Дональд Трамп не выключыў пастаўкі Tomahawk Украіне, калі УСУ навучыцца імі карыстацца

Дональд Трамп упершыню з пачатку свайго прэзідэнцкага тэрміну ўвёў санкцыі супраць Расіі: але не тыя, якія доўга анансаваліся. І патлумачыў, што Украіна можа атрымаць ракеты Tomahawk — калі навучыцца імі карыстацца. А таксама Вашынгтон гатовы далучыцца да сістэмы гарантый бяспекі для Украіны. Ідуць 1338-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

Агулам цягам мінулых сутак ва Украіне адбылося 126 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 23 кастрычніка.

Амаль палова з іх — 50 — адбылася на Пакроўскім кірунку ў раёнах Уладзіміраўкі, Мірнаграду, Новаэканамічнага, Чырвонага Ліману, Ніканораўкі, Радзінскага, Лісоўкі, Навапаўлаўкі, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Зверава, Дачнага, Філіі і іншых.

На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны спынілі 20 атак каля Андрэеўкі-Кляўцова, Сасноўкі, Вярбовага, Прывольнага, Новавасілеўкі, Аляксандраграду і Новагрыгораўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 11 атак у раёнах Плешчыеўкі, Русінага Яру, Сафіеўкі і Шчарбінаўкі.

Па восем атак на кожным УСУ адбілі на Паўднёва-Слабажанскім і Славянскім кірунках.

Па чатыры боесутыкненні на кожным зафіксаваныя на Паўночна-Слабажанскім (Курскім), Купянскім і Ліманскім кірунках.

* * *

Украінскія падраздзяленні вызвалілі ад расійскіх акупантаў вёску Кучараў Яр на Дабрапольскім кірунку, паведамілі Дэсантна-штурмавыя войскі УСУ ў Facebook. Ваенныя дадалі, што падчас аперацыі ўкраінскія абаронцы ўзялі ў палон больш за 50 расійскіх салдат.

* * *

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) пацвярджае, што ўкраінскія войскі вызвалілі Кучараў Яр. Пра гэта сведчаць геалакацыйныя кадры ад 22 кастрычніка

Таксама геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 21 кастрычніка, паказваюць, як украінскія войскі наносяць удар па расійскім бронетранспарцёры БТР-82А на поўнач ад Ставак (на поўнач ад Лімана) падчас расійскай механізаванай атакі 20 кастрычніка, што ўказвае, што расійскія войскі прасунуліся на поўнач ад населенага пункта падчас атакі.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 21 кастрычніка, паказваюць, што ўкраінскія сілы займаюць пазіцыі ў заходняй частцы Зарэчнага (на ўсход ад Лімана) — раёне, у якім, па заявах расійскіх крыніц, захоўвалася прысутнасць расійскіх войскаў.

Геалакацыйныя кадры ад 22 кастрычніка ўказваюць, што расійскія войскі прасунуліся ў паўднёва-ўсходнім Мірнаградзе (на ўсход ад Пакроўска) падчас механізаванай атакі, а таксама ў цэнтральным Балагане (на поўнач ад Мірнаграда).

Геалакацыйныя кадры, датаваныя 20 кастрычніка, указваюць, што ўкраінскія сілы захоўваюць пазіцыі ці прасунуліся ў заходняй частцы Пакроўска — раёне, у якім, па заявах расійскіх крыніц, захоўвалася прысутнасць расійскіх сіл.

Геалакацыйныя кадры ад 20 кастрычніка, паказваюць, што ўкраінскія войскі захоўваюць пазіцыі ці нядаўна прасунуліся ў Карабельным раёне горада Херсона на Каранцінным востраве (непасрэдна на паўднёвы захад ад горада Херсон) — раёне, у якім расійскія крыніцы раней заяўлялі пра захаванне прысутнасці расійскіх войскаў.

* * *

Сем чалавек пацярпелі ў выніку расійскага ўдару па Кіеве ноччу 23 кастрычніка. У Падольскім раёне адбыліся ўзгаранні ў трох жылых дамах, гарэлі аўтамабілі ў некалькіх дварах, абломкі ўпалі каля сінагогі. Выбуховай хваляй пашкоджаны некалькі дамоў, школа і дзіцячы сад.

У Дзяснянскім раёне БпЛА патрапіў у 21 паверх жылога 24-павярховага дома, але не выбухнуў.

Падчас тушэння пажару, выкліканага ўдарам дрона ў сяле Зялёны Гай Харкаўскай вобласці, расіяне паўторна абстралялі месца, дзе працавалі ратавальнікі. Адзін ратавальнік загінуў і яшчэ пяцёра атрымалі раненні.

Ноччу расійскія войскі нанеслі ўдар беспілотнікам па чыгуначнай станцыі ў Сумах. У выніку атакі раненні атрымалі двое работнікаў чыгункі.

