Дональд Трамп падпісаў закон Ліндсі Грэма аб «пякельных санкцыях» супраць РФ
Дакумент прадугледжвае санкцыі супраць расійскіх чыноўнікаў, банкаў, алігархаў і «ценявога флоту» Расіі, а таксама дазваляе прэзідэнту ЗША ўводзіць мыты да 100% для краін, якія купляюць расійскую нафту, газ, уран і іншыя рэсурсы. Галоўнае, каб прэзідэнт ЗША скарыстаўся гэтым правам. Ідуць 1669-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 213 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 19 верасня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 29 атак расіян у раёнах Біліцкага, Сяргееўкі і Удачнага, а таксама ў кірунках Кучарава Яру, Тарэцкага, Стэпаў, Дабраполля, Ганнаўкі, Светлага, Чырвонападдолля, Навагрышына і Навапаўлаўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 18 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Асікава, Навасёлаўкі, Сцяпанаўкі, Мікалаеўкі і Русінага Яру.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 12 атак арсіі РФу раёнах Цярновай, Патыханава, Старыцы і Шырокага, а таксама ў кірунках Мікалаеўкі і Зарубінкі.
На Гуляйпольскім кірунку расійцы атакавалі 11 разоў у раёне Горкага, а таксама ў кірунках Роўнага, Ваздзвіжаўкі, Верхняй Тэрсы, Гуляйпольскага і Навасёлаўкі.
* * *
У ноч на 19 верасня Расія атакавала Украіну двума ракетамі «Цыркон» і 174 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя», а таксама «Бандэроль»/«Дань-Т». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 141 мэта. Атака працягваецца, у паветранай прасторы БпЛА, папярэджваюць Паветраныя сілы Украіны.
Увечары 18 верасня Расія масіравана атакавала Сумскую вобласць. У Сумскай грамадзе ў выніку ўдару КАБам па шматпавярховым доме загінулі 51-гадовы мужчына і 45-гадовая жанчына, пацярпела яшчэ 9 чалавек. Усяго пашкоджаны 8 шматпавярховых дамоў, 2 навучальныя ўстановы і больш за 20 аўтамабіляў.
У Белапольскай грамадзе ў выніку скіду з дрона 1 чалавек загінуў і 1 атрымаў раненні.
У Канатопскай грамадзе расійскія БПЛА ранілі дзвюх жанчын і пашкодзілі жылыя дамы, магазіны і інфраструктуру.
Увечары 18 верасня РФ атакавала Кіеўскую вобласць ударнымі беспілотнікамі: двое мужчын атрымалі раненні.
18 верасня расійскія войскі двойчы запар атакавалі цэнтральную частку Адэсы. Падчас першага ўдару расіяне трапілі ў 11-павярховы адміністрацыйны будынак. Другі ўдар яны нанеслі падчас працы ратавальных службаў. У выніку атак пацярпелі 11 чалавек, сярод іх — двое ратавальнікаў.
* * *
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў законапраект аб санкцыях супраць РФ, адным з суаўтараў якога быў нябожчык сенатар Ліндсі Грэм, гаворыцца ў паведамленні Белага дома.
«Законапраект HR 5334, "Закон Ліндсі Грэма аб увядзенні санкцый супраць Расіі і Ірана ў 2026 годзе", дазваляе і пашырае дзеянне ўстаноўленых законам санкцый, тарыфаў і забаронаў у дачыненні да Расіі, а таксама падаўжае дзеянне існуючых санкцый у дачыненні да Ірана», — гаворыцца ў паведамленні.
Такім чынам, закон набыў моц. Дакумент прадугледжвае санкцыі супраць расійскіх чыноўнікаў, банкаў, алігархаў і «ценявога флоту» Расіі, а таксама дазваляе прэзідэнту ЗША ўводзіць мыты да 100% для краін, якія купляюць расійскую нафту, газ, уран і іншыя рэсурсы. Санкцыі супраць Ірана падаўжаюцца яшчэ на пяць гадоў.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас зносін з прэсай прызнаў, што Расія атакуе саюзнікаў Украіны.
