Целы ўсплываюць не адразу. Як ідзе аперацыя па выратаванні людзей пасля знішчэння дамбы
Ахвярамі паводкі з-за знішчэння расійцамі дамбы Кахоўскай ГЭС сталі сама меней дзесяць чалавек. Пра гэта паведамляе Міністэрства ўнутраных справаў Украіны.
Па даных МУС Украіны на 13.00 12 чэрвеня, у выніку паводкі загінулі дзесяць чалавек (восем у Херсонскай і два ў Мікалаеўскай абласцях), 42 — лічацца зніклымі без вестак, у тым ліку сямёра дзяцей. Гэта даныя па правым беразе, які знаходзіцца пад кантролем Украіны, — паведамляе «Люстэрка».
На Херсоншчыне застаюцца падтопленымі 46 населеных пунктаў: 32 на ўкраінскай і 14 на акупіраванай тэрыторыях. Эвакуіравана 2743 чалавекі, у тым ліку 205 дзяцей і 76 маламабільных людзей.
У Мікалаеўскай вобласці падтоплены 31 населены пункт. Эвакуіраваны 982 чалавекі, сярод іх 167 дзяцей.
Кіраўнік Херсонскай АВА Аляксандр Пракудзін распавёў, што вада паступова працягвае адыходзіць і цяпер яе ўзровень складае 3,29 метра. Нагадаем, у першы дзень паводкі гэты паказчык складаў больш за 5,60 метра.
Штодня праводзяць адбор амаль 150 проб вады — пітной і рачной. Пакуль яна адпавядае нормам, паведамілі ў МУС.
Між тым з-за абмялення Кахоўскага вадасховішча без вады засталіся 32 населеныя пункты на Днепрапятроўшчыне, а гэта амаль 165 тысяч чалавек.
Санапрацоўка і вакцынацыя
Акупацыйная адміністрацыя левага берага аб загінулых нічога не паведамляе. Прызначаны РФ кіраўнік акупаванай Херсоншчыны Уладзімір Сальда заявіў, што з пачатку выратавальнай аперацыі з затопленых тэрыторый эвакуіраваны 7,1 тыс. чалавек, з іх 410 дзяцей і 95 маламабільных грамадзян. 80 чалавек шпіталізаваны.
Паводле яго слоў, «пік паводкі пройдзены»: у Новакахоўскай гарадской акрузе вада апусцілася да адзнакі 5 метраў, у Галапрыстанскай і Алёшкінскай акругах — да 1,5 метра.
Сальда таксама паведаміў аб пачатку "санітарнай апрацоўкі мясцовасці групоўкай сіл і сродкаў ад Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі" і вакцынацыі жыхароў Галапрыстанскага і Скадаўскага раёнаў. Мерапрыемствы праводзяцца "з мэтай пазбягання ўспышкі інфекцыйных захворванняў і распаўсюджання вірусных інфекцый", заявілі ў акупацыйнай адміністрацыі Новай Кахоўкі.
«Самыя цяжкія выпадкі»
Журналістка Бі-бі-сі Вольга Іўшына, якая ў якасці валанцёра знаходзіцца на левабярэжжы, піша, што апоўдні 12 чэрвеня экстранай эвакуацыі чакаюць па 59 адрасах — у тым ліку чатыры дзіцяці і пяць пенсіянераў. Паводле яе слоў, "гэта самыя цяжкія выпадкі — у людзей ужо няма вады і ежы, у пажылых няма патрэбных лекаў". Усяго ж актуальных заявак каля 1200. У спісе зніклых без вестак 556 прозвішчаў — гэта людзі, якія не выходзяць на сувязь з роднымі.
— Учора агульнымі намаганнямі вывезлі ў бяспеку 21 котку і 17 сабак. Валанцёр, якога пакусаў сабака, заматаў руку, надзеў пальчатку і працягвае эвакуіраваць людзей. Неверагодны чалавек, як і многія іншыя мясцовыя. Усім ім нізкі паклон! — распавяла журналістка.
Валанцёры, якія працуюць на акупаваным беразе, напярэдадні паведамілі «Астры», што мясцовыя ўлады вырашаюць пытанне аб закрыцці на каранцін пацярпелай ад паводкі Голай Прыстані.
Так званы «кандыдат у дэпутаты» на захопленай РФ тэрыторыі, які працуе на акупаванай частцы Херсонскай вобласці Яўген Кузьмін заявіў, што пакуль сітуацыя з загінулымі «кот у мяшку» — назваць дакладную іх колькасць не ўяўляецца магчымым, але тое што ахвяры ёсць, Кузьмін упэўнены. Ён сцвярджае, што асабіста бачыў траіх патанулых.
— Сітуацыя такая, што зразумейце, яны [цела] жа не адразу ўсплываюць, павінна прайсці пэўная колькасць часу, у залежнасці ад розных фактараў, ну і плынь цяпер вельмі моцная, на 4-ты дзень, калі вада пачала спадаць, утварылася вельмі моцная плынь на буйных вуліцах, якія паралельна ідуць Дняпру. І вось, магчыма, людзей вымывала і выносіла далей, — распавёў Кузьмін.
Паводле яго слоў, некаторыя людзі адмаўляюцца ад эвакуацыі, калі даведаюцца, што іх павязуць углыб акупаваных тэрыторый, а не "на Херсон".
Дамба Кахоўскай ГЭС была разбурана ў ноч на аўторак, 6 чэрвеня. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што каля трох гадзін ночы расійскія войскі ўчынілі ўнутраны падрыў канструкцый станцыі. У зоне падтаплення аказаліся 80 населеных пунктаў.
Зяленскі назваў Расію экатэрарыстам.