Defense Express: Беларусь магла стварыць для Расіі танную крылатую ракету

Ва Украіне ідуць напружаныя баі за Пакроўск і Мірнаград, лідар Расіі Уладзімір Пуцін наўпрост выдумляе перамогі свайго войска на фронце, а СМІ прыводзяць новыя факты магчымага саўдзелу Беларусі ў вайне ва Украіне. Ідуць 1373-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

4371052.jpg

Цягам мінулых сутак ва Украіне было зафіксавана 247 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 28 лістапада.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 59 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Шахава, Новага Шахава, Чырвонага Ліману, Радзінскага, Мірнаграду, Новаэканамічнага, Пясчанага, Зверава, Котліна, Удачнага, Маладзецкага Дачнага і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 31 атаку ў бок Канстанцінаўкі, Іванаполля, Сцяпанаўкі і іншых.

На Аляксандраўскім і Ліманскім кірунках зафіксавана па 29 атак на кожным.

На Гуляйпольскім кірунку абаронцы Украіны адбілі 20 атак расіян паблізу Зацішша, Салодкага, Чырвонага і ў бок Дабраполля, Прылукаў, Варвараўкі, Гуляйполя.

На Славянскім кірунку УСУ спынілі 13 атак у раёнах Ямпалю, Дронаўкі, Серабранкі, Выімкі і іншых.

На Арэхаўскім кірунку адбіта 10 атак расійцаў у бок Малой Такмачкі, Новаандрэеўкі, Стэпнагорска, Прыморскага і ў раёне Каменскага і Стэпавага.

* * *

Расійскія войскі актывізавалі наступ у Запарожскай вобласці, асабліва ў раёне Гуляйполя. Аналітыкі DeepState сцвярджаюць, што падзеі, якія адбыліся там за апошні тыдзень, маглі б завяршыцца стратай горада ўжо ў гэтым месяцы, але дзякуючы слушным рашэнням ваеннага камандавання ўдалося пазбегнуць «вялікай трагедыі».

Спікер Сіл абароны Поўдня Уладзіслаў Валошын пацвердзіў, што ў Запарожскай вобласці каля Гуляйполя адно з украінскіх падраздзяленняў неўзгоднена адышло з займаных пазіцый, расіяне скарысталіся гэтым і зайшлі ў фланг Сіл абароны.

Але цяпер, як адзначаюць аналітыкі, «дзякуючы ўдаламу ўзаемадзеянню камандавання АК "Поўдзень", 225 АШП і астатніх падраздзяленняў удаецца стабілізаваць сітуацыю — вораг істотна затармазіў у кірунку самога Гуляйполя, а таксама выстаўлена новая лінія абароны».

* * *

Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін выдумаў, што ў Данецкай вобласці «ідзе бой за Камсамольск». Пра гэта кіраўнік Крамля заявіў падчас стасункаў з журналістамі.

Пуцін у чарговы раз заявіў пра тое, што Пакроўск і Мірнаград нібыта акружаныя. Ён запэўніваў, што «70% Пакроўска захоплена, а на поўдні Мірнаграда ўжо адсеклі групоўку УСУ».

«А далей што? Калі паглядзець на карту — далей Камсамольск. А паўночней — Купянск, Славянск, Сіверск. У Камсамольску ўнутры горада ідуць баявыя дзеянні, прасоўванне ідзе далей», — дадаў ён.

Аднак ніякага Камсамольска на падкантрольнай Украіне частцы Данецкай вобласці няма. Горад з падобнай назвай — Камсамольскае — знаходзіцца на поўдні Данецкай вобласці непадалёк ад Марыупаля, але ён пад акупацыяй з 2014 года.

Пуцін не спыніў свае фантазіі і таксама заявіў, што пад кантроль расіян у Сіверску «перайшло 1700 будынкаў з 8000». Гэта сцвярджэнне гучыць даволі сумніўна, бо ў мірны час там жыло толькі каля 11000 чалавек.

* * *

Расійскія войскі былі вымушаны задзейнічаць аператыўны рэзерв пад Пакроўскам і Мірнаградам. Украінскія падраздзяленні блакуюць спробы штурмаў і вядуць актыўныя дзеянні для аднаўлення пазіцый, паведаміў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі пасля рабочай паездкі на Пакроўскі кірунак.

