980-ты дзень вайны. 19-я атака на ўкраінскую сталіцу за кастрычнік

У выніку ўдараў па Херсонскай вобласці тры чалавекі загінулі. Тры тысячы паўночнакарэйскіх вайскоўцаў ужо знаходзяцца ў Курскай вобласці. Распавядаем пра галоўныя падзеі чарговага дня поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. 

Наступствы атакі дронаў па Кіеву. T.ME/VA_KYIV

Наступствы атакі дронаў па Кіеву. T.ME/VA_KYIV

19-я атака на ўкраінскую сталіцу за кастрычнік

У выніку падзення абломкаў расійскага дрона ў Саломенскім раёне Кіева пацярпелі дзевяць чалавек, паведаміў мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко. У доме таксама ўзнік пажар.

«У жылым доме ў Саломенскага раёне, куды трапілі абломкі робата са сваёй нагі, зараз дзевяць пацярпелых. Сярод іх — 11-гадовая дзяўчынка. Усім медыкі аказалі дапамогу на месцы. Пажар у жылым доме ў Саломенскім раёне ліквідавалі. Выратавальныя службы працуюць на месцы. Медыкі таксама дзяжураць на месцы», — напісаў Клічко ў тэлеграме.

«Расійскія дроны не змянілі сваю пастаянную тактыку — заходзілі ў бок сталіцы з розных напрамкаў, на розных вышынях. Сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны варожыя беспілотнікі былі своечасова знойдзеныя і абясшкоджаныя», — паведаміў кіраўнік гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргей Папко у сваім тэлеграм-канале. 

Па яго словах, гэта ўжо 19-я атака на ўкраінскую сталіцу за кастрычнік; паветраная трывога гэтай ноччу працягвалася больш за дзве гадзіны.

Агулам Расія ў ноч на сераду атакавала Украіну 62 ударнымі беспілотнікамі і беспілотнікамі неўсталяванага тыпу. Таксама быў нанесены ракетны ўдар па Сумскай вобласці, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.

Да таго ж абломкі расійскага беспілотніка «Шахед», збітага падчас нападу на Кіеў у ноч на 30 кастрычніка, упалі на адзін з будынкаў Генеральнага штаба УСУ, сцвярджае былы дэпутат Вярхоўнай Рады Ігар Масійчук. Ён апублікаваў фатаграфію пашкоджанага будынка. Афіцыйна ўлады пра гэта не паведамлялі.

У выніку ўдараў па Херсонскай вобласці тры чалавекі загінулі, яшчэ 15 пацярпелі

Пра гэта паведаміў кіраўнік ваеннай абладміністрацыі Аляксандр Пракудзін.

У Херсоне былі атакаваныя шматпавярховыя дамы і прыватны жылы сектар, аб'екты крытычнай інфраструктуры, крама і адукацыйная ўстанова.

Украінскія беспілотнікі атакавалі некалькі рэгіёнаў Расіі ў ноч на 30 кастрычніка

У Курскай вобласці, як паведаміў губернатар Аляксей Смірноў, сілы СПА збілі пяць дронаў, частка абломкаў упала ў Жалезнагорску. Загарэўся дах аднаго з адміністрацыйных будынкаў, перадае «Медуза».

 У Мінабароны РФ паведамілі, што сілы СПА збілі 23 беспілотнікі ў Растоўскай, Курскай, Смаленскай, Арлоўскай, Бранскай і Белгарадскай абласцях. Расавіяцыя заявіла, што раніцай у маскоўскім аэрапорце Шарамеццева ўводзілі абмежаванні для бяспекі палётаў.

Financial Times: Масква і Кіеў «папярэдне абмяркоўваюць» прыпыненне ўдараў па энергетычных аб'ектах. У Крамлі гэта адмаўляюць

Па словах суразмоўцаў газеты, Кіеў спрабуе аднавіць перамовы пры пасярэдніцтве Катара.

Адна з крыніц Financial Times заявіла, што гаворка ідзе пра «вельмі раннія абмеркаванні аб патэнцыйным аднаўленні [перамоваў]».

Былы высокапастаўлены крамлёўскі чыноўнік, дасведчаны аб перамовах, сказаў FT, што прэзідэнт Расіі Пуцін наўрад ці пагодзіцца на здзелку да таго часу, пакуль расійскія войскі не выцесняць УСУ з Курскай вобласці. У сваю чаргу высокапастаўлены ўкраінскі чыноўнік заявіў, што Кіеў плануе працягваць наносіць удары па цэлях у Расіі, у тым ліку па нафтаперапрацоўчых заводах, каб прымусіць Маскву пачаць перамовы. 

Украінскія чыноўнікі распавялі FT, што восенню 2023 года Кіеў і Масква прыйшлі да «негалоснай дамовы» не наносіць удары па энергетычных аб'ектах адзін аднаго. У выніку Расія ўстрымалася ад буйнамаштабных нападаў на энергетычную інфраструктуру Украіны той зімой. Пасля таго, як Кіеў аднавіў напады беспілотнікаў на расійскія нафтавыя аб'екты, Масква палічыла пагадненне парушаным, адзначаюць суразмоўцы выдання.

У той жа час у Крамлі адмаўляюць перамовы з Кіевам аб спыненні ўзаемных удараў па энергетычнай інфраструктуры, піша Бі-бі-сі. 

Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў назваў "укідам" публікацыю Financial Times.

Глядзіце таксама

3 тысячы паўночнакарэйскіх вайскоўцаў ужо знаходзяцца ў Курскай вобласці

Каля 3 тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў размясцілі ў 50 км ад украінскай мяжы ў Курскай вобласці, паведамляе Financial Times са спасылкай на высокапастаўленых супрацоўнікаў украінскай разведкі.

Як піша газета, вайскоўцаў таемна перавезлі з Далёкага Усходу Расіі на гэтым тыдні.