Амерыканскі сенатар прапануе захопліваць танкеры расійскага «ценявога флоту», каб націснуць на Пуціна

Амерыканскі сенатар-дэмакрат Шэлдан Уайтхаўс заявіў, што час беспакарнага экспарту нафты ў абыход санкцый падыходзіць да канца. Паводле яго слоў, Захад гатовы перайсці ад папяровых забарон да рэальных сілавых дзеянняў. А РФ выпусціла ў студзені па Украіне рэкордную колькасць ракет. Ідуць 1455-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота з brookings.edu

Ілюстрацыйнае фота з brookings.edu

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 201 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 17 лютага.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 42 штурмы расіян у раёнах Радзінскага, Чырвонага Ліману, Пакроўску, Котліна, Удачнага і ў кірунках Тарэцкага, Вольнага, Шаўчэнка, Філіі і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 37 атак арміі РФ у бок Дабраполля, Прылук, Залізнічнага, Гуляйполя, Зялёнага і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 16 атак паблізу Канстанцінаўкі, Клебан-Быка, Аляксандра-Калінавага, Пляшчыеўкі, Русінага Яру, Сафіеўкі.

На Ліманскім кірунку расіяне правялі 14 атак у бок Надзеі, Глушчанкава, Аляксандраўкі, Дружалюбаўкі, Цвердахлебава, Дробышава, Ставак і Ліману.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 11 разоў атакавалі каля Ваўчанску, Ваўчанскіх Хутароў і ў кірунках Графскага, Вільчы, Шаўякоўкі, Чугунаўкі.

* * *

У ноч на 17 лютага аналітыкі праекта DeepState паведамілі пра прасоўванне расійскіх войскаў на некалькіх участках фронту ў Данецкай вобласці — паблізу Платонаўкі на Славянскім кірунку і ў Мірнаградзе.

У той жа час украінскімі войскамі быў зачышчаны раён пранікнення расіян паблізу Біліцкага на Пакроўскім кірунку.

На Пакроўскім кірунку фіксуецца заўважная актывізацыя расійскіх войскаў. У паўночнай частцы Пакроўска былі заўважаны пазіцыі запуску беспілотнікаў, а таксама спробы перакідання жывой сілы. У «шэрай зоне» застаюцца толькі некалькі кварталаў на яго паўночна-заходніх ускраінах у кірунку Грышына і невялікая частка тэрыторыі на поўначы, якая вядзе да Радзінскага.

Паводле ацэнкі DeepState, сітуацыя вакол Мірнаграда ацэньваецца як крытычная. Эксперты заяўляюць пра практычна завершаную абарону горада. «Сам Мірнаград паглынаецца праціўнікам. Гісторыя яго абароны падыходзіць да канца», — лічаць аналітыкі.

* * *

У перыяд з 11 па 15 лютага Сілы абароны Украіны адваявалі ў арміі РФ 201 квадратны кіламетр тэрыторыі, што стала найбуйнейшым прасоўваннем за апошнія два з паловай гады, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Адзначаецца, што плошча вызваленых украінскімі сіламі тэрыторый амаль роўная агульным дасягненням расійскіх войскаў за снежань 2025 года. Гэтае дасягненне стала найбуйнейшым у межах кароткатэрміновых дзеянняў Украіны з моманту пачатку контрнаступу ў чэрвені 2023 года.

«Гэтыя ўкраінскія контратакі, верагодна, выкарыстоўваюць нядаўнюю блакіроўку доступу расійскіх сіл да Starlink, што, паводле сцвярджэнняў расійскіх ваенных карэспандэнтаў, выклікае праблемы са сувяззю і кіраваннем войскамі на полі бою», — гаворыцца ў заяве ISW.

Найбуйнейшы прарыў украінскіх сіл адбыўся прыкладна ў 80 кіламетрах на ўсход ад Запарожжа, на тэрыторыях, якія заставаліся пад расійскім кантролем з лета 2025 года. Акрамя таго, украінскія вайскоўцы вярнулі кантроль над участкамі на Харкаўскім, Канстанцінаўскім, Пакроўскім і Навапаўлаўскім кірунках, адзначаюць у ISW.

* * *

У ноч на 17 лютага расійскія войскі нанеслі ўдар па Адэсе, у выніку чаго зафіксаваны разбурэнні грамадзянскай інфраструктуры, тры чалавекі траўмаваныя, адзін з іх у цяжкім стане.

Раніцай 17 лютага расійскія войскі пачалі масіраваную ракетную атаку Украіны. Па ўсёй краіне абвешчаная паветраная трывога.

У ноч на 17 лютага дроны атакавалі шэраг аб’ектаў у РФ, у прыватнасці Ільскі нафтаперапрацоўчы завод у Краснадарскім краі, дзе ў выніку трапляння ўзнік маштабны пажар.

