Дональд Трамп: Украіна мае ўсе магчымасці вярнуць усю сваю тэрыторыю
Украіна пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза мае ўсе магчымасці змагацца і вярнуць усю сваю тэрыторыю ў першапачатковым выглядзе, — такую заяву зрабіў Дональд Трамп пасля сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. І ў той жа час Трамп дадаў, што будзе прадаваць зброю NATO, каб NATO «магло рабіць з ёй усё, што пажадае». У тым ліку — перадаваць Украіне. Ідуць 1309-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулы дзень ва Украіне зафіксавана 172 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 24 верасня.
Траціна боесутыкненняў — 64 — прыйшлася на Пакроўскі кірунак, дзе абаронцы Украіны спынілі атакі расіян паблізу Уладзіміраўкі, Ніканораўкі, Новага Шахавага, Залатога Калодзежа, Новаэканамічнага, Міралюбаўкі, Радзінскага, Мікалаеўкі, Лісоўкі, Зверава, Котліна, Удачнага і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 33 атакі ў раёнах Навахацкага, Александраграда, Студзеньскага, Навасёлаўкі, Сасноўкі, Тэрнаў, Камышувахі і іншых.
На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 17 атак паблізу Пляшчыеўкі, Александра-Калінавага, Сафіеўкі, Кацярынаўкі, Клебан-Быка, Русінага Яра, Яблонаўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку армія РФ правяла 15 атак каля Грэкаўкі, Новаміхайлаўкі, Сярэдняга, Калодзежаў, Навасёлаўкі, Торскага і Шандрыгалава.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку адбылося 12 боесутыкненняў. На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 11 разоў спрабавалі прарваць абарону УСУ ў раёнах Валчанска, Адраднага і Заходняга.
* * *
Украінскія абаронцы напрацягу месяца вызвалілі ад расійскіх войск 360 квадратных кіламетраў тэрыторыі, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Нью-Ёрку.
«Нашы салдаты ў гэтым месяцы дэакупавалі 360 (квадратных) кіламетраў і акружылі 1000 (расійскіх) салдат. Вядома, мы хочам абмену, але ў любым выпадку нам патрэбны нашы салдаты», — падкрэсліў Зяленскі.
Паводле яго слоў, абарона будзе працягвацца, пакуль Расія не спыніць вайну. «Я спадзяюся, што яны ў любым выпадку спыняць яе», — адзначыў кіраўнік украінскай дзяржавы.
* * *
Ва Украіне з пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання загінула больш за 14 000 мірных жыхароў, уключаючы сотні дзяцей, заявіў на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш.
«Крытычна важная грамадзянская інфраструктура разбураецца з трывожнай рэгулярнасцю. А колькасць расійскіх ракет і беспілотнікаў, якія паражаюць украінскія гарады і вёскі, дасягнула рэкордных узроўняў. У выніку, за апошнія месяцы назіраецца адна з самых вялікіх колькасцяў ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва з пачатку вайны. Увогуле ва Украіне загінула больш за 14 000 мірных жыхароў, уключаючы сотні дзяцей», — сказаў Гутэрыш.
Ён адзначыў, што больш за 36 тысяч мірных жыхароў атрымалі раненні, што з'яўляецца толькі пацверджанымі лічбамі.
«Я заклікаю ўсе бакі забяспечыць бяспечны і бесперашкодны гуманітарны доступ да найбольш уразлівых, дзе б яны ні знаходзіліся», — сказаў Гутэрыш. Ён таксама заклікаў донараў павялічыць свой унёсак у план гуманітарнага рэагавання для тых, хто пацярпеў ад вайны ва Украіне і ва ўсім рэгіёне.
* * *
Расія ў ноч з 23 на 24 верасня масавана атакавала Харкаў і вобласць дронамі. У выніку абстрэлу пацярпелі жылыя дамы, крамы. Паранена два чалавекі.
У ноч на 24 верасня расійцы атакавалі Запарожжа кіраванымі авіябомбамі. У выніку ўдару РФ у Шаўчэнкаўскім раёне Запарожжа пашкоджаны адзін шматкватэрны дом і тры прыватныя. Пацярпелых няма.
Астраханскі газаперапрацоўчы завод другі раз у гэтым годзе спыніў вытворчасць з-за атакі ўдарнага дрона, піша Reuters.
