Барацьба з «фэйкамі». Раскамнагляд патрабуе ад вікіпедыі выдалення пяці артыкулаў пра вайну

Раскамнагляд запатрабаваў ад онлайн-энцыклапедыі «Вікіпедыя» выдаліць усе матэрыялы, у якіх, на думку Генпракуратуры РФ, распаўсюджваецца «недакладная інфармацыя» аб вайне ў Украіне.

1_6_4.jpg

Ведамства сцвярджае, што аўтары вікіпедыі «мэтанакіравана дэзінфармуюць карыстальнікаў у сваіх матэрыялах», прасоўваючы «выключна антырасійскую інтэрпрэтацыю падзей», піша «Медуза».

«У апошні час на вікіпедыі сталі масава размяшчацца матэрыялы, якія распаўсюджваюць недакладную інфармацыю па тэматыцы спецыяльнай ваеннай аперацыі на Украіне і дзеяннях Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі. Вікіпедыя стала новай лініяй пастаянных інфармацыйных нападаў на расійцаў. Аўтары размешчаных на «Вікіпедыі» артыкулаў мэтанакіравана дэзінфармуюць карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсу адкрыта ілжывай інфармацыяй. У апублікаваных на рэсурсе артыкулах прасоўваецца выключна антырасійская інтэрпрэтацыя падзей», — гаворыцца ў паведамленні Раскамнагляда.

Напярэдадні ў твітары «рускай вікіпедыі» паведамлялася, што Раскамнагляд патрабуе выдаліць інфармацыю адразу з пяці артыкулаў: «Бітва за Кіеў (2022)», «Ваенныя злачынствы ў перыяд уварвання Расіі ва Украіну», «Абстрэл бальніцы ў Марыупалі», «Разбурэнне Марыупальскага Тэатра (2022)» і «Разня ў Бучы». Якую менавіта інфармацыю неабходна выдаліць, не ўдакладнялася.

З пачатку вайны РКН ўжо неаднаразова дасылаў вікіпедыі патрабаванні аб выдаленні матэрыялаў пра падзеі ва Украіне, пагражаючы штрафам да чатырох мільёнаў рублёў. Ведамства заблакавала ўжо больш за 800 рэсурсаў, якія, на думку Генпракуратуры, распаўсюджвалі фэйкі аб дзеяннях расійскіх вайскоўцаў.