760-ты дзень вайны. Расія атакавала Украіну ракетамі, адна з іх заляцела ў Польшчу
У ноч на 24 сакавіка расійскія акупанты ажыццявілі масіраваны ракетна-дронавы ўдар па Украіне. Сілы ўкраінскай СПА збілі 43 паветраныя цэлі.
Як паведамляе камандаванне Паветраных сіл УСУ, акупанты атакавалі Украіну 29 крылатымі ракетамі Х-101/Х-555 з 14 самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-95МС (раён пускаў Энгельс, РФ) і 28 ударнымі БПЛА тыпу Shahed (раёны пускаў Прыморска-Ахтарск, РФ, мыс Чауда, Крым).
Да адбіцця паветранага нападу прыцягваліся зенітныя ракетныя падраздзяленні і знішчальная авіяцыя Паветраных сіл, мабільныя агнявыя групы, сродкі радыёэлектроннай барацьбы Сіл абароны Украіны.
«У выніку супрацьпаветранага бою знішчаныя 43 паветраныя цэлі: 18 крылатых ракет Х-101/Х-555 і 25 ударных БПЛА Shahed-136/131 у межах Днепрапятроўскай, Херсонскай, Мікалаеўскай, Адэскай, Сумскай, Кіеўскай, Валынскай і Львоўскай абласцей», — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што ў выніку трэцяга масіраванага ракетнага ўдару па Украіне за апошнія чацвёра сутак пацярпеў Кіеў. Паводле звестак мясцовых уладаў, у Кіеве абышлося без пацярпелых і разбурэнняў. Зафіксавалі падзенне абломкаў у лясным масіве Дзеснянскага раёна.
Падчас масіраванага абстрэлу Украіны адна з крылатых ракет парушыла паветраную прастору Польшчы. Гэта адбылося ў 4:23.
«Адбылося парушэнне паветранай прасторы Польшчы адной з крылатых ракет, запушчаных гэтай ноччу Расіяй. Мэтамі ўдараў былі гарады Заходняй Украіны», — паведамілі ў Мінабароны Польшчы.
Як адзначаецца, ракета ўвайшла ў польскую прастору паблізу горада Асердаў Люблінскага ваяводства і прабыла там 39 секунд. На працягу ўсяго палёту за ёй назіралі ваенныя радары.
«Сёння ноччу былі запушчаныя ўсе неабходныя працэдуры для забеспячэння бяспекі паветранай прасторы Польшчы. Сярод іншага была актывізавана польская і саюзніцкая авіяцыя. Польская армія ажыццяўляе пастаянны маніторынг сітуацыі на тэрыторыі Украіны і знаходзіцца ў пастаяннай гатоўнасці да забеспячэння бяспекі паветранай прасторы Польшчы», — гаворыцца ў паведамленні.
За мінулыя суткі на фронце адбылося 75 баявых сутыкненняў. Як гаворыцца ў ранішняй зводцы Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны, на Северскім і Слабажанскім напрамках расіяцы захоўваюць ваенную прысутнасць у прыгранічных раёнах, праводзяць дыверсійную дзейнасць з мэтай недапушчэння перакідання ўкраінскіх войскаў на пагрозлівыя напрамкі, нарошчваюць шчыльнасць мінна-выбуховых загарод уздоўж дзяржаўнай мяжы.
На Купянскім кірунку Расія наступальных (штурмавых) дзеянняў не вяла.
На Ліманскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы адбілі восем нападаў у раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці і Церны, Ямпалоўка, Раздолаўка, Вясёлае, Спорнае Данецкай вобласці. Там акупанты пры падтрымцы авіяцыі спрабавалі прарваць абарону УСУ.
На Бахмуцкім напрамку адбітыя 15 нападаў ў раёнах населеных пунктаў Кляшчыеўка, Багданаўка, Іванаўскае Данецкай вобласці.
На Аўдзееўскім кірунку адбіта 13 нападаў у раёнах населеных пунктаў Бердзічы, Тоненькае, Першамайскае, Яснабродаўка і Невельскае Данецкай вобласці.
На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны працягваюць стрымліваць расійцаў у раёнах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Новаміхайлаўка, Пабеда, Канстанцінаўка і Ураджайнае, адбіта 35 нападаў.
На Арэхаўскім кірунку расійцы чатыры разы пры падтрымцы авіяцыі атакавалі ўкраінскія пазіцыі ў раёне населенага пункта Рабоціна Запарожскай вобласці.
На Херсонскім кірунку акупанты не адмаўляюцца ад намеру выбіць падраздзяленні УСУ з плацдармаў на левабярэжжы Дняпра і за мінулыя суткі здзейснілі дзве беспаспяховыя атакі ў раёне населенага пункта Крынкі Херсонскай вобласці.
Украінскія воіны працягваюць наносіць акупацыйным войскам страты ў жывой сіле і тэхніцы, знясільваюць ворага ўздоўж усёй лініі баявога судакранання. Як гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ, за мінулыя суткі ўкраінская авіяцыя нанесла ўдары па 10 раёнах засяроджвання жывой сілы, узбраення і ваеннай тэхнікі і аднаму складу праціўніка.
У той жа час падраздзяленні ракетных войскаў нанеслі паражэнне па адным раёне засяроджвання асабовага складу, чатырох пунктах кіравання, двух сродках супрацьпаветранай абароны, адным артылерыйскаму сродку, адной станцыі РЭБ і адной радыёлакацыйнай станцыі акупантаў.
Паводле слоў экспертаў, расійцы могуць планаваць вялікі наступ на лета 2024 года. Яны збіраюць для гэтага групоўку ў больш за 100 тысяч чалавек, аднак гэтая колькасць не дапаможа ім дасягнуць планаў. У той жа час амерыканскія аналітыкі не бачаць прыкмет падрыхтоўкі акупантамі патэнцыйнага наступу для захопу Харкава.
Увечары ў суботу, 23 сакавіка 2024 года, у часова акупаваным Крыме прагрымелі выбухі. Падзеі на паўвостраве пракаментаваў камандуючы Паветранымі сіламі Мікалай Аляшчук.
«Неба і мора аднаго колеру! Дзякуй лётчыкам і маракам за паспяховую баявую працу! Крым — наш! Разам да перамогі!» — напісаў ён у тэлеграм-канале.
У той жа час OSINT-аналітыкі ўжо назвалі верагоднае месца аднаго з «прылётаў» — цэллю стаў аб'ект Чарнаморскага флоту РФ. «Падобна, прынамсі тры ўкраінскія крылатыя ракеты Storm Shadow толькі што патрапілі ў галоўны вузел сувязі Чарнаморскага флоту Расіі», — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што Wikimapia пазначае аб'ект як «Інфармацыйна-вылічальны цэнтр Чарнаморскага флоту Расіі (Севастопаль)». Удакладняецца, што гэтае месца проста «абстаўленае антэнамі».
Увечары 23 сакавіка ў часова акупаваным Крыме была
абвешчаная паветраная трывога. Адразу ў некалькіх месцах на паўвостраве чулі
выбухі. Толькі ў Севастопалі іх было па меншай меры шэсць. Яшчэ
тры выбухі зафіксавалі ў раёне аэрадрома «Бельбек». Паведамлялася
таксама пра выбухі ў Сімферопалі, Балаклеі і ў раёне Казачай
бухты. Да апошняй пасля накіраваліся машыны хуткай і пажарныя.