Паводле звестак трох крыніц, пажар адбыўся 22 верасня, агонь ахапіў устаноўку па вытворчасці кандэнсату магутнасцю 3 млн тон у год. Яна вырабляе бензін і дызельнае паліва. Завод, размешчаны паблізу Каспійскага мора, прыкладна ў 1675 км ад украінскай мяжы, можа аднавіць вытворчасць толькі праз некалькі тыдняў ці нават месяцаў.
Астраханскі газаперапрацоўчы завод «Газпрома» — адзін з найбуйнейшых у свеце газахімічных комплексаў. На яго магутнасцях працуюць 5600 чалавек. Завод выпускае аўтамабільны бензін, паліва дызельнае, тэхнічную серу і да таго падобнае.
* * *
У выпадку, калі не будзе вайны ў небе, Расія не зможа працягваць ваяваць на зямлі, сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, выступаючы на Савеце Бяспекі ААН.
«Калі мы зможам умацаваць нашу паветраную прастору з дапамогай сумеснай сістэмы процідзеяння расійскім ракетам і беспілотнікам, гэта прымусіць Расію спыніць свае атакі з паветра», — адзначыў прэзідэнт Украіны.
Зяленскі падкрэсліў, што ў такім выпадку кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін будзе вымушаны сядзець на Савеце Бяспекі ААН ці іншай пляцоўцы і шукаць перамір'я на зямлі. «Калі вайны не будзе ў небе, Расія не зможа працягваць ваяваць на зямлі. Я гаварыў пра гэта з прэзідэнтам Трампам і іншымі лідарамі», — заявіў кіраўнік Украіны.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп верыць у шанцы Украіны аднавіць кантроль над сваёй тэрыторыяй у межах міжнародна прызнаных меж. Пра гэта Трамп напісаў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social пасля сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Трамп адзначыў, што «цалкам зразумеў ваенную і эканамічную сітуацыю ва Украіне і Расіі» і лічыць, што «Украіна пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза мае ўсе магчымасці змагацца і ВЯРНУЦЬ усю сваю тэрыторыю ў першапачатковым выглядзе».
«З часам, цярпеннем і фінансавай падтрымкай Еўропы, а ў прыватнасці NATO, аднаўленне першапачатковых меж, з якіх пачалася гэтая вайна, з'яўляецца цалкам рэальным варыянтам. Чаму б і не?» — дадаў ён.
Прэзідэнт ЗША далей напісаў, што Расія ўжо тры з паловай гады «бязмэтна» вядзе вайну, якую сапраўдная ваенная моц магла б выйграць «менш чым за тыдзень», і гэта робіць Расію падобнай на «калоса на гліняных нагах».
Амерыканскі прэзідэнт лічыць, што Расія і Пуцін у прыватнасці «знаходзяцца ў вялікім эканамічным цяжары», таму для Украіны «цяпер самы час дзейнічаць». У той жа час ён пажадаў і Украіне, і Расіі «ўсяго найлепшага». «Мы працягнем пастаўляць зброю NATO, каб NATO мог рабіць з ёй усё, што пажадае. Удачы ўсім!» — завяршыў свой допіс Трамп.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сказаў, што пакуль не мае гатовага адказу наконт таго, ці давярае ён кіраўніку Крамля Уладзіміру Пуціну.
Журналісты задалі пытанне, ці давярае Трамп Пуціну. «Я змагу вам адказаць на гэтае пытанне праз месяц, добра?», – адказаў Трамп.
У апошні час прэзідэнт ЗША неаднаразова казаў, што расчараваны адсутнасцю прагрэсу ў яго спробах спыніць расійска-ўкраінскую вайну і што «Пуцін падвёў яго».
* * *
Калі ў кароткатэрміновай перспектыве не з'явіцца шлях да міру ва Украіне, ЗША ўвядуць меры супраць Расіі, заявіў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН.
«Гэтай вайне трэба пакласці канец, але калі гэтага не адбудзецца, калі не будзе шляху да міру ў кароткатэрміновай перспектыве, то Злучаныя Штаты і прэзідэнт Дональд Трамп прымуць неабходныя меры, каб увесці цану за працяг агрэсіі», — сказаў кіраўнік амерыканскай дыпламатыі.
Паводле слоў Рубіё, Трамп праявіў «надзвычайны цярпенне», не разглядаючы дадатковыя санкцыі супраць РФ «у надзеі на прарыў у гэтым пытанні».