889-ты дзень вайны. Кіеўшчына пад самай масіраванай атакай дронаў за ўвесь час вайны

Ноччу ўкраінскія сілы СПА збілі ўсе паветраныя цэлі: 89 «Шахедаў» і ракету Х-59. У расійскім СІЗА памёр ваеннапалонны з брыгады «Азоў». У Харкаўскай вобласці пасля атакі РФ ратавальніку прыйшлося ехаць да сябе дадому па выкліку. Распавядаем галоўнае, што стала вядома падчас чарговага дня поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. 

Наступствы атакі Кіеўшчыны

Наступствы атакі Кіеўшчыны

У ноч на 31 ліпеня Расія нанесла ўдар па Украіне ракетай Х-59 і 89 ударнымі беспілотнікамі «Шахед» 131/136

Сілы супрацьпаветранай абароны знішчылі ўсе паветраныя цэлі.

Пра гэта паведаміў камандуючы ВПС Узброеных сіл Украіны Мікалай Алешчук.

Паводле яго слоў, гэта адна з самых масіраваных атак дронамі за ўвесь час поўнамаштабнай вайны. Столькі ж дронаў расійцы выпусцілі ў ноч на 1 студзеня 2024 года.

Расійцы выпусцілі авіацыйную ракету з тэрыторыі часова акупаванай Херсоншчыны, а ўдарныя беспілотнкі — з Ейска, Сешчы, Курска і Прыморска-Ахтарска (РФ). Асноўны кірунак удару — Кіеўшчына.

Для адбіцця паветранай атакі былі задзейнічаныя мабільныя агнявыя групы ўсіх сіл абароны Украіны, тактычная авіяцыя ВПС і вайсковая авіяцыя Сухапутных войскаў, зенітныя ракетныя падраздзяленні і РЭБ ВПС.

Па дадзеных КМВА, у межах Кіева і на подступах да сталіцы былі збітыя больш за 40 варожых беспілотнікаў. У выніку падзення абломкаў у прыватным доме ўзнік пажар, пацярпелых няма.

У Днепрапятроўскай вобласці зенітны агонь знішчыў 6 «шахідаў». Абышлося без ахвяр. У Херсонскай вобласці ўкраінскія вайскоўцы збілі 9 ударных беспілотнікаў праціўніка.

Сілы абароны Украіны нанеслі ўдары па складзе зброі пад Курскам у РФ

У ноч на 31 ліпеня ўкраінскія вайскоўцы нанеслі ўдары па складзе для захоўвання ўзбраення і ваеннай тэхнікі пад расійскім Курскам.

Пра гэта паведамілі ў Генштабе Узброеных сіл Украіны. Там адзначылі, што нанесці ўдары па складзе ўдалося сіламі і сродкамі ВМС УС Украіны ва ўзаемадзеянні з іншымі падраздзяленнямі Сіл абароны. Інфармацыя аб наступствах удару ўдакладняецца.

Тым часам улады Курска ўначы заявілі аб ракетнай пагрозе. Выконваючы абавязкі губернатара Курскай вобласці Аляксей Смірноў таксама паведаміў, што ў выніку атакі УСУ адным з аб'ектаў адбыўся пажар.

Мінабароны РФ заявіла, што цягам ночы расійская СПА нібыта збіла 11 беспілотнікаў над Белгарадскай, Бранскай, Курскай, Калужскай і Растоўскай абласцямі і часова акупаваным Крымам. Таксама нібыта ўдалося збіць ракету «Няптун» над Курскам.

У расійскім СІЗА памёр ваеннапалонны з брыгады «Азоў»

У Расіі заявілі аб гібелі ў СІЗА Растова-на-Доне ўкраінскага ваеннапалоннага Аляксандра Ішчанкі, які служыў кіроўцам у брыгадзе «Азоў».

Аляксандр Ішчанка. Telegram / Амбудсмэн Дзмітрый Лубінец

Аляксандр Ішчанка. Telegram / Амбудсмэн Дзмітрый Лубінец

Пра гэта было заяўлена падчас паседжання Паўднёвага акруговага ваеннага суда ў Растове-на-Доне, які разглядае справу Ішчанкі і яшчэ 23 «азоўцаў», перадае карэспандэнт расійскага выдання «Медыязона».

У суд пакуль не паступалі дакументы, якія пацвярджаюць смерць украінскага вайскоўца. Дакладная дата і прычына смерці таксама пакуль невядомыя.

На паседжанні суд завяршыў разгляд «доказаў», але дэбаты павінны адбыцца 7 жніўня, каб да таго часу атрымаць дакументы аб гібелі ўкраінскага вайскоўца.

Як піша «Медыязона», Аляксандру Ішчанку было 55 гадоў. У лютым 2022 года далучыўся да тэрытарыяльнай абароны брыгады «Азоў» у якасці ваеннага кіроўцы. Вясной таго ж года трапіў у расійскі палон у Марыўпалі. І стаў фігурантам «крымінальнай справы» разам з яшчэ 23 украінцамі.

У палоне на тэрыторыі акупаванай часткі Данецкай вобласці Аляксандра незаконна абвінавацілі па двух артыкулах — «удзел у дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі» і «замах на гвалтоўны захоп улады».

Каардынацыйны штаб па абыходжанні з ваеннапалоннымі пацвердзіў смерць вайскоўца брыгады «Азоў» Аляксандра Ішчанкі ў расійскім ізалятары. Высвятляюцца абставіны смерці.

У той жа час амбудсмэн Дзмітрый Лубінец напісаў тэрміновы ліст Упаўнаважанаму па правах чалавека ў РФ з нагоды смерці, а таксама праінфармаваў аб гэтым выпадку МКЧК і ААН.

У Харкаўскай вобласці пасля атакі РФ ратавальніку прыйшлося ехаць да сябе дадому па выкліку — у яго загінула жонка, 10-гадовы сын з апёкамі ў бальніцы

Пра гэту гісторыю распавялі ў МУС Украіны.

Гаворка ідзе пра абстрэл з паветра вёскі Вялікі Бурлук Харкаўскай вобласці. Таксама МУС апублікавала кадры разбурэнняў пасля абстрэлу і дома ратавальніка.

Крыніца: telegram

ГУР завяршыла масіраваную кібератаку на банкаўскую сістэму і дзяржаўныя рэсурсы РФ

Хакеры Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны завяршылі масавую DDOS-атаку на інтэрнэт-інфраструктуру расійцаў. У выніку атакі ўдалося нанесці ўдар па найбуйнейшым банкам і дзяржаўным рэсурсам РФ. Пра гэта hromadske паведаміла інфармаваная крыніца.

Атака завяршылася ўвечары 30 ліпеня. Яна працягвалася амаль тыдзень. Так, украінскім хакерам удалося атакаваць шэраг расійскіх банкаў, у тым ліку ВТБ-Банк, Альфа-Банк, Сбербанк, Газпромбанк і Дом.РФ» і Банк Расіі. А ў апошні дзень атакі ўдалося паразіць рэсурсы Мінабароны РФ, МУС і Федэральнай падатковай службы.

Як паведаміла крыніца, па стане на вечар 30 ліпеня большасці расійцаў не ўдалося аднавіць нармальнае функцыянаванне банкаўскіх і плацёжных сістэм, працу мабільных аператараў, сацыяльных сетак і інтэрнэт-правайдэраў.