722-гі дзень вайны: Інфармацыйная аперацыя РФ «Пярун», спявачка Павалій на падазрэнні ў здрадзе

Расійская армія кантралюе 15% Аўдзееўкі Данецкай вобласці, паведамляе Інстытут вывучэння вайны. Ці адступіць Украіна з Аўдзееўкі? 

Фота Генштаба УСУ

Фота Генштаба УСУ


Аўдзееўка

У прыватнасці, войскі РФ прасунуліся да галоўнай лініі абароны УСУ ў Аўдзееўцы ўздоўж вуліцы Грушэўскага. Цяпер вулічныя баі працягваюцца на паўночна-заходняй ускраіне і ў паўднёвай частцы горада.

Пастаўкі ў Аўдзееўку сталі больш складаныя, УСУ задзейнічалі запасную лагістычную артэрыю, паведаміў спікер Таўрычнага кірунку Дзмітрый Ліхавы:«Што тычыцца Аўдзееўкі, дзе лінія фронту з'яўляецца вельмі дынамічнай і нашы падраздзяленні спрабуюць ажыццявіць манеўр па адыходзе на больш выгадныя пазіцыі, дзе-нідзе па адбіванні пазіцый. Ключавое злучэнне — пастаўка ў Аўдзееўку і эвакуацыя з горада — абцяжараны, але задзейнічана запасная лагістычная артэрыя, якая была падрыхтавана загадзя».

Трэцяя асобная штурмавая брыгада (АШБр) пацвердзіла, што была тэрмінова перадыслацыравана для ўзмацнення ўкраінскіх войскаў у раёне Аўдзееўкі. «Сітуацыя ў горадзе на момант дыслакацыі брыгады — надзвычай крытычная. Асобныя батальёны 3-й АШБр правялі рэйд у захопленыя ворагам раёны Аўдзееўкі. Сілы праціўніка на нашым адрэзку складаюць арыенціровачна сем брыгад. За перыяд знаходжання на аўдзееўскім кірунку дзвюм брыгадам узброеных сіл Расіі было нанесена крытычнае паражэнне», — гаворыцца ў паведамленні. 

Аб’ектыўна сітуацыя ў Аўдзееўцы застаецца «пагрозлівай і нестабільнай». РФ працягвае актыўную ратацыю сваіх войскаў і перакідвае ў горад новыя сілы і сродкі.

Ракетная атака РФ на Украіну: што вядома?

Супрацьпаветраная абарона Украіны падчас начной і ранішняй атакі знішчыла 13 з 26 ракет розных тыпаў, паведаміла камандаванне ўкраінскіх паветраных сіл. У прыватнасці, зафіксаваны пускі:

  • 12 крылатых ракет Х-101 / Х-555 / Х-55 з самалётаў стратэгічнай авіяцыі Т-95МС (Энгельс);
  • шасці балістычных ракет «Іскандэр-М» / KN-23 (Варонежская вобласць);
  • дзвюх крылатых ракет «Калібр» (Наварасійск);
  • чатырох кіраваных авіяцыйных ракет Х-59 (акупаваная Запарожская вобласць, Курская вобласць);
  • дзвюх зенітных кіраваных ракет С-300 (Белгародская вобласць).

Сіламі СПА знішчана:

  • восем крылатых ракет Х-101 / Х-555 / Х-55;
  • адна балістычная ракета «Іскандэр-М» / KN-23;
  • дзве крылатыя ракеты «Калібр»;
  • дзве кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59.

Колькасць параненых у выніку ранішняга ракетнага ўдару па Запарожжы ўзрасла да шасці чалавек, паведаміў кіраўнік АВА Іван Фёдараў. Траплянні зафіксаваны ў прамзоне горада, выбуховай хваляй пашкоджаны таксама жылыя дамы.

У Львове ў выніку ранішняй ракетнай атакі істотна пашкоджаны некалькі аб'ектаў Аблэнерга, у прыватнасці, трансфарматарная падстанцыя. Абясточаны аб'ект інфраструктуры, паведаміла Мінэнерга.

У Івана-Франкоўскай вобласці ў выніку падзення абломкаў адбылося нязначнае ўзгаранне дахаў гаспадарчых будынкаў — пажар ліквідаваны, людзі не пацярпелі.

У Кіеўскай вобласці падчас ранішняй атакі абломкі ўпалі ў двух населеных пунктах аднаго з раёнаў. Пашкоджаны сем прыватных дамоў, людзі не пацярпелі, паведаміў кіраўнік АВА Руслан Краўчанка.

У Дняпроўскім раёне Днепрапятроўскай вобласці ў выніку трапляння ракеты пашкоджаны аб'ект інфраструктуры, людзі не пацярпелі, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Лысак.

Навіны вайны

  • У Белгарадзе чатыры чалавекі загінулі і сямёра паранены ў выніку ракетнай атакі, пішуць расійскія СМІ. Моцна пашкоджаны гандлёвы цэнтр, таксама быў нанесены ўдар па стадыёне.
  • ГУР Мінабароны Украіны папярэджвае аб пачатку актыўнай фазы інфармацыйнай аперацыі РФ пад назвай «Пярун». У рамках гэтай аперацыі РФ плануе прыцягнуць замежных журналістаў, медыйных асоб і блогераў для апраўдання вайны і асвятлення сітуацыі вакол Украіны з выгадных для Крамля пазіцый.
  • Расійскія войскі абстралялі Херсон, адзін чалавек загінуў, паведаміла АВА. За мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў у вобласці адзін чалавек загінуў, пяцёра атрымалі раненні, сярод іх адно дзіця.
  • На нафтабазе Палявая пад Курскам пасля начной атакі дрона загарэліся тры рэзервуары, дзве цыстэрны часткова разбураны, пішуць расійскія СМІ са спасылкай на экстранныя службы. Атака на нафтабазу была аперацыяй ГУР, цэль паспяхова знішчана, паведамляюць украінскія СМІ са спасылкай на крыніцы.

