901-шы дзень вайны. 28 населеных пунктаў РФ пад кантролем УСУ – в.а. губернатара Курскай обласці

Украіна прасоўваецца ў Курскай вобласці, нягледзячы на заявы Расіі аб стабілізацыі сітуацыі, адзначае ISW. Выконваючы абавязкі губернатара Курскай вобласці Аляксей Смірноў заявіў, што пад кантролем УСУ знаходзяцца 28 населеных пунктаў. 

photo_2024_08_12_17_21_21.jpg

Украінскія войскі капаюць акопы ў Курскай вобласці Расіі. Гэта прыкмета таго, што яны плануюць застацца, піша Forbes.

На шосты дзень наступу Украіны ў Курскую вобласць на поўдні Расіі з'явілася ўсё больш доказаў таго, што ўкраінскі корпус уварвання — частка брыгад колькасцю 2000 чалавек плюс як мінімум адзін асобны батальён колькасцю 400 чалавек, — плануе застацца.

“Украінцы капаюць траншэі. Чакаючы пазіцыйнай вайны ўздоўж або паблізу існуючай лініі фронту, рускія таксама абкопваюцца”, — піша выданне.

Тое, што абодва бакі ўмацоўваюць свае пазіцыі, не азначае, што ўкраінцы скончылі наступ. Гэта таксама не азначае, што расейцы не могуць контратакаваць і адціснуць украінцаў да мяжы, адзначаюць аналітыкі.

“Але гэта азначае, што стабілізацыя лініі фронту і доўгатэрміновая ўкраінская акупацыя часткі Курскай вобласці — на парадку дня”, — падкрэсліваюць журналісты.

*****

Наступ УСУ ў Курскай вобласці дазволіў сілам абароны Украіны хоць бы часова перахапіць ініцыятыву на адным участку фронту і працягнуць супрацьстаянне на ўсім полі бою.

Валоданне ініцыятывай на ўсёй тэрыторыі баявых дзеянняў з лістапада 2023 года дазволіла акупантам самім вызначаць месца, час, маштаб і патрабаванні да вядзення баёў ва Украіне і прымусіла Кіеў марнаваць матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы на рэактыўныя абарончыя аперацыі.

Як піша ISW, аперацыя ў Курскай вобласці можа накласці доўгатэрміновыя абмежаванні на аператыўнае планаванне, з якімі акупанты раней не сутыкаліся.

*****

У Белгарадскай вобласці РФ пачалася эвакуацыя жыхароў раёна на мяжы з Украінай. Губернатар назваў яе "перамяшчэннем" праз "актыўнасць ворага".

Улады накіравалі ў Чырвонаяружскі раён транспарт, каб перавезці жыхароў "у больш бяспечныя месцы".

Верагодна, эвакуацыя звязаная з атакай з боку Украіны на прымежную расійскую вёску Калацілаўка, пра якую 11 жніўня паведамлялі расійскія z-каналы. Але пэўнай інфармацыі пра тое, што ўкраінскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Расіі яшчэ і ў Белгарадскай вобласці (акрамя Курскай) пакуль няма.

*****

УСУ могуць атрымаць больш танкаў Leopard 2 ад Германіі. Як заявіў кіраўнік камітэта па абароне Бундэстага Маркус Фабер, наступ УСУ ў Курскай вобласці РФ адбываецца лепш, чым чакалася. Гэта з'яўляецца падставай казаць аб павелічэнні колькасці нямецкіх танкаў для Сіл абароны.

Акрамя таго, нямецкі чыноўнік мяркуе, што прагрэс украінцаў у Курскай вобласці дэманструе расейскаму насельніцтву, што “іх дыктатар нічога не кантралюе”, а вайсковае кіраўніцтва “перагружанае” гэтым.

“Добрая аснова для мірных перамоваў з пераемнікам Пуціна. І для перамоваў з Пуціным перад Міжнародным крымінальным судом”, — адзначыў Фабер.

*****

За апошнія суткі былі ліквідаваныя 1080 расійскіх вайскоўцаў.

Страты расійскай тэхнікі склалі: 

танкі – 3,

баявыя браняваныя машыны — 5,

артылерыйскія сістэмы — 65,

РСЗА — 3,

сродкі СПА — 1,

БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 73,

аўтамабільная тэхніка — 66.