711-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае за суткі

Баі ў Аўдзееўцы, аднаўленне святла ў Крывым Рогу, міжнародная дапамога Украіне.

Фота са старонкі Facebook Генштаба УСУ

Фота са старонкі Facebook Генштаба УСУ

***
Балгарыя пачала перадачу Украіне 100 бронетранспарцёраў, аб пастаўцы якіх было прынята рашэнне ў канцы мінулага года.

***
Эстонія перадала Украіне новы пакет дапамогі. У чарговы пакет дапамогі ад Эстоніі аб'ёмам 80 млн еўра, акрамя процітанкавых ракет Javelin, увайшлі кулямёты, боепрыпасы для стралковай зброі, розная тэхніка, таксама вадалазнае абсталяванне. Дакладнага аб'ёму, часу прыбыцця гэтага пакета дапамогі і іншых дэталяў пастаўкі не выдаюць з меркаванняў бяспекі.

***
Украінскія прадпрыемствы нарошчваюць уласную вытворчасць і могуць забяспечыць існуючую патрэбнасць Узброеных Сіл Украіны ў браніраваных аўтамабілях. 

***
Пажар на нафтаперапрацоўчым заводзе ў Валгаградзе, адным з найбуйнейшых у Расіі, з'яўляецца вынікам паспяховай атакі беспілотнікаў СБУ. Два беспілотнікі трапілі ва ўстаноўку першаснай перапрацоўкі нафты, без якой завод страціць значную частку вытворчай магутнасці. У выніку на Валгаградскім НПЗ адбыўся пажар, агонь ахапіў плошчу ў 300 квадратных метраў. Пасля атакі завод у Валгаградзе спыняць на нявызначаны тэрмін.

***
Паводле звестак цэнтра нацыянальнага супраціву, з завербаваных у Расіі на вайну супраць Украіны зняволеных сфармавалі новы штурмавы спецыяльны атрад «Шторм Гладыятар». Адзначаюць, што гэта прывілеяваны паўсакрэтны батальён, які складаецца з некалькіх сотняў асуджаных з баявым вопытам, і названы «гладыятарамі» ў гонар былога генерала 58-й арміі з пазыўным «Спартак».

***
Украінскія энергетыкі, якія працавалі кругласутачна, апоўначы аднавілі святло ў кожным доме ў Крывым Рогу і раёне пасля перазагрузкі сетак. Святла не было з-за нядаўняй атакі расійскіх беспілотнікаў на падстанцыю.

***
У Харкаўскай і Данецкай абласцях двое параненых грамадзянскіх за суткі 3 лютага. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам ворага падвергліся каля 17 населеных пунктаў Харкаўшчыны.

Прыкладна ў 14:00 у суботу адбыўся варожы абстрэл вёскі Грыгораўка Куп’янскага раёна дзвюма кіраванымі авіябомбамі. Ёсць моцныя пашкоджанні дамоў, а таксама атрымаў раненне 26-гадовы грамадзянскі мужчына, ён дастаўлены ў бальніцу. Таксама 3 лютага расіяне паранілі жыхара Данецкай вобласці — у Максімільянаўцы. Агульная колькасць параненых у вобласці ўзрасла да 4532 грамадзянскіх.

***
Украінскія ваяры толькі за суткі 3-4 лютага нейтралізавалі і знішчылі 170 расійскіх БПЛА розных тыпаў.

У аперацыйнай зоне АСУВ «Таўрыя» вораг нанёс 36 авіяўдараў, 1 ракетны ўдар, правёў 41 баявое сутыкненне і здзейсніў 695 артабстрэлаў.

***
Расіяне не пакідаюць спробаў акружыць Аўдзееўку, за мінулыя суткі абаронцы на Аўдзееўскім кірунку адбілі найбольшую колькасць варожых нападаў — 30, усяго адбылося 66 баявых сутыкненняў, перадае Генштаб. За мінулыя суткі адбылося 66 баявых сутыкненняў.

Усяго вораг нанёс 2 ракетных і 65 авіяцыйных удараў, здзейснілі 53 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях нашых войскаў і населеных пунктах.

***
Пасля знішчэння ракетнага катэра «Іванавец» войскі РФ схавалі ракетаносьбіты з калібрамі ў пункты базавання. 

«Калібры заведзеныя ў пункты базавання разам з іх носьбітамі. Надвор'е абсалютна неспрыяльнае, мора раздзімае магутны шторм перад істотнай зменай паветраных франтоў. Гэта і ўрокі з «Іванаўцам» прымусілі расіян завесці фактычна ўсе караблі ў пункты базавання. Цяпер адзін у Азоўскім моры і адзін — у чорным, гэта фактычна патруляванне ўздоўж пункта базавання і больш нічога», — адзначыла кіраўніца Аб'яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтра Сіл абароны поўдня Украіны Наталля Гумянюк.

***

За мінулыя суткі сілы абароны знішчылі яшчэ 810 захопнікаў, 31 артсістэму і 2 танкі ворага. Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 04.02.24 арыентыровачна склалі:

  • асабісты склад  — каля 388 750 (+810) чалавек,
  • танкі — 6343 (+2) адз.,
  • баявыя браніраваныя машыны — 11818 (+13) адз.,
  • артылерыйскія сістэмы — 9331 (+31) адз.,
  • РСЗА — 979 (+0) адз.,
  • сродкі СПА — 663 (+0) адз.,
  • самалёты — 332 (+0) адз.,
  • верталёты — 324 (+0) адз.,
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 7173 (+12) адз.,
  • крылатыя ракеты — 1848 (+1) адз.,
  • караблі / катэры — 24 (+0) адз.,
  • падводныя лодкі — 1 (+0) адз.,
  • аўтамабільная тэхніка і аўтацыстэрнаы — 12393 (+41) адз.,
  • спецыяльная тэхніка — 1479 (+6) адз.


***

Па інфармацыі расійскай службы BBC, 28 чалавек лічацца загінулымі ў акупаваным Лісічанску ў выніку абстрэлу з боку УСУ, 10 чалавек атрымалі раненні. Выратавальная аперацыя ішла ўсю ноч, пошукі людзей пад абломкамі будынкаў працягваюцца. Звесткі аб загінулых прыводзяць расійскія інфармагенцтвы са спасылкай на МНС і акупацыйную адміністрацыю. Украінскія ўлады пакуль не каментавалі паведамленні аб абстрэле Лісічанска.