыць.
«Мы прааналізавалі, што ўчора вораг вывеў на баявое
дзяжурства два фрэгаты — носьбіты «Калібраў», якіх напагатове 16. Такім чынам,
нейкую абстаноўку ў Чорным моры яны спрабуюць развіваць. Сілы абароны спрабуюць
адрэагаваць. Пакуль падводзіць вынікі рана, але, я думаю, што вынікі ўсіх парадуюць»,
— адзначыла яна.