Адзін з журналістаў спытаў у Трампа, што кіраўніцтва Польшчы выказвае заклапочанасць, што Расія можа атакаваць саюзнікаў Украіны. На пытанне, ці згодны Трамп з такой ацэнкай, прэзідэнт ЗША заявіў, што атакі пачаліся ўжо даўно.
«Я думаю, што яны ўжо нападалі на саюзнікаў Украіны. Яны атакуюць саюзнікаў Украіны ўжо прыкладна пяць гадоў. Я думаю, усе з гэтым згодныя», — сказаў Трамп.
Напярэдадні Трамп заявіў, што ЗША дасягнулі значнага прагрэсу ў пытаннях стварэння сваёй ваеннай базы на тэрыторыі Польшчы, і яе месца размяшчэння аб'явяць ужо хутка.
* * *
Дзярждэпартамент ЗША ўхваліў магчымы продаж Украіне амерыканскага ўзбраення для сістэм СПА на суму 2,68 млрд долараў, паведамляе Дзярждэпартамент на сваім сайце.
«Дзяржаўны дэпартамент ЗША прыняў рашэнне аб ухваленні продажу ў рамках праграмы ваенных продажаў (FMS) прадукцыі для мадэрнізацыі сістэм супрацьпаветранай абароны, а таксама спадарожнага абсталявання і паслуг. Агульны прыкладны кошт складае 2,68 мільярда долараў», — гаворыцца ў паведамленні.
Украіна будзе фінансаваць закупку за кошт еўрапейскіх узносаў і сродкаў з амерыканскай праграмы «Замежнае ваеннае фінансаванне» (FMF), нададзеных яшчэ пры папярэдняй адміністрацыі ЗША.
Украіна падала запыт на закупку ракет S-300 Clone; ракет GAM-67; ракетных сістэм СПА з павялічанай далёкасцю дзеяння і лазерным навядзеннем; камплектаў для мадыфікацыі мабільных пускавых сістэм; радыёлакацыйных станцый RPS-202 для супрацьдзеяння БПЛА і г. д.
* * *
Расія рыхтуецца да новых спробаў паўплываць на выбарчыя працэсы ў ЗША, выкарыстоўваючы дэзінфармацыю і сучасныя тэхналогіі, піша The New York Times.
Па даных выдання, амерыканскія выведвальныя службы і эксперты па пытаннях бяспекі надаюць асаблівую ўвагу таму, як Масква можа выкарыстоўваць лічбавыя інструменты для ўздзеяння на амерыканскіх выбаршчыкаў. Цяпер ужо адсочваюцца спробы Крамля паўплываць на выбарчы працэс у ЗША, запланаваны на лістапад.
На мінулым тыдні сетка, якая раней была звязана з крамлёўскімі тролямі, двума асобнымі хвалямі апублікавала серыю відэа на X і BlueSky, якія былі зробленыя з дапамогай штучнага інтэлекту. У кантэнце былі беспадстаўныя заявы супраць дэмакратаў, якія балатуюцца ў Сенат.
У публікацыях утрымліваліся нападкі на кандыдатаў, выкарыстоўваючы тэмы, на якія прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і Рэспубліканская партыя спасылаліся ў дыскрэдытацыі дэмакратаў, у прыватнасці абвінавачанні ў карупцыі, антысемітызме і падтрымцы правоў геяў і трансгендараў.
Гэтыя публікацыі ўтрымлівалі ілжывыя або неабгрунтаваныя сцвярджэнні ў відэа, створаныя такім чынам, каб выглядаць так, быццам яны належаць вядомым навінавым арганізацыям, уключаючы CNN, BBC і The New York Times.
Расія ўжо неаднаразова праводзіла кампаніі ўплыву падчас выбараў у ЗША. У прыватнасці, амерыканскія спецслужбы заяўлялі аб расійскіх аперацыях, накіраваных на распаўсюджванне дэзінфармацыі і ўздзеянне на грамадскую думку, адзначае выданне.