855-ты дзень вайны: Расія атакуе на 10 кірунках і «мост» да сяброўства Кіева ў NATO

З пачатку гэтых сутак на фронце ўжо адбылося 48 баявых сутыкненняў. Войска РФ атакуе на 10 кірунках, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы ў чацвер. 

ukraina_saldat_i_saldatka.jpg

Начная камбінаваная атака: Абаронцы неба Украіны збілі практычна ўсе аб'екты праціўніка

У ноч на 27 чэрвеня Узброеныя сілы Расіі ўжылі ракеты марскога і паветранага базіравання, а таксама беспілотнікі-камікадзэ, нанеслі чарговы паветраны ўдар па тэрыторыі Украіны. Сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл Украіны збітыя ўсе аб'екты, акрамя ракеты «Кінжал».

Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Telegram-канал камандуючага ВПС Узброеных сіл Украіны генерал-лейтэнанта Мікалая Алешчука.

Алешчук удакладніў, што ў цэлым праціўнік прымяніў гэтай ноччу камбінаваны ўдар:

  • 1 аэрабалістычная ракета Х-47 М2 «Кінжал», якую запусцілі з паветранай прасторы Тамбоўскай вобласці РФ

  • 4 крылатыя ракеты «Калібр», запушчаныя паўночна-ўсходняй частцы Чорнага мора

  • 1 кіраваная авіяцыйная ракета Х-59/Х-69 была запушчана з Курскай вобласці

  • 23 ударныя беспілотніки тыпу «Шахед-131/136», раён пуску — Прыморск-Ахтарск.

Праца супрацьпаветранай абароны УСУ

Так, падчас адбіцця паветранага нападу было знішчана 28 цэляў. «У выніку зенітнага бою было збіта 28 паветраных цэляў: 4 крылатыя ракеты «Калібр», 1 кіраваная авіяцыйная ракета Х-59/Х-69, 23 БПЛА тыпу «Шахед-131/136», — сказаў генерал.

Начны авіяналёт РФ

Нагадаем, увечары 27 чэрвеня расійскія вайскоўцы запусцілі некалькі груп ударных беспілотнікаў тыпу «Шахед» па тэрыторыі Украіны. Пазней, уночы 27-га стала вядома аб пуску крылатых ракет «Калібр». А таксама — аб узлёце МіГ-31К, які з'яўляецца носьбітам аэрабалістычнай ракеты «Кінжал», і аб пагрозе нанясення авіяўдараў з боку тактычнай авіяцыі РФ.

Выбухі таксама прагрымелі ў Хмяльніцкай вобласці, за ноч яны гучалі ў рэгіёне не менш за чатыры разы. Акрамя таго, выбух прагрымеў і ў Кіеўскай вобласці. Прычыны ўлады Кіева не патлумачылі, але напісалі ў сеціве пра працу СПА ў Кіеўскай вобласці.

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Генштаб УСУ: Вораг атакуе на 10 кірунках

Найбольш вострая сітуацыя на Тарэцкім і Пакроўскім кірунках. Раніцай там ужо адбітыя больш за 10 атак, піша korrespondent.net.

З пачатку гэтых сутак на фронце ўжо адбылося 48 баявых сутыкненняў. Войска РФ атакуе на 10 кірунках, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы ў чацвер, 27 чэрвеня.

  • Так, на Харкаўскім кірунку працягваецца бой за Ваўчанск. Сітуацыя там кантралюецца.

  • На Купянскім кірунку ад пачатку сутак адбылося чатыры боесутыкненні ў раёнах Стэпавай Навасёлаўкі, Пяшчанага, Стэльмахоўкі і Андрэеўкі. Расіяне працягваюць два штурмы.

  • На Ліманскім кірунку УСУ адбіваюць дзве атакі ў раёнах Капанак і Неўскага.

  • На Северскім кірунку адбыліся чатыры атакі РФ. Тры з іх — у раёнах Спорнага і Раздолеўкі — поспеху не мелі. Яшчэ адно боесутыкненне ў раёне Раздолеўкі працягваецца.

  • На Краматорскім кірунку РФ не адмаўляюцца ад намераў прарвацца ў раёне Часавага Яру. Два штурмавыя дзеянні працягваюцца.