Паводле яго слоў, УСУ блакуюць спробы штурмаваць гарады малымі пяхотнымі групамі. На працягу тыдня непасрэдна ў Пакроўску праведзены пошук і знішчэнне расіян на тэрыторыі каля 11,5 кв. км.

«Праціўнік, панёсшы значныя страты і сутыкнуўшыся з нашым дзейсным супрацівам, быў вымушаны задзейнічаць у раёне Пакроўска-Мірнаградскай агламерацыі свой аператыўны рэзерв. Агрэсар спрабуе тут пастаянна мяняць кірункі атак, выкарыстоўвае падступную тактыку інфільтрацыі, у тым ліку маскіруючыся пад грамадзянскае насельніцтва або прыкрываючыся ім», — адзначыў Сырскі.

* * *

У ноч на пятніцу, 28 лістапада, у Саратаўскай вобласці Расіі прагрымела серыя выбухаў. Па даных маніторынгавых крыніц, пад удар трапіў мясцовы нафтаперапрацоўчы завод. На тэрыторыі завода відавочцы зафіксавалі пажар і слупы дыму.

У ноч на 28 лістапада ў Таганрогу Растоўскай вобласці Расіі жыхары паведамілі аб новых выбухах непадалёк ад аэрадрома, дзе раней былі пашкоджаны два расійскія ваенныя самалёты, паведамляе расійскі Telegram-канал Astra.

* * *

591030734_1201747235471686_550291821430310869_n.jpg

* * *

Беларусь магла стварыць танную крылатую ракету для РФ, піша Defense Express. На выставе Dubai Airshow у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах кампанія E-System Solutions прэзентавала новую ўдарную сістэму на базе таннай крылатай ракеты LCCM (Low Cost Cruise Missile) Mk2.

Ракета прызначана для знішчэння лёгкабраніраванай і браніраванай тэхнікі, камандных машын, самалётаў на аэрадромах, пунктаў кіравання і іншага абсталявання, у тым ліку пускавых установак ракетных комплексаў. Яе далёкасць складае ад 500 да 1000 км, а баявая частка мае вагу 25-50 кг. Хуткасць дасягае 600 км/г, а максімальная вышыня палёту — 11500 метраў. Тып сістэмы навядзення застаўся нераскрытым.

E-System Solutions заяўлена як сумесная беларуска-эмірацкая кампанія. Аналітыкі Defense Express мяркуюць, што гэта можа быць тая самая кампанія, якая раней прадстаўляла макет зенітнага комплексу «Бук-МБ2К».

Цікава, што прадстаўнікі E-System Solutions адзначылі ў сваіх каментарах аб распрацоўцы ракеты «на аснове вопыту ўкраінскага ваеннага канфлікту». Гэта дазваляе меркаваць пра магчымае супрацоўніцтва з расійскімі інжынерамі.

«Публічную дэманстрацыю можна растлумачыць жаданнем кінуць "пыл у вочы" — маўляў, гэта сумесная беларуска-эмірацкая распрацоўка і РФ тут ні пры чым», — адзначае Defense Express.

* * *

Еўропа рыхтуецца ваяваць з Расіяй. Германія распрацавала сакрэтны план на выпадак вайны з Расіяй. Францыя рыхтуе ўвядзенне ў краіне мадэлі добраахвотнай ваеннай службы. Урад Нідэрландаў арганізаваў першую стратэгічную нараду, прысвечаную павышэнню ўстойлівасці краіны да гібрыдных пагроз, піша The Wall Street Journal.

Выданне раскрыла дэталі распрацаванага Германіяй сакрэтнага плана на выпадак вайны з Расіяй. Ім займалася каля дзясятка высокапастаўленых нямецкіх афіцэраў. Працу над планам пачалі каля 2,5 гадоў таму.

У дакуменце на 1200 старонак падрабязна апісана, як 800 тысяч нямецкіх, амерыканскіх і іншых войскаў NATO будуць перапраўлены на ўсход, да лініі фронту. На карту нанесены парты, рэкі, чыгункі і трасы, па якіх яны будуць перасоўвацца, а таксама спосабы іх забеспячэння і абароны на шляху.

