Аляксандр Сырскі: РФ можа пачаць наступ на Чарнігаўскую вобласць, але не з Беларусі

Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі расказаў пра вядомыя яму планы расійскага Генштаба. І, на жаль, у гэтых планах няма варыянтаў спынення агню. У той жа час у РФ узрастаюць грамадскія настроі на заканчэнне вайны ва Украіне. Ідуць 1589-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 256 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 1 ліпеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 31 штурмавое дзеянне расіян ў раёнах Грышына, Новамікалаеўкі, Ніканараўкі, Навааляксандраўкі, Шаўчэнка, Удачнага, Котліна і ў бок Сяргееўкі, Біліцкага.

На Славянскім кірунку расійцы штурмавалі 27 разоў у бок Крывой Лукі, Азёрнага, Рай-Аляксандраўкі і ў раёне Рэзнікоўкі, Каленікаў.

На Канстанцінаўскім і Гуляйпільскім кірунках расіяне здзейснілі па 23 атакі на кожным.

На Ліманскім кірунку армія РФ 14 разоў атакавала ў бок Ставак, Ліману, Азёрнага, Баравой, Навасёлаўкі, Дробышава, Дзіброва, Ямпалю.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 12 разоў штурмавалі ў бок Хатняга, Зарубінкі, Шавякоўкі і ў раёне Старыцы, Лімана, Ваўчанскіх Хутароў, Арцельнага.

* * *

Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі ў інтэрв’ю ТСН выказаў меркаванне, што РФ можа пачаць наступ на Чарнігаўскую вобласць з тэрыторыі Бранскай вобласці.

«Пуцін паставіў задачу расійскаму Генштабу пралічыць розныя варыянты вядзення наступальнай аперацыі, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, з мэтай захопу Кіева і іншых тэрыторый. Расійскі Генштаб разлічыў некалькі варыянтаў дзеянняў. Улічваючы апошнія падзеі, я не думаю, што кіраўніцтва Беларусі адважыцца выкарыстоўваць уласную тэрыторыю і аддаваць яе агрэсару ў якасці плацдарма», — адзначыў Галоўкам УСУ.

Сырскі растлумачыў, што Украіна разлічвае і на такі варыянт развіцця падзей, аднак ён лічыць найбольш верагодным наступ з тэрыторыі Бранскай вобласці РФ на Чарнігаўскую вобласць.

«Найбольш верагодны варыянт, які пацвярджаецца некалькімі данымі, — гэта магчымыя наступальныя дзеянні на поўначы з тэрыторыі Бранскай вобласці РФ. Гэта рэалістычны варыянт, і, вядома, мы да гэтага рыхтуемся», — заявіў ён.

* * *

У ноч на 1 ліпеня Расія атакавала Украіну балістычнай ракетай «Іскандэр-М», кіраванай авіяцыйнай ракетай Х-59, а таксама 151 ударным БПЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта і падаўлена кіраваная авіяцыйная ракета Х-59 і 130 БПЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.

У ноч на 1 ліпеня расійскія захопнікі абстралялі 5 аўтазаправачных станцый Днепрапятроўскай вобласці, у выніку чаго загінула жанчына, а трое чалавек атрымалі раненні.

У выніку атакі дрона РФ на маршрутку раніцай 1 ліпеня ў Херсоне загінулі два чалавекі.

* * * 

732933788_1036857839293166_6846315122696673994_n.jfif

* * *

Страты расіян у разы перавышаюць украінскія, аднак пра пералом сітуацыі на фронце размова пакуль не ідзе, заявіў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі ў інтэрв’ю ТСН.

«Мы працягваем іх (акупантаў) знішчаць, мы знішчаем іх больш у разы, чым губляем. У нас ёсць на некаторых участках перавагі, мы сапраўды праводзім наступальныя дзеянні і паспяхова іх праводзім. Але ў той жа час для пералому гэтага яўна недастаткова. Вось калі мы будзем наступаць на апошніх участках, там па 18–20 км за суткі, тады дакладна можна сказаць, што мы зламалі сітуацыю ў корані», — сказаў Сырскі.

Ён адзначыў, што Расія не рыхтуецца да спынення вайны — на гэта ўказвае праграма дзяржаўнага абароннага заказу (ДАЗ) РФ. «У іх фактычна ўся прамысловасць пераведзена на ваенныя рэйкі… Мы ведаем яго ДАЗ на 2026 год, ён рыхтуецца да працягу вайны, там няма прыкмет, што ён паменшыў вытворчасць і рыхтуецца да нейкіх іншых дзеянняў ці да міру», — сказаў галоўнакамандуючы.