  • «Напружаная сітуацыя на Тарэцкім кірунку. Агрэсар актыўны ў раёнах Тарэцкага, Паўночнага і Жалезнага. Атака паблізу Дружбы адбітая нашымі абаронцамі», — гаворыцца ў паведамленні.

  • Таксама абвостранай застаецца сітуацыя на Пакроўскім кірунку. За сённяшні дзень ужо адбылося 13 штурмаў праціўніка, дзевяць з якіх паспяхова адбітыя. Працягваюцца баі.

  • На Курахоўскім кірунку адбываецца восем баёў у раёнах Краснагораўкі, Георгіеўкі і Параскавееўкі.

  • На Врэміўскім кірунку РФ атакуе блізу Канстанцінаўкі.

  • На Арэхаўскім кірунку расіяне без поспеху штурмавалі ў раёне Малой Такмачкі.

На астатніх кірунках войскі РФ актыўных дзеянняў не праводзілі.

«Дзякуючы гнуткасці сістэмы нашай абароны і зладжанасці дзеянняў падраздзяленняў, украінскія воіны ўпэўнена ўтрымліваюць пазіцыі і знішчаюць акупантаў», — запэўнілі ў Генштабе УСУ. 

ISW: Паўночная Карэя накіруе інжынерныя войскі на акупаваныя Расіяй часткі Украіны

Паўночная Карэя накіруе ваенна-будаўнічыя і інжынерныя сілы для ўдзелу ў «аднаўленчых работах» на тэрыторыі часова акупаваных раёнаў Данецкай вобласці, гаворыцца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Днямі паўднёвакарэйскі тэлеканал TV Chosun са спасылкай на аднаго з чыноўнікаў урада КНДР паведаміў, што ў ліпені 2024 года Пхеньян плануе накіраваць у акупаваную Данецкую вобласць буйнамаштабныя інжынерныя сілы. Гэтыя сілы дапамогуць аднавіць інфраструктуру ў часова акупаваным Данецку, піша www.rbc.ua.

Паўночнакарэйскае войска мае 10 інжынерных брыгад. Тэлеканал Chosun падлічыў, што Паўночная Карэя магла б штогод атрымліваць ад Расіі да 115 мільёнаў долараў у замежнай валюце, калі б яна накіравала тры-чатыры інжынерныя групы ў акупаваныя рэгіёны Украіны.

«ISW яшчэ не бачыла паведамленняў, якія б паказвалі на тое, што паўночнакарэйскія вайскоўцы маюць намер удзельнічаць у баявых дзеяннях ва Украіне. Аднак прамая інжынерная падтрымка КНДР магла б вызваліць расійскую баявую сілу для аперацый уздоўж лініі фронту і спрыяць намаганням Расіі па пашырэнні ваеннай інфраструктуры і абарончых умацаванняў на акупаванай тэрыторыі Украіны», — гаворыцца ў паведамленні.

Пазней прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамлі не знаёмыя з паведамленнямі наконт рашэння Пхеньяна адправіць інжынерныя брыгады Карэйскай Народнай арміі ў Данбас.

Еўрасаюз распрацаваў механізм разблакоўкі грашовых пераводаў з Расіі ў ЕС

Гэтыя пераводы былі замарожаныя з-за ўдзелу ў аперацыях банкаў, што трапілі пад санкцыі. Адпаведныя змены ўнеслі ў рэгламент Рады ЕС № 269/2014, на аснове якога заблакавалі сродкі. Пра гэта гаворыцца ў публікацыі ў Афіцыйным часопісе ЕС.

У дакуменце сказана, што краіны Еўрасаюза могуць «на ўмовах, якія палічаць мэтазгоднымі», зняць блакаванне з пераводу, калі аперацыю замарозілі праз тое, што ў ланцужку пералічэнняў ёсць падсанкцыйны банк-пасярэднік або банк-адпраўнік.

Для разблакоўкі неабходна, каб адпраўнік і атрымальнік сродкаў, да якіх належаць фізічныя асобы, кампаніі і арганізацыі, не знаходзіліся пад санкцыямі ЕС.

Каля 10 тысяч замежнікаў, якія нядаўна атрымалі грамадзянства РФ, «адлавілі»  і адправілі на вайну ва Украіне


У Расіі «адлавілі» больш за 30 тысяч замежнікаў, якія нядаўна атрымалі грамадзянства Расіі, і не ўсталі на воінскі ўлік. Пра гэта, як паведамляе «Інтэрфакс», распавёў кіраўнік Следчага камітэта РФ Аляксандр Бастрыкін, калі выступаў на Пецярбургскім міжнародным юрыдычным форуме, паведамляе
«Медуза».

