638-мы дзень вайны: 2024 — год, калі Украіна скіне Расію са свайго неба
Умацаванне супрацьпаветранай абароны — найлепшае стратэгічнае ўкладанне ў бяспеку Украіны. І 2024 год павінен стаць часам, калі Украіна скіне Расію са свайго неба, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Зяленскі: 2024-ты павінен стаць годам, калі Украіна скіне Расію са свайго неба
Зяленскі пералічыў пяць прычын, чаму ўмацаванне ўкраінскай супрацьпаветранай абароны з'яўляецца найлепшай стратэгічнай інвестыцыяй у бяспеку дзяржавы.
«Па-першае, кожная сістэма супрацьпаветранай абароны і кожная ракета, якая перадаецца Украіне, ратуе жыццё», — адзначыў прэзідэнт Украіны.
Па-другое, паводле яго слоў, у кожны буйны горад і рэгіён, якія будуць цалкам прыкрыты надзейным паветраным шчытом, больш людзей змогуць вярнуцца з-за мяжы. Гэта дасць значны штуршок эканоміцы Украіны, дапаможа скараціць дэфіцыт бюджэту і, як вынік, патрэбу ў міжнароднай фінансавай дапамозе.
«Па-трэцяе, чым мацнейшая наша супрацьпаветраная абарона, тым большы поспех Украіны ў Чорным моры, большы марскі экспарт, лепшая абарона свабоды суднаходства і большая стабільнасць. Гэта дазволіць нам пастаўляць сотні тысяч дадатковых тон харчавання праз больш бяспечны марскі экспартны калідор і супрацьстаяць сусветнаму харчоваму крызісу», — растлумачыў Зяленскі.
Па-чацвёртае, як адзначыў кіраўнік Украіны, кожная дадатковая сістэма СПА і ракета эканомяць рэсурсы, якія ў адваротным выпадку спатрэбіліся б для аднаўлення разбураных аб'ектаў, крытычнай інфраструктуры, энергасістэм, электрасетак і г.д.
І, па-пятае, пазбаўленне Расіі магчымасці тэрарызаваць Украіну ракетамі і беспілотнікамі прымусіць агрэсара адмовіцца ад гэтай тактыкі, што ў цэлым будзе спрыяць набліжэнню перамогі.
Прэзідэнт адзначыў, што Украіна — вялікая краіна, таму патрэба ў супрацьпаветранай абароне значная.
Зяленскі ўпэўнены, што павелічэнне магчымасцей супрацьпаветранай абароны яго краіны — найлепшая стратэгічная інвестыцыя ў бяспеку, дзякуючы якой партнёры Украіны таксама зэканомяць значную колькасць рэсурсаў у доўгатэрміновай перспектыве.
«З 2022 года Украіна вызваліла больш за палову акупаванай Расіяй сушы. У 2023 годзе Украіна выгнала расійскі флот з большай часткі Чорнага мора. 2024-ты павінен стаць годам, калі Украіна скіне Расію са свайго неба», — заявіў кіраўнік Украіны.
Ва Узброеных сілах Украіны пацвердзілі спробы пранікнення расійскіх ДРГ на поўначы і распавялі пра іх мэты
Украінскія вайскоўцы часам фіксуюць спробы перасячэння дзяржаўнай мяжы варожых ДРГ. Мэты і задачы расіян залежаць ад памеру групы.
Пра гэта ў эфіры агульнаўкраінскага тэлемарафону заявіў прэс-сакратар Аб'яднанага прэс-цэнтра войскаў абароны паўночнага напрамку Юрый Поўха. Ён адзначыў, што часам ДРГ праціўніка спрабуюць пракрасціся групамі па 4-5 чалавек, часам — ад 10 да 16 чалавек. Мэты, адпаведна, розныя: спроба прарыву на аб'ект крытычнай інфраструктуры або тэрарызаванне мірных жыхароў.