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 15 лютага: асабовага складу — каля 399 090 (+950 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 6442 (+9), баявых браніраваных машын — 12 090 (+47), артылерыйскіх сістэм — 9620 (+54).

Інфаграфіка  Генштаба УСУ

Інфаграфіка  Генштаба УСУ

За мінулыя суткі на фронце адбылося 83 баявыя сутыкненні, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы. На аўдзееўскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі 34 атакі ў раёне Аўдзееўкі і яшчэ шэсць атак каля Паўночнага і Невельскага Данецкай вобласці. На мар’інскім кірунку салдаты РФ больш за 20 разоў спрабавалі палепшыць тактычнае становішча непадалёк Краснагораўкі, Пабеды і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці.

На купянскім кірунку ўкраінскія сілы адбілі адну атаку РФ каля Іванаўкі Харкаўскай вобласці; на ліманскім — адну атаку ў раёне Тэрнаў Данецкай вобласці; на бахмуцкім — чатыры атакі паблізу Багданаўкі, Іванаўскага і Кляшчэеўкі Данецкай вобласці; на навапаўлаўскім — адну атаку на поўдзень ад Залатой Нівы Данецкай вобласці; на запарожскім — тры атакі на захад ад Івавага і Рабоціна Запарожскай вобласці. На херсонскім кірунку сілы абароны ўтрымліваюць пазіцыі, адбілі сем штурмаў войскаў РФ.


Глядзіце таксама

Навіны замежных партнёраў Украіны

  • Паводле ацэнкі Сусветнага банка, агульны кошт аднаўлення ва Украіне паводле стану на 31 снежня 2023 года склаў 486 млрд долараў цягам наступнага дзесяцігоддзя. Год таму гэтая лічба ацэньвалася ў 411 млрд долараў.
  • Аўстралія выдасць грант на суму 50 млн аўстралійскіх долараў (больш за 32 млн долараў ЗША) Міжнароднаму фонду для Украіны. Сродкі пойдуць на закупку прыярытэтных вайсковых сродкаў, паведаміў прэм'ер Энтані Албанезэ.
  • Амбасадары 27 краін ЕС на сустрэчы 14 лютага ўзгаднілі юрыдычныя тэксты, неабходныя для запуску пакета дапамогі Украіне на 50 млрд еўра, піша «Financial Times». Тэкст дакумента павінен ухваліць Еўрапарламент, а сродкі пачнуць паступаць у пачатку сакавіка.
  • Блакіраванне дапамогі Украіне ад ЗША ўжо ўплывае на падзеі на полі бою, заявіў Столтэнберг:«Мы ўжо бачым наступствы таго, што Злучаныя Штаты не змаглі прыняць пастанову».
  • Трамп заявіў, што зробіць для абароны Украіны больш, чым Байдэн. З яго слоў, пры прэзідэнцтве Байдэна Пуцін «атрымае ўсё, што захоча, уключаючы Украіну». Трамп лічыць, што Байдэн «збіраецца аддаць» Украіну Пуціну. Так ён адрэагаваў на заяву Пуціна аб тым, што прэзідэнт Байдэн быў бы лепшым варыянтам для Расіі, чым Трамп, паколькі з'яўляецца больш прадказальным.
  • Венгрыя на сустрэчы амбасадараў ЕС прагаласавала супраць новага санкцыйнага пакета ў дачыненні да Расіі, піша «Financial Times». Як распавёў выданню ананімны чыноўнік, «венгры не пагадзіліся з-за кітайскіх кампаній». Меркавалася, што ў новы санкцыйны пакет увойдуць амаль 200 фізічных асоб і кампаній з Расіі, Кітая і іншых краін.
  • Нарвегія з вясны пачне навучальны курс для ўкраінскіх марскіх пехацінцаў па правядзенні аперацый з малымі лодкамі, а таксама перадасць Украіне такія лодкі з аснашчэннем, паведамляе NRK. Гэтыя вучэнні з'яўляюцца ўкладам Нарвегіі ў рамках «марской кааліцыі», якую яна ўзначальвае сярод краін фармату Рамштайн разам з Брытаніяй.
  • Офіс прэзідэнта Украіны пацвердзіў візіты Зяленскага ў Германію і Францыю 16 лютага. Там ён правядзе перамовы з Шольцам і Макронам. Акрамя таго, 17 лютага Зяленскі выступіць на галоўнай сцэне Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, а таксама правядзе шэраг двухбаковых сустрэч на яе пляцоўках. У прыватнасці, запланаваны перамовы з віцэ-прэзідэнтам ЗША Камалай Харыс, прэзідэнтам Чэхіі, прэм'ерамі Даніі, Нідэрландаў і з іншымі лідарамі дзяржаў і буйных бізнесаў.