«Ужо каля 10 тысяч з іх адпраўленыя ў зону спецыяльнай ваеннай аперацыі (СВА)», — заявіў старшыня СК. Ён адзначыў, што такім чынам праваахоўныя органы «сталі рэалізоўваць палажэнні Канстытуцыі і нашых законаў».

«Навошта яны там патрэбныя, гэтыя таварышы? Капаць акопы і ўмацаванні ствараць, для гэтага патрэбныя добрыя працоўныя рукі», — сярод іншага сказаў Бастрыкін.

 Падчас свайго выступу Бастрыкін таксама прапанаваў змяніць міграцыйную палітыку ў Расіі: «Я лічу, самае галоўнае — змяніць міграцыйную палітыку Расіі, дакладна абгрунтаваць неабходнасць, а можа быць нават наогул зрабіць так, каб унутранымі рэсурсамі вырашыць свае палітычныя, эканамічныя, нацыянальныя і іншыя праблемы».

У апошнія месяцы неаднаразова паведамлялася, што прадстаўнікі праваахоўных органаў Расіі ладзяць аблавы на мігрантаў, каб уручыць ім позвы або даставіць у ваенкамат.

Навіны вайны

  • Ва Украіне плануюць адмяніць адключэнне святла на прыфрантавых тэрыторыях, паведаміў кіраўнік Укрэнерга Уладзімір Кудрыцкі. Паводле яго слоў, цяпер Кабмін працуе над магчымасцю змены методыкі прымянення адключэнняў для часткі прыфрантавых тэрыторый, дзе і так цяжкая гуманітарная сітуацыя і ёсць рэальная пагроза жыццю з-за абстрэлаў. Плануецца, што будзе вызначана зона, блізкая да лініі фронту, дзе адключэння больш не будуць прымяняцца.
  • Расіяне раніцай абстралялі Тарэцк Данецкай вобласці, адзін чалавек загінуў, паведаміў кіраўнік АВА Вадзім Філашкін. Акрамя таго, РФ скінула авіябомбу на Селідава — параненыя шэсць чалавек, сярод іх двое падлеткаў. Яшчэ адзін чалавек пацярпеў у выніку абстрэлу Ясенава Пакроўскай абшчыны. За папярэднія суткі ў вобласці адзін чалавек загінуў (у Тарэцку) і 14 атрымалі раненні.
  • Раніцай у Мікалаеўскім раёне абломкі збітай ракеты ўпалі на трасу, паранены кіроўца грузавіка. У выніку гэтага адбылося ДТЗ, у якім пацярпеў яшчэ адзін чалавек, паведаміў кіраўнік АВА Віталь Кім.
  • У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў адзін чалавек загінуў, 16 атрымалі раненні, з іх двое дзяцей, паведаміў кіраўнік АВА Аляксандр Пракудзін. Пашкоджана шматпавярхоўка і 15 прыватных дамоў, прамысловы аб'ект, крама, складское памяшканне гуманітарнага штаба і газаправод.
staty_rf_27_06_2024.jpg

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 27 чэрвеня: асабовага складу — каля 539 320 (+1260 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 8042 (+3), баявых браніраваных машын — 15 459 (+9), артылерыйскіх сістэм — 14 363 (+42), сродкаў СПА — 868 (+5), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 11 459 (+24), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 19 468 (+61), спецыяльнай тэхнікі — 2420 (+11).

  • NATO на саміце ў ліпені прапануе Украіне стварыць новую штаб-кватэру ў Германіі для кіравання вайсковай дапамогай, піша The New York Times са спасылкай на крыніцы. Гэта стане гарантыяй доўгатэрміновай прыхільнасці Альянсу бяспекі краіны, абвешчанай як "мост" да магчымага сяброўства Кіева. Місія будзе дзейнічаць пад эгідай NATO і павінна працягнуць працу, нават калі Трамп пераможа на выбарах прэзідэнта ЗША. Місія будзе каардынаваць вайсковую дапамогу Украіне, падрыхтоўку вайскоўцаў і г.д. Усе краіны NATO падтрымліваюць ідэю яе стварэння, распавялі чыноўнікі.