«Спробы прарыву робяць то невялікія групы па 4-5 чалавек, то па 10-16. Адпаведна, мэты і задачы ў гэтых груп відавочна розныя. Спробы прарыву праз дзяржаўную мяжу ДРГ у напрамку аб'ектаў крытычнай інфраструктуры. А таксама былі зафіксаваны і спробы з боку ДРГ чыста тэрарыстычнай накіраванасці на мясцовае насельніцтва з мэтай зладзіць некалькі нападаў на дарогах», — сказаў Поўха.
Ці існуе пагроза нападу на Кіеў?
Прадстаўнік аб'яднанага прэс-цэнтра Паўночных войскаў абароны паведаміў, што ўкраінская мяжа ўзмоцнена, у прыватнасці, створаны сістэмы інжынерных загарод і ўстаноўлены мінныя загароды.
«Войскі кантралююць дзяржаўную мяжу, прызначаныя сілы і сродкі абараняюць і стаяць на найбольш небяспечных напрамках. Мы не можам цяпер раскрыць усе сюрпрызы, якія войскі падрыхтавалі захопнікам, але яны ёсць», — сказаў прэс-сакратар Юрый Поўха.
Становішча на фронце
- Расіяне пачалі трэцюю хвалю актыўных дзеянняў у рамках наступу на аўдзееўскім кірунку, паведаміў камандуючы аператыўна-стратэгічнай групоўкай войскаў «Таўрыя» Аляксандр Тарнаўскі. Пры гэтым, паводле яго слоў, страты расіян у жывой сіле і бранятэхніцы растуць.
-
Паводле звестак Генштаба Узброеных сіл Украіны, УСУ працягвае штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці, вядзе наступ на мелітопальскім кірунку. У прыватнасці, вайскоўцы працягваюць трымаць абарону ў раёне Аўдзееўкі.
Навіны вайны
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 23 лістапада: асабовага складу — каля 321 800 (+1130 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 5466 (+20), баявых браніраваных машын —10 224 (+36), артылерыйскіх сістэм — 7802 (+33).
- За мінулыя суткі на фронце адбылося 74 баявыя сутыкненні, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы. У прыватнасці, 30 нападаў войска РФ Сілы абароны Украіны адбілі на аўдзееўскім кірунку (на ўсход ад Новабахмутаўкі, на поўнач ад Ластачкіна, Аўдзееўкі і Першамайскага Данецкай вобласці), яшчэ 18 нападаў — на мар'інскім (у раёнах Мар'інкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці). На ліманскім і бахмуцкім кірунках РФ наступальных дзеянняў не вяла.
- На купянскім кірунку УСУ адбілі атакі арміі РФ у раёнах Сінькоўкі, на паўночны ўсход ад Петрапаўлаўкі і Іванаўкі Харкаўскай вобласці; на шахцёрскім — каля Старамаёрскага Данецкай вобласці; на запарожскім — у раёне Рабоціна Запарожскай вобласці.
- У Запарожскай вобласці пасля ўчарашняга ўдару беспілотніка памёр карэспандэнт прапагандысцкага тэлеканала «Расія 242» Барыс Максудаў, паведамляюць расійскія СМІ.
Кіраўнік партыі «Справядлівая Расія» Сяргей Міронаў і яго жонка ўсынавілі дзяўчынку з Херсона і памянялі ёй імя
Пра гэта піша апазіцыйнае расійскае выданне «Важныя гісторыі» са спасылкай на дакумент.
Дзесяцімесячную Маргарыту Пракапенка вывезлі ў РФ з дзіцячага дома Херсона год таму, пры адступленні расійскага войска. У Расіі ёй змянілі імя і грамадзянства, пасля чаго яна стала расіянкай Марынай Міронавай.
Разам з Маргарытай з Херсона вывезлі двухгадовага Іллю Вашчанку, яго лёс да канца невядомы. Вядома толькі, што ён атрымаў новае пасведчанне аб нараджэнні і знаходзіцца ў Маскоўскай вобласці.
Афіцыйна дзяцей вывозілі ў Маскву для «абследавання, вызначэння далейшай тактыкі лячэння і праходжання рэабілітацыі».
