852-гі дзень вайны. Ракетны ўдар па Адэсе. Рэжым НС у Севастопалі

Распавядаем галоўнае, што адбылося падчас чарговага дня поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. 

Наступствы расійскага ўдару па Адэсе

Наступствы расійскага ўдару па Адэсе

Зводка Генштаба УСУ. Галоўнае па стане на 10 раніцы:

За мінулыя суткі зафіксавана 129 баявых сутыкненняў, за сёння — 62;

Расійскія войскі нанеслі па пазіцыях УСУ і населеных пунктах два ракетныя ўдары, 58 авіяцыйных удараў, а таксама здзейснілі больш за 3500 абстрэлаў, у тым ліку 91 — з рэактыўных сістэм залпавага агню;

Украінскія сілы ўразілі 12 раёнаў засяроджвання асабовага складу арміі РФ, тры сродкі СПА, адну станцыю радыёэлектроннай барацьбы;

Працягваюцца спробы УС РФ атакаваць Ваўчанск на Харкаўскім кірунку. З пачатку сутак у раёне горада працягваюцца два боесутыкненні;

На Ліманскім кірунку ідуць баі ў раёнах населеных пунктаў Капанкі, Грэкаўка, Макееўка, Торскае і ў Серабранскім лесе. Шэсць нападаў адбітыя, два боесутыкненні працягваюцца;

На Тарэцкім кірунку адбітыя дзве атакі ў раёне Паўднёвага, адзін бой яшчэ працягваецца;

На Пакроўскім кірунку за сёння ўжо адбылося 18 атак пазіцый УСУ, дзевяць з якіх адбітыя. Працягваюцца баі за Новааляксандраўку, паблізу Яўгенаўкі, Узвіжанкі, Сокала і Навасёлаўкі Першай.

У Адэсе ёсць пацярпелыя пасля ўдару па грамадзянскай інфраструктуры

Расійскія войскі атакавалі Адэсу, зафіксавана трапленне па грамадзянскай інфраструктуры. Пра гэта паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер.

У выніку абстрэлу Адэсы пацярпелі тры чалавекі: 19-гадовы малады чалавек, а таксама двое мужчын 50 і 58 гадоў. 

Паветраныя сілы УСУ сцвярджаюць, што расійскія войскі атакавалі Адэсу двума крылатымі ракетамі. Сілы СПА збілі адну з іх.

На месцы «прылёту» таксама пачаўся пажар.

Крыніца: telegram

У Севастопалі ўведзены рэжым НС — на наступны дзень пасля ракетнага ўдару УСУ

Адпаведны ўказ апублікаваў прызначаны Расіяй кіраўнік горада Міхаіл Разважаеў.

24 чэрвеня, пасля ракетнага ўдару УСУ па Севастопалі, амбасадара ЗША ў РФ Лін Трэйсі выклікалі ў міністэрства замежных спраў Расіі. 

«Падкрэслена, што ЗША, якія вядуць супраць Расіі гібрыдную вайну і фактычна сталі бокам канфлікту, пастаўляючы УСУ самыя сучасныя ўзбраенні, у тым ліку ракеты ATACMS з касетнымі баявымі часткамі, якія выкарыстоўваліся супраць жыхароў Севастопаля, чыё мэтаўказанне і ўвод палётных заданняў ажыццяўляюцца амерыканскімі служюамі, нясуць роўную з кіеўскім рэжымам адказнасць за гэта злачынства», — гаворыцца ў паведамленні МЗС Расіі.

У МЗС паведамілі Трэйсі, што «зваротныя меры абавязкова рушаць услед».

Савет ЕС зацвердзіў 14-ы пакет санкцый супраць Расіі

Пад абмежаванні трапляюць 116 чалавек і кампаній, адказных за дзеянні, якія «падрываюць або пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны».

Санкцыі таксама закранулі расійскі ЗПГ — уводзяцца абмежаванні на яго транзіт праз еўрапейскія парты. ЕС працягне закупляць ЗПГ з Расіі, але забароніць яго рээкспарт.

Украіна атрымае першы транш з даходаў ад замарожаных актываў РФ на наступным тыдні

Такую заяву зрабіў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль, перадае «Еўрапейская праўда». Аб гэтым ён сказаў перад пачаткам сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЕС у Люксембургу.

«Першы транш паступіць на наступным тыдні, у ліпені. Другі — праз некалькі тыдняў», — сказаў Барэль.

Кіраўнік Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен раней паведамляла, што першы транш складзе 1,9 мільярда еўра.