Галоўнакамандуючы УСУ мяркуе, што РФ можа абвясціць агульную мабілізацыю, але толькі «ў крайнім выпадку» і «напэўна, пасля выбараў». «Гэта адзін з апошніх інструментаў у іх у рукаве. Таму што яны не могуць да бясконцасці хаваць ад Пуціна рэальнасць гэтай вайны — дэакупацыю тэрыторый, ізаляцыю Крыма, разбурэнне абаронных прадпрыемстваў, буксаванне і памяншэнне наступальных аперацый. Яны гэта хаваюць ад Пуціна, але да бясконцасці гэта немагчыма рабіць, і ўрэшце ім давядзецца сутыкнуцца з гэтай рэальнасцю. Тады паўстане выбар — альбо мы ідзём на перамовы, альбо мы эскалуем», — лічыць Сырскі.

* * *

Расійскае насельніцтва праяўляе ўсё большы інтарэс да таго, калі скончыцца вайна Расіі супраць Украіны. Гэтаму спрыялі ўкраінскія атакі, ад якіх СПА РФ не змагла абараніць расіян, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі прывялі ў прыклад матэрыял Meduza. Крыніца выдання расказала, што згодна з сэрвісам Wordstat Яндэкса (галоўнай пошукавай сістэмы РФ) з 22 па 28 чэрвеня было зарэгістравана больш за 137 000 пошукавых запытаў «калі Расія скончыць вайну супраць Украіны». Гэта рэкордны паказчык з моманту пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ у лютым 2022 года.

Па даных Meduza, Яндэкс зафіксаваў значную частку запытаў у Маскоўскай і Ленінградскай абласцях — рэгіёнах, дзе Крэмль удзяляў прыярытэтную ўвагу ўстаноўцы сістэм СПА, але ў значнай ступені не змог абараніцца ад дальніх удараў Украіны.

Прычым колькасць запытаў пра тое, калі Расія скончыць вайну, расце ўжо другі тыдзень запар. Папярэдні пік фіксавалі ў перыяд з 1 па 7 чэрвеня, калі ўкраінскія дроны атакавалі Санкт-Пецярбург прама ў дзень Піцерскага міжнароднага эканамічнага форуму.

Акрамя гэтага, апытанні, праведзеныя звязаным з Крамлём Форумам грамадскага меркавання (ФГМ) з 19 па 21 чэрвеня, паказалі, што рэйтынг адабрэння дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна ўпаў на пяць працэнтных пунктаў — з 74% да 69% — у перыяд з 12 па 21 чэрвеня. Гэта адбылося неўзабаве пасля найбуйнейшага ўдару Украіны па Маскоўскай вобласці.

Штотыднёвыя апытанні ФГМ паказваюць, што рэйтынг даверу да Пуціна няўхільна падае пачынаючы з лютага 2026 года.

У ISW мяркуюць, што Крэмль, верагодна, захоўвае палітычны ўплыў на даныя апытанняў, якія праводзяць расійскія дзяржаўныя арганізацыі. Але характэрна тое, што ФГМ прызнае растучае незадавальненне Пуціным унутры краіны праз больш чым чатыры гады вайны.

«Пуцін прыкладаў значныя намаганні, каб абараніць буйныя гарады, такія як Масква і Санкт-Пецярбург, ад наступстваў вайны ва Украіне, але нядаўняя статыстыка сведчыць аб тым, што расійская грамадскасць, падобна, стамілася ад ваенных дзеянняў Расіі, верагодна, таму што Крамлю ў значнай ступені не ўдалося ізаляваць сваіх грамадзян ад наступстваў вайны», — зрабілі выснову аналітыкі.

* * *

Украіна і Швецыя падпісалі пагадненне аб закупцы 16 знішчальнікаў Gripen E. Разам з самалётамі Кіеў набудзе таксама пакет абсталявання, тэхнічнага абслугоўвання і падтрымкі, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Таксама ў рамках папярэдніх дамоўленасцей з прэм’ер-міністрам Ульфам Крыстэрсанам першыя 16 самалётаў Gripen C/D будуць перададзены нашым Паветраным сілам ужо ў пачатку 2027 года», — напісаў прэзідэнт Украіны.

Лідар Украіны абмеркаваў з міністрам абароны Швецыі Полам Ёнсанам пытанні абароннага супрацоўніцтва, уключаючы праграму Drone Deal і сумесную працу над супрацьракетнымі сістэмамі.

Па словах міністра абароны Украіны Міхаіла Фёдарава, самалёты будуць закуплены за сродкі еўракрэдыта і пры падтрымцы Вялікабрытаніі. Пастаўкі гэтых самалётаў пачнуцца ў пачатку 2029 года. Як адзначыў Фёдараў, Gripen здольныя несці ракеты Meteor, таму могуць стаць адным з ключавых фактараў тэхналагічнай перавагі Украіны: раней выяўляць пагрозы, больш эфектыўна процідзейнічаць варожай авіяцыі і знішчаць паветраныя цэлі на вялікай адлегласці.