Дональд Трамп санкцыянаваў дальнабойныя ўдары Украіны па Расіі
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп санкцыянаваў дальнабойныя ўдары Украіны па Расіі і раздумвае над тым, каб даць Украіне крылатыя ракеты Tomahawk. Таму што ў адміністрацыі Трампа ўсвядомілі — менавіта Расія адмовілася ад мірных перамоў, нават з удзелам прэзідэнта ЗША. Ідуць 1314-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота
На працягу мінулага дня ва Украіне зафіксавана 136 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 29 верасня.
Больш за траціна расійскіх штурмаў — 53 — была спынена на Пакроўскім кірунку ў раёнах Уладзіміраўкі, Чырвонага Ліману, Ніканораўкі, Лісоўкі, Зверава, Котліна, Удачнага, Новаэканамічнага, Арэхавага, Філіі.
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 21 атаку паблізу Тэрнаў, Паддубнага, Маліеўкі, Новарыгораўкі, Новамікалаеўкі і іншых.
На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 12 атак у раёнах Шчарбінаўкі, Сцепанаўкі, Плешчыеўкі, Палтаўкі, Александрына-Калінавага, Русінага Яра.
На Сіверскім кірунку Сілы абароны спынілі восем наступальных дзеянняў расіян, на Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірункку за мінулы дзень адбылося сем баявых сутыкненняў.
Па пяць разоў на кожным расіяне атакавалі на Паўднёва-Слабажанскім і Ліманскім кірунках.
* * *
Расійскія войскі маюць праблемы з лагістыкай на Пакроўскім кірунку і недахоп асабовага складу на Данецка-Днепрапятроўскім кірунку фронту, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Украінскія войскі апошнім часам утрымлівалі пазіцыі або прасоўваліся наперад на поўначы Сумскай вобласці. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 27 верасня, сведчаць, што заявы Расіі пра захоп расійскімі войскамі пазіцый на паўднёвы ўсход ад Андрыеўкі (на поўнач ад Сумаў), з'яўляюцца ілжывымі і што ўкраінскія войскі захоўвалі пазіцыі або прасоўваліся ў гэтым раёне.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 28 верасня, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на поўдзень ад Зарэчнага (на захад ад Лімана).
Прадстаўнік украінскай брыгады, якая дзейнічае на гэтым кірунку, паведаміў, што расійскія войскі не захапілі Зарэчнае, але ўжо некалькі месяцаў праводзяць місіі па пранікненні ў мястэчка. Прадстаўнік адзначыў, што расійскія войскі пранікаюць групамі па пяць салдат, з якіх у сярэднім удары ўкраінскіх беспілотнікаў забіваюць траіх, раняць аднаго (які выжывае), а адзін губляецца. Ён распавёў, што невялікая колькасць расійскіх войскаў, якія хаваюцца ў Торскім (на ўсход ад Зарэчнага) і Зарэчным, чакаюць, калі беспілотнікі даставяць медыкаменты і харчаванне, але расійскае камандаванне часта адпраўляе ім расійскія сцягі, каб салдаты маглі здымаць прапагандысцкія відэаролікі, якія нібыта сведчаць пра расійскія наступленні.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 28 верасня, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на поўдзень ад Філіі (на поўдзень ад Новапаўлаўкі). Прадстаўнік Дняпроўскай групы войскаў Украіны палкоўнік Віктар Трэгубаў адзначыў, што расійскае ваеннае камандаванне перакідвае падраздзяленні з поўдня Украіны на ўсход Украіны. Трэгубаў лічыць, што гэта сведчыць пра праблемы ад недахопу асабовага складу.
* * *

* * *
Расія адмовілася ад двухбаковых перамоваў з Украінай і нават трохбаковых, з удзелам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс у інтэрв'ю Clash Report.
«На жаль, за апошнія пару тыдняў мы бачым, што расіяне адмовіліся праводзіць любыя двухбаковыя сустрэчы з украінцамі. Яны адмовіліся ад любых трохбаковых сустрэч, дзе прэзідэнт або іншы член адміністрацыі (Трампа - заўв.) мог бы сустрэцца з расіянамі і ўкраінцамі», — паведаміў Вэнс.
Як заявіў Вэнс, адміністрацыя Трампа па-ранейшаму імкнецца да міру, дадаўшы, што для гэтага патрэбны крокі з абодвух бакоў, а расіянам трэба прачнуцца і прыняць рэальнасць.
«Мы актыўна дамагаліся міру з самага пачатку працы адміністрацыі, але расіяне павінны прачнуцца і прыняць рэальнасць. Шмат людзей гіне. Ім няма чым ганарыцца. Колькі яшчэ людзей яны гатовыя страціць? Колькі яшчэ людзей яны гатовыя забіць дзеля вельмі невялікай, калі ўвогуле хоць якой-небудзь, ваеннай перавагі на месцах? Я думаю, што адказ — спадзяюся, не так ужо шмат», — заявіў Вэнс.
Ён дадаў, што ЗША будуць працягваць працаваць дзеля міру і выказаў надзею, што РФ усё ж такі прачнецца і ўсвядоміць рэальнасць на месцах.
* * *
Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс пацвердзіў Fox News, што ў адміністрацыі Дональда Трампа вядуць абмеркаванне пра патэнцыйнае прадастаўленне Украіне крылатых ракет Tomahawk.
Вэнс сказаў, што прадастаўленне Украіне Tomahawk — «гэта пытанне, па якім канчатковае рашэнне будзе прымаць прэзідэнт ЗША Дональд Трамп».
«Прэзідэнт зробіць тое, што лепш за ўсё адпавядае інтарэсам Злучаных Штатаў Амерыкі. Гэта з'яўляецца рухаючай сілай яго рашэнняў у галіне знешняй палітыкі і абароннай палітыкі», — сказаў Вэнс.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп санкцыянаваў дальнабойныя ўдары Украіны па Расіі, заявіў у эфіры Fox News спецыяльны пасланнік ЗША ва Украіне генерал Кіт Келаг.
На пытанне, ці заключаецца пазіцыя Трампа ў тым, што Украіна можа наносіць дальнабойныя ўдары па Расіі, Келаг адказаў: «Я думаю, што, прачытаўшы тое, што ён сказаў, а таксама тое, што сказалі віцэ-прэзідэнт Вэнс і сакратар Рубіа, адказ — так, выкарыстоўвайце магчымасць наносіць дальнабойныя ўдары».
У адказ на ўдакладняючае пытанне, ці ёсць ва ўкраінскіх войскаў дазвол на такое выкарыстанне амерыканскай зброі, Келаг сказаў: «Часам у іх ёсць такі дазвол, часам няма».
Пры гэтым Келаг таксама дадаў, што ў дачыненні да цэляў «не існуе такога паняцця, як сакральнае месца».