Крыніца выдання паведамляе, што біялагічная маці Маргарыты была пазбаўлена бацькоўскіх правоў, а бацька памёр, аднак у дзіцяці ёсць іншыя сваякі.
Гэта першы дакументальна даказаны выпадак усынаўлення ўкраінскага дзіцяці расійскім палітыкам такога рангу.
Сфера грамадзянскай авіяцыі ў Расіі знаходзіцца на мяжы калапсу
Пра гэта заявіла ГУР Мінабароны Украіны пасля аналізу вялікага аб'ёму закрытых службовых дакументаў Расавіяцыі, якія ўдалося атрымаць у выніку паспяховай спецаперацыі ў кіберпрасторы. Сярод атрыманых у выніку ўзлому сістэмы даных дакументаў — штосутачныя справаздачы Расавіяцыі ў маштабах усёй РФ за больш чым паўтарагадовы перыяд.
Так, за першыя дзевяць месяцаў 2023 года ў РФ задакументавалі 150 выпадкаў тэхнічных няспраўнасцей самалётаў, за аналагічны перыяд 2022 года — 50 такіх інцыдэнтаў. Найбольш праблемнымі месцамі расійскай авіяцыі застаюцца рухавікі і шасі, а таксама іншыя важныя элементы гідрасістэмы, закрылкі і праграмнае забеспячэнне. Востры дэфіцыт запчастак прывёў да так званага авіяканібалізму — калі адны самалёты разбіраюць для рамонту іншых. Да сярэдзіны 2023 года ў РФ пусцілі на «донарства» больш за 35% самалётаў.
Такое становішча спраў у расійскай авіяцыі — прамое следства санкцый, найбольш балючымі з якіх для Расіі аказаліся забарона на пастаўку самалётаў і запчастак да іх; поўная адмова ў тэхнічным абслугоўванні і прадастаўленні паслуг; адмова ў абнаўленні праграмнага забеспячэння; затрыманне расійскіх самалётаў за мяжой; абмежаванне доступу да метэаралагічнай інфармацыі для аэранавігацыі.
Еўрапол стварыў новую аператыўную групу (OTF) для дапамогі ў расследаванні злачынстваў расіян ва Украіне
Чальцы групы будуць збіраць і аналізаваць разведвальную інфармацыю з адкрытых крыніц (OSINT).
Такая інфармацыя можа дапамагчы следчым у праверцы і рэгістрацыі ваенных злачынстваў. Узначальваюць групу падраздзяленні па барацьбе з міжнароднымі злачынствамі паліцыі Нідэрландаў і Германіі.
Цяпер ужо 14 краін пагадзіліся даць мэтавай групе спецыяльны патэнцыял OSINT: Бельгія, Францыя, Германія, Ірландыя, Італія, Літва, Нідэрланды, Партугалія, Славакія, Славенія, Іспанія, Нарвегія, Вялікабрытанія, ЗША.
- Крымскія паблікі пішуць, што ў Навафёдараўцы каля вайсковага аэрадрома гучаць выбухі і чутны аўтаматныя чэргі.
- Украінскія вугальныя прадпрыемствы пачалі браць на працу жанчын, каб вырашыць дэфіцыт кадраў падчас вайны.
- У Крыме ў выніку атакі ўкраінскіх марскіх дронаў быў забіты камандзір катэра Чарнаморскага флоту Дзяніс Нікіцін, паведамляе «Чарнаморская казацкая акруга». У паведамленні сказана, што ён загінуў, «ратуючы свой карабель ад трапляння дрона». Гаворка ідзе пра атаку на карабель праекта «Сарна», пра якую ГУР паведамляла 10 лістапада.
- У Нідэрландах на парламенцкіх выбарах упэўнена перамагае ультраправая «Партыя свабоды» на чале з Гертам Уілдэрсам, якога называюць «нідэрландскім Трампам». Ён, у прыватнасці, выступае супраць паставак зброі Украіне.