* * *

570046230_1172381345074942_994842302100524421_n.jpg

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што адмяніў запланаваную сустрэчу з Уладзімірам Пуціным у Будапешце. «Я адмяніў сустрэчу з Пуціным. Мне падалося, што мы не дасягнем таго, чаго павінны дасягнуць, таму я гэта зрабіў. Кожны раз у нас адбываецца добрая размова, але яна ні да чаго не прыводзіць», — заявіў Трамп падчас брыфінгу з генеральным сакратаром NATO Маркам Рутэ.

Таксама Трамп пракаментаваў магчымасць пастаўкі ракет Tomahawk Украіне. Ён заявіў, што для навучання патрэбна паўгода. «Патрэбна мінімум паўгода, каб навучыцца карыстацца Tomahawk. Адзіны спосаб, гэта калі іх запусцім мы (ЗША). Але мы гэтага не збіраемся рабіць», — сказаў Трамп.

* * *

Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ пасля сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Белым доме заявіў, што цалкам падтрымлівае ініцыятыву амерыканскага лідара па спыненні вайны ва Украіне, піша Reuters.

«Сёння мы сканцэнтраваліся на тым, як можна завяршыць вайну. Што я магу зрабіць, што можа зрабіць NATO, каб падтрымаць бачанне прэзідэнта Трампа па спыненні баявых дзеянняў і спынення забойстваў ва Украіне. Я цалкам яго падтрымліваю і мы ўбачым, як гэта рэалізаваць», — сказаў Рутэ.

Ён пацвердзіў, што Вашынгтон гатовы далучыцца да сістэмы гарантый бяспекі для Украіны, якую разам распрацоўваюць ЗША, Канада, Японія, Аўстралія і еўрапейскія партнёры. «Прэзідэнт дакладна заявіў: я хачу спынення агню, хачу, каб забойствы спыніліся. Мы тут, каб сказаць: так, мы падтрымліваем вас і хочам дапамагчы гэта ажыццявіць», — сказаў Рутэ.

* * *

Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць найбуйнейшых расійскіх нафтавых кампаній «Раснафта» і «Лукойл», а таксама іх даччыных кампаній, паведамляе Міністэрства фінансаў ЗША.

«Паколькі прэзідэнт Пуцін адмаўляецца спыніць гэтую бязглуздую вайну, Мінфін уводзіць санкцыі супраць дзвюх найбуйнейшых нафтавых кампаній Расіі, якія фінансуюць ваенную машыну Крамля. Мы гатовыя звярнуцца да дадатковых мер, калі гэта спатрэбіцца, каб падтрымаць намаганні прэзідэнта Трампа па спыненні яшчэ адной вайны. Мы заклікаем саюзнікаў далучыцца да нас і прытрымлівацца гэтых санкцый», — заявіў міністр фінансаў ЗША Скот Бесент.

У той жа час саюзнікі, да якіх звяртаўся Бесент, адзначылі, што санкцыі супраць расійскіх нафтавых кампаній, якія фінансуюць ваенныя дзеянні Масквы, імі былі ўведзены яшчэ да рашэння ЗША. У прыватнасці, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер сказаў, што Вялікабрытанія ўвяла такія санкцыі на мінулым тыдні і зазначыў, што «рады, што ЗША цяпер далучыліся да нас».

Таксама ўсе кампаніі, у якіх карпарацыі ПАТ «НК "Раснафта"» і «Лукойл» (Lukoil OAO) прама ці ўскосна валодаюць больш за 50 % капіталу, аўтаматычна падпадаюць пад блакаванне актываў, нават калі не ўнесены ў санкцыйны спіс асобна.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што разлічвае на ўплыў новых санкцый супраць расійскіх нафтавых кампаній, і спадзяецца, што яны прымусяць Уладзіміра Пуціна паводзіць сябе больш «разумна» і будуць спрыяць спыненню вайны ва Украіне.

«Гэта велізарныя санкцыі. Мы спадзяемся, што яны не працягнуцца доўга. Мы хочам, каб вайна скончылася. На мінулым тыдні загінулі тысячы салдат — і расіян, і ўкраінцаў. Гэта бязглузда, і гэта павінна спыніцца», — заявіў Трамп.

Ён дадаў, што не ўпэўнены, ці прымусіць гэты крок Пуціна сесці за стол перамоваў, але спадзяецца, што санкцыі будуць мець эфект.

* * *

Пастаянныя прадстаўнікі дзяржаў Еўрапейскага Саюза ў сераду ўхвалілі 19-ы пакет санкцый супраць Расіі. Гэта адкрывае шлях да яго зацвярджэння на ўзроўні Савета Еўрапейскага Саюза.

Паслы ЕС дамовіліся зацвердзіць новы, 19-ы пакет санкцый Еўрапейскага Саюза супраць Расіі па пісьмовай працэдуры, якая скончыцца ў 8 раніцы 23 кастрычніка.