Дональд Трамп практычна прыняў рашэнне пра перадачу ракет Tomahawk Украіне

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што практычна прыняў рашэнне пра перадачу ракет Tomahawk Украіне. Але ён хоча даведацца, куды будуць біць гэтыя ракеты. А пакуль Трамп яшчэ вагаецца, Украіна зрабіла свае дальнабойныя ракеты, намякнуў Уладзімір Зяленскі. Ідуць 1322-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Цягам мінулага дня ва Украіне зафіксавана 193 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 7 кастрычніка. 

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 59 атак расіян ў раёнах Ніканораўкі, Маяку, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Новаэканамічнага, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Пакроўску, Зверава, Котліна, Удачнага, Арэхавга, Філіі і іншых.

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейсніЛІ 23 атакі ў раёнах Русінага Яру, Кацярынаўкі, Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі і Палтаўкі.

На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 22 штурмы арміі РФ ў раёнах Зялёнага Гаю, Ялты, Паддубнага, Уваскрэсенкі, Студзеньскага, Воранаў і Новагрыгораўкі. «Чатыры баявыя сутыкненні працягваюцца», — адзначалі ў Генштабе УСУ.

На Сіверскім кірунку адбылося 20 баявых сутыкненняў паблізу Грыгорыўкі і ў кірунку Дронаўкі і Ямпалю.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку зафіксавана 19 атак расіян у раёнах Ваўчанскіх Хутароў, Каменкі, Строеўкі і іншых.

На Купянскім кірунку адбіта 11 атак расіян паблізу Купянску, Рэдзькаўкі і ў бок Пясчанага, Петрапаўлаўкі і Багуслаўкі.

* * *

Расійскія войскі занялі населены пункт Маліеўка ў Днепрапятроўскай вобласці, паведамляе маніторынгавы праект DeepState. Таксама яны фіксуюць прасоўванне расійскіх войскаў каля Воранаў ў Днепрапятроўскай вобласці, у Запарожскай вобласці — каля Новаіванаўкі і Паляўнічага, і ў Данецкай вобласці ў раёне Белай Гары. На гэты час афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі яшчэ няма.

* * *

Украінскія абаронцы ліквідавалі расійскіх дыверсантаў, якім удалося прасачыцца ў пасёлак Ямпаль Данецкай вобласці, заявіў спікер групоўкі войскаў «Усход» Рыгор Шапавал у эфіры тэлемарафона. Шапавала папрасілі расказаць пра сітуацыю ў раёне Ямпаля па стане на вечар 6 кастрычніка. «Сітуацыя там стабілізаваная. Праца па знішчэнні рэшткаў (расійскіх войскаў) завершана», — паведаміў спікер.

* * *

Сумы і Сумскі раён уначы 7 кастрычніка атакавалі расійскія ўдарныя БпЛА. У частцы горада перабоі з электразабеспячэннем. Расіяне патрапілі ў аб'ект грамадзянскай інфраструктуры ў Зарэчным раёне горада. Ёсць пашкоджанні, у прыватнасці ў жылым сектары, частковае абясточванне.

У ноч на 7 кастрычніка, расіяне атакавалі дронамі Палтаву. Таксама расійскія войскі падверглі Харкаў масіраванаму абстрэлу баявымі дронамі тыпу «Шахед». За дваццаць хвілін дронавай атакі на Харкаў прагучала каля двух дзясяткаў выбухаў. Загінуў адзін чалавек, трое паранены. 

Раніцай 7 кастрычніка некалькі груп ударных дронаў тыпу «Шахед» зафіксаваныя ў паўночнай частцы Украіны — у Чарнігаўскай, Сумскай і Кіеўскай абласцях. У Кіеве была абвешчана паветраная трывога.