* * *

634940167_1264041009242308_3188364537570846631_n.jfif

* * *

У студзені расійскія войскі выпусцілі па Украіне 91 балістычную ракету — гэта самы вялікі месячны паказчык з пачатку поўнамаштабнай вайны. На фоне гэтага Украіна актывізуе працу з саюзнікамі па ўзмацненні сістэм СПА, піша Мінабароны Украіны.

Мінабароны паведаміла, што працуе над паскарэннем паставак ракет для ЗРК Patriot — самых эфектыўных сістэм СПА, якія знаходзяцца на ўзбраенні УСУ. Падчас апошняга пасяджэння фармату «Рамштайн» была дасягнута дамоўленасць аб тэрміновай перадачы ракет са складаў еўрапейскіх партнёраў.

Паводле даных ведамства, з пачатку поўнамаштабнай вайны комплексы Patriot збілі амаль усе вядомыя тыпы паветраных мэтаў, у тым ліку знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі Су-34, крылатыя ракеты Х-101, Х-555 і «Калібр», а таксама аэрабалістычныя ракеты «Кінжал» і гіпергукавыя ракеты «Цыркон».

* * *

Амерыканскі сенатар Шэлдан Уайтхаўс падчас размовы з прэсай у Кіеве анансаваў агрэсіўныя крокі супраць расійскага нафтавага экспарту.

Уплывовы амерыканскі сенатар-дэмакрат заявіў, што час беспакарнага экспарту нафты ў абыход санкцый падыходзіць да канца. Паводле яго слоў, Захад гатовы перайсці ад папяровых забарон да рэальных сілавых дзеянняў.

Сенатар адзначыў, што на нядаўняй Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы саюзнікі Украіны нарэшце прыйшлі да згоды, што без знішчэння ценявога флоту РФ спыніць фінансаванне агрэсіі немагчыма.

Найбольш сенсацыйнай часткай выступу Уайтхаўса стала прапанова выкарыстаць вопыт мінулых гадоў. Ён узгадаў прэцэдэнт з венесуэльскай нафтай па рашэнні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

«Мы павінны быць гатовыя зрабіць тое, што было зроблена з танкерам ценявога флоту Венесуэлы: высадзіцца на судна і захапіць яго, калі гэта будзе неабходна», — падкрэсліў сенатар.

Мэта прапанаваных крокаў прагматычная: перапыніць паток нафтадаляраў, якія кормяць расійскую армію. Уайтхаўс упэўнены, што знішчэнне ценявога флоту прымусіць Пуціна сесці за стол перамоў не на яго ўмовах, а на ўмовах справядлівасці.

Таксама сенатар прывітаў новую «марскую ініцыятыву» еўрапейскіх партнёраў, якая павінна заблакаваць Балтыйскае і Паўночнае моры для расійскіх танкераў-парушальнікаў.

* * *

РФ можа рэзка скараціць здабычу нафты ўжо ў найбліжэйшы час з-за ўзмацнення ціску з боку адміністрацыі ЗША і ЕС, што прывядзе да перапаўнення сховішчаў, піша Reuters.

Паводле даных аналітычнай кампаніі Kpler, марскі экспарт расійскай нафты, які ў снежні складаў 3,8 млн барэляў у суткі, у студзені ўпаў да 3,4 млн барэляў, а ў лютым — да 2,8 млн барэляў.

У той жа час аб’ём нафты, якая захоўваецца на судах, у апошнія месяцы дасягнуў рэкорднага ўзроўню ў больш як 150 млн барэляў. Шмат якія танкеры таксама знізілі хуткасць руху, што сведчыць пра паслабленне попыту.

Аналітыкі лічаць, што ціск на экспарт РФ можа ўзмацніцца ў найбліжэйшыя месяцы, паколькі Індыя, якая ў 2025 годзе была найбуйнейшым пакупніком расійскай нафты, рыхтуецца абмежаваць закупкі для гандлёвай здзелкі з ЗША.

РФ вымушана будзе перанакіроўваць больш нафты на ўнутраныя сховішчы. Памер наземных сховішчаў невядомы, але іх аб’ём з’яўляецца абмежаваным. Паводле даных Kpler, наземныя запасы нафты складаюць каля 16 млн барэляў, або прыкладна 51% ад агульнай ёмістасці. РФ таксама можа выкарыстоўваць частку сваёй трубаправоднай сеткі для захоўвання нафты, што дазволіць павялічыць наземную ёмістасць да каля 100 млн барэляў.

РФ здабывае ў суткі каля 9,3 млн барэляў нафты, з якіх экспартуецца палова. Такім чынам наземныя сховішчы могуць хутка запоўніцца, і калі экспарт застанецца абмежаваным — адзіным магчымым варыянтам застанецца скарачэнне здабычы.