Большасць расійцаў апраўдваюць беларускі АМАП

Сацыёлагі правялі ў суседняй краіне апытанку пра беларускія выбары

minsk2608_myyt5.jpg


Сацыёлагі "Лявада-цэнтру" запыталіся ў жыхароў Расіі, што яны думаюць пра беларускія выбары. Большасць выказалася ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі і знайшла апраўданні дзеянням АМАПу.
Апытанка праводзілася 20–26 жніўня ў 137 населеных пунктах, выбарка прадстаўнічая, быў апытаны 1601 дарослы.
48% расійцаў уважаюць, што выбары прайшлі цалкам сумленна (23%) і ў асноўным сумленна (25%). Проста несумленнымі лічаць нашы выбары 18%, зусім несумленнымі — таксама 18%.
57% хацелі б, каб прэзідэнтам Беларусі заставаўся Аляксандр Лукашэнка, для 17% прымальны кандыдат ад апазіцыі.
Большасць расійцаў адмоўна ставіцца да беларусаў, што выйшлі на вуліцы — і гэта 39% з усіх апытаных. Спачуванне пратэстоўцам выказалі ўсяго 25% расійцаў.
Такая ж большасць у 39% перакананая, што пратэсты выкліканыя правакацыямі замежных сілаў, а 24% спісваюць усё на правакацыі беларускай апазіцыі. 28% лічаць, што беларусы проста стаміліся ад Аляксандра Лукашэнкі, пра фальсіфікацыі і пагаршэнне жыцця ў краіне кажуць па 23% чалавек. Усяго толькі 17% узгадала жорсткасць сілавікоў.
Дзеянні беларускага АМАПУ для 56% расіян — гэта ўсяго толькі выкананне закону (18%) ці неабходная жорсткасць, каб навесці парадак (38%). Амаль такая ж лічба нашых суседзяў (35%) кажа, што такой жорсткасці няма апраўданняў.
Большасць з апытаных, а гэта 58%, прапануюць, каб Лукашэнка пайшоў на перамовы і застаўся на чале ўлады, 12% заклікаюць яго гвалтам падавіць супраціў, 5% раяць яму ўцёкі, а 17% — адстаўку.
80% расійцаў чакаюць, што Лукашэнка застанецца на чале Беларусі.