* * *

559948993_1158315583148185_5694110304509995406_n.jpg

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што «практычна прыняў» рашэнне пра перадачу ракет Tomahawk Украіне. Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы з журналістамі ў Белым доме. Пры гэтым прэзідэнт ЗША адзначыў, што спачатку хоча пераканацца, як Украіна будзе выкарыстоўваць гэтыя ракеты. «Я хачу высветліць, што яны з імі зробяць, куды яны іх адправяць. Мне прыйшлося б задаць гэтае пытанне», — сказаў ён.

Трамп у чарговы раз паўтарыў, што вайна паміж Расіяй і Украінай «ніколі не павінна была пачацца» і адзначыў, што «дрэннае рашэнне» было прынята з абодвух бакоў. «Я не шукаю эскалацыі», — адзначыў Трамп.

Краіны NATO гатовыя пакрыць выдаткі на ракеты Tomahawk для Украіны, калі ЗША пагодзяцца на іх перадачу, адзначыў партал Axios.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэм'ер-міністрам Нідэрландаў Дзікам Схоофам паведаміў, што ў апошнія дні Украіна выкарыстоўвае для ўдараў па РФ дальнабойнае ўзбраенне выключна ўласнай вытворчасці. Гэта не толькі дроны, падкрэсліў Зяленскі.

«Па тых трапленнях, я думаю, можна зразумець людзям з тых фрагментаў, якія ёсць у сацыяльных сетках, дзе ёсць прымяненне дронаў, а дзе ёсць прымяненне не дронаў», — адзначыў Зяленскі. Ён падкрэсліў, што падрабязнасці па прымяненні дальнабойных магчымасцяў Украіны з'явяцца пазней.

Па словах прэзідэнта Украіны, не трэба рыхтаваць расіян да таго, што прымяняюць украінскія вайскоўцы. Але ў той жа час ён заявіў, што для Украіны «рэальна» вырабіць у 2026 годзе «ракет і дронаў на 35 мільярдаў».

* * *

Расійскія ўлады маюць намер праводзіць прызыў у войска круглы год. Так у насельніцтва хочуць «знізіць адчувальнасць» да працэсу прызыву, гаворыцца ў аглядзе брытанскай разведкі.

Там звярнулі ўвагу, што 24 верасня Дзярждума Расіі прыняла ў першым чытанні законапраект, які дазваляе прызыў на ваенную службу на працягу ўсяго года, а не толькі вясной і восенню.

«Гэта, верагодна, забяспечыць пастаянны прыток прызыўнікоў у расійскае войска. Хоць гэта дазволіць размеркаваць працэсы, якія папярэднічаюць прызыву, на працягу ўсяго года, цалкам рэальна, што гэта змяненне таксама прывядзе да зніжэння адчувальнасці насельніцтва да гэтага працэсу», — адзначылі ў разведцы.

* * *

Нямецкая разведка мае доказы, што Крэмль абмяркоўвае магчымасць агрэсіі супраць NATO, заявіў еўракамісар па пытаннях абароны Андрус Кубілюс у інтэрв'ю польскаму выданню Wyborcza.

«Нямецкая разведка сцвярджае, што ў яе ёсць доказы таго, што Крэмль абмяркоўвае напад на NATO. І калі абмяркоўвае, ці плануе ён напад? Мы не ведаем. Але да такіх сігналаў варта ставіцца вельмі сур'ёзна», — сказаў еўракамісар.

Андрус Кубілюс таксама не выключае, што Расія цалкам можа быць гатовай да вайны. Ён заклікаў і NATO, і Еўропу быць гатовымі да любых сцэнарыяў, навучаючыся на вопыце як украінцаў, так і расіян.

У Крамлі, з аднаго боку, адмаўляюць планы нападу на NATO. Па словах Уладзіміра Пуціна, еўрапейскія лідары, якія падтрымліваюць такія сцвярджэнні, дэманструюць уласную некампетэнтнасць. З іншага боку, спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў прама заяўляе, што «NATO дэ-факта ваюе з Расіяй, гэта відавочна і не патрабуе ніякіх дадатковых доказаў».