642-гі дзень вайны Расіі з Украінай: Аўдзееўка ператвараецца ў другі Бахмут?
Расійскія войскі ўсё спрабуюць атачыць Аўдзееўку і крыху прасунуліся на яе ўскрайку ў прамысловай зоне. Аднак украінскія войскі працягваюць абарону. Верагодна, баі за Аўдзееўку будуць такімі ж, як за Бахмут — расійскім войскам будуць нанесеныя несувымерныя страты.
На Бахмуцкім кірунку сілы абароны Украіны адбілі 10 нападаў праціўніка ля Багданаўкі, Кляшчэеўкі, Андрэеўкі і на ўсход ад Паўночнага Данецкай вобласці. Сілы абароны Украіны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці, піша Генштаб Украіны ў ранішняй зводцы 27 лістапада.
На Аўдзееўскім кірунку расійская армія пры падтрымцы авіяцыі не пакідае спробаў акружыць Аўдзееўку. Украінскія войскі трымаюць абарону. Беспаспяховымі былі наступальныя дзеянні праціўніка на ўсход ад Новабахмутаўкі, на поўдзень ад Новакалінавага, Паўночнага, Стэпавага, Аўдзееўкі і Першамайскага Данецкай вобласці, дзе сіламі абароны адбіта 30 атак.
На Мар'інскім кірунку расійскія войскі пры падтрымцы авіяцыі вялі беспаспяховыя штурмавыя дзеянні ў раёнах Мар'інкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці, дзе сіламі абароны адбіта 7 атак.
Сілы абароны Украіны працягваюць наступальную аперацыю на Мелітопальскім кірунку. На Херсонскім кірунку абаронцы Украіны ўтрымліваюць занятыя пазіцыі на левабярэжжы Дняпра.
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што расійскія войскі захапілі частку прамзоны ў Аўдзееўцы. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 26 лістапада, паказваюць, што расійскія войскі нязначна прасунуліся на паўночны захад ад Краснагораўкі (7 км на паўночны захад ад Аўдзееўкі) і ва ўсходняй частцы прамысловай зоны на паўднёва-ўсходняй ускраіне Аўдзееўкі.
На відэа з геалакацыяй за 26 лістапада відаць, як расійская бронетэхніка атакуе ўкраінскія пазіцыі ў паўночнай частцы прамзоны на паўднёва-ўсходняй ускраіне Аўдзееўкі.
Расійскія вайсковыя блогеры ў асноўным сцвярджалі, што расійскія войскі 26 лістапада захапілі ўсю прамысловую зону каля чыгуначнай станцыі Ясінаватая-2, але ISW пакуль не знайшоў візуальнага пацвярджэння гэтых словаў.
У той жа час адзін з расійскіх «ваенкораў» сцвярджаў, што ўкраінскія войскі адбілі ўсе атакі РФ на Аўдзееўскі коксахімічны завод і паблізу Стэпавага.
* * *
* * *
У Чалябінску (Расія) адбыўся выбух на мясцовым трактарным заводзе, пасля якога пачаўся маштабны пажар. Нягледзячы на тое, што ў ліквідацыі надзвычайнага здарэння бралі ўдзел дзве пажарных машыны і шэсць «хуткіх», у РФ ужо заявілі, што яно, нібыта не паўплывае на працу прадпрыемства.
Падобнае «заспакаенне», верагодна, адрасаванае расійцам, ужо апублікавалі і на афіцыйнай старонцы МНС Расіі. «Гарэў алейны трансфарматар на плошчы 40 квадратных метраў. У тушэнні было задзейнічана 20 пажарных і 6 адзінак тэхнікі», — гаворыцца ў паведамленні расійскага ведамства.
ЧТЗ выпускае рухавікі для танкаў і іншай ваеннай тэхнікі.
* * *
Лідар большасці ў Сенаце ЗША, дэмакрат Чак Шумер плануе правесці галасаванне аб мільярднай дапамозе для Украіны і Ізраіля ўжо 4 снежня. Такім чынам Шумер цісне на заканадаўцаў, каб яны прыйшлі да згоды адносна палітыкі аб бяспецы мяжы, паколькі яна спалучаецца з дапамогай для Украіны і Ізраіля.
Некалькі тыдняў таму была сфарміравана двухпартыйная кааліцыя з надзеяй дасягнуць пагаднення, якое б злучыла запыт Байдэна на больш за 100 мільярдаў долараў для Украіны, Ізраіля, Тайваня і мяжы са зменамі палітыкі ЗША па прадастаўленні прытулку і ўмоўна-датэрміновага вызвалення.
Politico піша, што ёсць каля 60 галасоў за тое, каб накіраваць Украіне яшчэ дзясяткі мільярдаў, але рэспубліканцы папярэдзілі, што не зробяць гэтага без згоды адносна палітыкі аб бяспецы мяжы.
* * *
На Украіну надышоў ураган, які непазбежна адаб'ецца на баявых дзеяннях. У нядзелю, 26 лістапада, поўдзень Украіны накрыла моцная непагадзь, якая прывяла да абмежаванага або поўнага перакрыцця руху па шэрагу трас. Ва «Укрэнерга» паведамілі, што з-за непагадзі абясточана значная колькасць спажыўцоў у Адэскай і Мікалаеўскай абласцях.
У Адэсе ў сувязі са складанымі ўмовамі надвор'я часова прыпынілі і працу раённых кацельняў.
Да сур'ёзнага пагаршэння надвор'я рыхтуюцца і ў Кіеве і вобласці. У рэгіёне ўжо перавялі школы на дыстанцыйнае навучанне. 27 лістапада з 7:30 раніцы з-за снегападу зачынены ўезд у Кіеў для буйнагабарытнага транспарту.
Малдова праз моцны снегапад спыніла пропуск транспарту на двух КПП на мяжы з Украінай.
Як паведаміў падкантрольны РФ дарадца расійскага «кіраўніка Крыма» Алег Кручкоў са спасылкай на звесткі расійскага прадпрыемства «Крымэнэрга», у Крыме 498 тысяч чалавек засталіся без электрычнасці праз стыхію.
Акупацыйныя ўлады Крыма, а таксама расійскія і крымскія тэлеграм-каналы паведамляюць, што праз непагадзь цалкам перакрытая траса Сакі — Еўпаторыя. Паводле звестак Кручкова, з дамоў у Еўпаторыі эвакуявана 150 чалавек.