Нямецкія афіцыйныя асобы раней казалі, што чакаюць, што Расія будзе гатова атакаваць NATO ў 2029 годзе. Але серыя шпіёнскіх інцыдэнтаў, дыверсій і ўварванняў у паветраную прастору Еўропы сведчаць пра тое, што яна можа рыхтавацца да нападу раней, гаворыцца ў артыкуле.

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон раскрыў дэталі ўвядзення ў краіне мадэлі добраахвотнай ваеннай службы.

У 2026 годзе добраахвотную службу пачнуць разгортваць ва ўзброеных сілах, з 2027 года – магчыма, таксама ў іншых структурах, у прыватнасці нацыянальнай жандармерыі. Служба будзе доўжыцца 10 месяцаў. Першы месяц будзе прысвечаны агульнаму азнаямленню з армейскім жыццём і базавымі навыкамі, пасля чаго маладыя людзі будуць праходзіць навучанне ў пэўных падраздзяленнях і атрымліваць канкрэтную ваенную спецыяльнасць. Пры неабходнасці іх будуць прыцягваць да выканання розных місій на тэрыторыі краіны, як нясенне варты або дапамога насельніцтву, нароўні з кантрактнікамі.

Міністр абароны Італіі Гвіда Крозэта раскрытыкаваў інертнасць еўрапейскага кантынента перад абліччам гібрыдных атак і прадставіў 125-старонкавы план дзеянняў у адказ. Ён прапануе стварыць Еўрапейскі цэнтр процідзеяння гібрыднай вайне, кібервойскі колькасцю 1500 чалавек, а таксама ваенны персанал, які спецыялізуецца на штучным інтэлекце.

Цяпер Германія і Румынія робяць больш жорсткімі правілы, якія дазволяць уладам збіваць дроны, якія лётаюць над аэрапортамі і ваеннымі аб'ектамі. Саюзнікі ад Даніі да Чэхіі ўжо дазваляюць наступальныя кібераперацыі.

* * *

Пастаянны прадстаўнік Вялікабрытаніі пры АБСЕ Ніл Холанд заявіў, што «будучыню Украіны павінны вызначаць самі ўкраінцы», а мірнае пагадненне павінна гарантаваць Украіне «надзейныя механізмы бяспекі, каб прадухіліць будучую расійскую агрэсію».

«Пазіцыя Вялікабрытаніі зразумелая. Мы лічым, што будучыню Украіны павінны вызначаць самі ўкраінцы. Каб любое пагадненне забяспечыла справядлівы і доўгатэрміновы мір, яно павінна абараняць суверэнітэт і бяспеку Украіны; сцвярджаць прынцып, што межы нельга мяняць сілай; і гарантаваць надзейныя механізмы бяспекі, каб прадухіліць будучую расійскую агрэсію» — сказаў ён.

Холанд адзначыў, што Вялікабрытанія вітае сумесную заяву ЗША і Украіны пасля «надзвычай прадуктыўных перамоваў у Жэневе, накіраваных на завяршэнне незаконнай агрэсіўнай вайны Расіі», але Расія, як падкрэсліў брытанскі дыпламат, працягвае атакі нават падчас перамоваў.

«Калі праходзіў апошні раўнд перамоваў, Расія засыпала ўкраінскія гарады дронамі і ракетамі... Расія ведае, што яе пазіцыя абсурдная: заяўляць, што яна сур'ёзна ставіцца да мірных перамоў, адначасова захоўваючы свае максімалісцкія патрабаванні і спрабуючы шляхам бамбардзіровак прымусіць украінскіх грамадзянскіх падпарадкавацца», — адзначыў брытанскі дыпламат.

Ён пацвердзіў, што Лондан і надалей будзе падтрымліваць Украіну. «Вялікабрытанія працягне падтрымліваць Украіну і дапамагаць забяспечыць яе неабходным ваенным абсталяваннем для абароны ад расійскай агрэсіі, адначасова падтрымліваючы эканамічны ціск на Пуціна, каб паменшыць паступленні, якія фінансуюць вайну», — сказаў Холанд.