«Акт адчаю» і «прызнанне правалу ўварвання ва Украіну». Сусветныя палітыкі пра мабілізацыю Пуціна

Сусветных палітыкаў не напалохала пуцінская «частковая мабілізацыя». Яны рашуча выказваюцца ў падтрымку Украіны, і пабачылі ў заявах кіраўніка Расіі хутчэй слабасць, чым сілу.

2022_09_21_13_03_08.png


Канцлер Германіі Олаф Шольц назваў абвешчаную Уладзімірам Пуціным частковую мабілізацыю «актам адчаю». Шольц таксама сказаў, што Расія «не можа выйграць гэтую злачынную вайну» ва Украіне.

«Пуцін толькі пагаршае сітуацыю. Ён ад самага пачатку зусім недаацаніў сітуацыю і волю ўкраінцаў да супраціву», — сказаў Шольц у кулуарах Генасамблеі ААН.

Офіс прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі лічыць, што абвешчаная Уладзімірам Пуціным частковая мабілізацыя — гэта фактычнае прызнанне правалу яго ўварвання ва Украіну. Брытанія працягне дапамагаць Украіне ў яе барацьбе за захаванне суверэнітэту, заявілі ў офісе прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі.

«Вялікабрытанія і нашы міжнародныя партнёры адзіныя ў асуджэнні неправамоцных дзеянняў расійскага ўрада», — гаворыцца ў заяве Офіса.

Старшыня Еўрапейскага савета Шарль Мішэль запэўніў, што падтрымка Украіны з боку Еўрасаюза застаецца нязменнай, нягледзячы на заявы і пагрозы Уладзіміра Пуціна.

«Крэмль абвясціў аб мабілізацыі ў Міжнародны дзень міру, пакуль краіны Генасамблеі ААН працягваюць працаваць у напрамку супрацоўніцтва, бяспекі і росквіту. У гэтай вайне ёсць толькі адзін агрэсар — Расія, і адна ахвяра агрэсіі — Украіна. Падтрымка ЕС Украіны застанецца непахіснай», — напісаў Мішэль у сваім твітары.

Прадстаўнік Еўракамісіі Петэр Стана заявіў у сераду, што Пуцін гуляе ў «вельмі небяспечную ядзерную гульню», і міжнародная супольнасць павінна прымусіць яго спыніць «такія вар'яцкія паводзіны».

«Ён выкарыстоўвае ядзерны элемент у рамках сваёй палітыкі тэрору, і гэта непрымальна», — сказаў чыноўнік ЕС. Па словах Стана, усе апошнія заявы Пуціна і яго рашэнне аб частковай мабілізацыі сваіх грамадзян — прыкмета адчаю і шлях да далейшай эскалацыі.

«Гэта яшчэ адзін доказ таго, што Пуцін не зацікаўлены ў міры, ён зацікаўлены толькі ў тым, каб і далей педаляваць агрэсію», — заявіў ён падчас прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў Еўракамісіі.

Ён таксама заявіў, што Еўропа ніколі не прызнае вынікі фальшывых, нелегітымных рэферэндумаў, якія плануюцца на ўкраінскіх тэрыторыях, якія знаходзяцца пад акупацыяй.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не верыць, што міжнародная супольнасць дазволіць Уладзіміру Пуціну ўжыць ядзерную зброю, але не выключыў рызыкаў, бо «немагчыма зазірнуць у галаву» Пуціну. Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю нямецкаму выданню Bild.

«Я не веру, што ён скарыстае гэтую (ядзерную — Рэд.) зброю. Я не веру, што свет дазволіць яму выкарыстоўваць гэтую зброю», – сказаў Зяленскі, дадаўшы, зрэшты, што рызыкі ёсць: «Мы не можам зазірнуць у галаву гэтаму чалавеку, ёсць рызыкі».

«Заўтра Пуцін можа сказаць: акрамя Украіны мы таксама хочам частку Польшчы, у адваротным выпадку мы выкарыстаем ядзерную зброю. Мы не можам ісці на такія кампрамісы», — сказаў Зяленскі.

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг назваў абвешчаную Уладзімірам Пуціным мабілізацыю небяспечнай, а ядзерную рыторыку — безразважлівай. Паводле яго слоў, сама ідэя ядзернай вайны абсурдная, і НАТА зробіць усё магчымае, каб данесці да Масквы ўсю сур'ёзнасць падобных заяў.

Прамова Пуціна — відавочная прыкмета эскалацыі, але ўсё сказанае ім не стала сюрпрызам, заявіў Енс Столтэнберг.

Пуцін пераацаніў свае сілы, ладзячы вайну ва Украіне, здзейсніў памылку, і яго апошнія заявы — відавочнае сведчанне гэтаму, лічыць генеральны сакратар NATO.

З ягоных слоў, адпраўка на фронт яшчэ сотняў тысяч чалавек пагоршыць не толькі канфлікт, але і становішча расійскага войска. Расійскія войскі дрэнна экіпіраваныя, у гэтай сістэме адсутнічаюць належнае камандаванне і кантроль, сказаў Столтэнберг.

Генеральны сакратар NATO запэўніў, што краіны альянсу будуць сумесна супрацьстаяць глабальным пагрозам.

Паводле ВВС, korrespondent.net, РБК-Украіна