Джарэд Кушнер: калі б Украіна выканала патрабаванні Пуціна, быў бы мір
Заключэнне мірнага пагаднення было б магчымым, калі б Украіна адмовілася ад сваіх тэрыторый у тых межах, якія патрабуе Уладзімір Пуцін, заявіў спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Джарэд Кушнер. Аднак Расія не збіраецца ўдзельнічаць у перамовах увогуле, і таму Украіне няма сэнсу здаваць свае тэрыторыі. Ідуць 1663-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 249 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 13 верасня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 29 атак у раёнах Шахавага, Маладзецкага, Біліцкага, Сяргееўкі і Удачнага, а таксама ў кірунках Тарэцкага, Кучарава Яру, Дарожнага, Свіетлага, Шаўчэнкі, Мацяшава, Навагрышына, Грышына і Навападгароднага.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 15 атак у раёнах Канстанцінаўкі і Іллінаўўкі, а таксама ў кірунках Раскошнага і Русінага Яру.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку УСУ адбілі 14 атак расійцаў у раёнах Ізбіцкага, Старыцы і Лімана, а таксама ў кірунках Вільчы і Камісарава.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку за мінулыя суткі абаронцы Украіны спынілі 10 штурмаў расіян у раёнах Садкоў, Бачыўска, Уланоўва, Гірок і Рыжаўкі.
На Гуляйпольскім кірунку расіяне атакавалі дзевяць разоў у кірунках Роўнага, Касаўцава, Ваздвіжаўкі, Цвітковага і Чароўнага.
* * *
Больш за 10 дронаў атакавалі Валынскую вобласць 12 верасня, у Ковельскай грамадзе пацярпелі 5 чалавек. Загінулых няма.
Расіяне нанеслі ўдары беспілотнікамі па чыгуначных аб'ектах у Луцку Валынскай вобласці і Фаставе Кіеўскай вобласці. Дзякуючы своечасоваму выяўленню пагрозы і эвакуацыі пасажыраў — ніводнага пацярпелага.
Расійскія войскі нанеслі ўдар па энергетычнай інфраструктуры Мікалаева, у выніку чаго ў абласным цэнтры адбыўся частковы блэкаут.
У ноч на 13 верасня расійскія войскі ў другі раз за суткі патрапілі ў шматпавярховы дом у Адэсе. Раніцай мінулага дня ў выніку траплення па шматпавярховым жылым доме адзін чалавек загінуў, раненні атрымалі 26 чалавек.
Ноччу 13 верасня ў расійскім Ніжнякамску прагучала серыя выбухаў — мясцовыя жыхары паведамляюць аб пралёце дронаў у раён прамысловай зоны, якую ў горадзе называюць «нафтанкай». Там размешчана тры прадпрыемствы: Ніжнякамскі нафтаперапрацоўчы завод, хімкамбінат «Ніжнякамскнафтахім» і завод ТАНЕКА. Пра наступствы пакуль не паведамляецца.
* * *
* * *
Заключэнне мірнага пагаднення было б магчымым, калі б Украіна адмовілася ад сваіх тэрыторый у тых межах, якія патрабуе расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін, заявіў спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Джарэд Кушнер падчас штогадовага форуму YES у Кіеве 12 верасня.
Па яго словах, Вашынгтон ужо падрыхтаваў асноўную частку мірнага пагаднення, але яго падпісанне тармозіцца нежаданнем Украіны ісці на тэрытарыяльныя саступкі Расіі.
«Прэзідэнт Пуцін акрэсліў сваю лінію таго, чаго ён хоча дасягнуць. Калі б Украіна захацела адысці да гэтай лініі, мы б ужо мелі сабраную астатнюю частку пагаднення. Але Украіна цяпер не хоча гэтага рабіць», — заявіў Кушнер.
Па яго словах, задача пасярэднікаў заключаецца ў пошуку «крэатыўнага рашэння», якое дазволіць замарозіць канфлікт. Пры гэтым ён лічыць, што тэрытарыяльнае пытанне павінна вырашацца з улікам сітуацыі на полі бою.
У той жа час спецпасланнік Трампа пацвердзіў прыхільнасць Вашынгтона садзейнічанню мірнаму працэсу. «Ведайце, што прэзідэнт Трамп вельмі сур'ёзна ставіцца да гэтага пытання, як і мы з вамі; прэзідэнт Зяленскі таксама рашуча настроены, і, судзячы з таго, што мы бачылі і чулі... Пуцін таксама зацікаўлены ў гэтым. Галоўнае — знайсці правільную формулу, якая, спадзяемся, задаволіць усіх і дазволіць рушыць наперад», — заявіў ён.
* * *
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адхіліў прапанову прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага правядзення перамоў пра заканчэнне вайны ў рамках саміту G20 у Злучаных Штатах.
У апублікаваным у суботу інтэрв'ю прэзідэнт Украіны заявіў, што гатовы прыехаць на саміт G20 у Маямі і сустрэцца з Пуціным, калі той таксама прыме ўдзел у сустрэчы.
Аднак прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў у каментары AFP адразу адпрэчыў прапанову, назваўшы яе «немагчымай». Пяскоў падкрэсліў, што Пуцін гатовы сустрэцца з Зяленскім выключна ў Маскве.
На гэты момант адсутнічае і афіцыйнае пацвярджэнне ўдзелу самога Пуціна ў снежаньскім саміце G20.
Са свайго боку Зяленскі ў размове з нямецкімі журналістамі адзначыў, што ў выпадку запрашэння абодвух лідараў на саміт ён гатовы да перамоў.
* * *
Новы раунд перамоў аб міры ў трохбаковым фармаце можа адбыцца ў кастрычніку, заявіў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Буданаў на сустрэчы YES. «Рыхтуемся на кастрычнік», — сказаў Буданаў, адказваючы на пытанне, ці рыхтуецца наступны раунд перагавораў аб міры.
Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны пацвердзіў, што гаворка ідзе пра трохбаковы фармат, але не назваў магчымае месца правядзення перагавораў.
* * *
Адміністратар Праграмы развіцця ААН (ПРААН) Аляксандр Дэ Кроа ў інтэрв'ю ВВС заявіў, што Украіну чакае «самая цяжкая зіма» з пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі.
Дэ Кроа, які з'яўляецца трэцім па рангу службовай асобай у ААН, абвінаваціў Расію ў «крайне сістэматычных» ударах па грамадзянскай і энергетычнай інфраструктуры Украіны. Па яго словах, мэтамі атак становяцца аўтазаправачныя станцыі, гандлёвыя цэнтры, бізнес-цэнтры, але перш за ўсё аб'екты энергетыкі. «Гэтаму няма абсалютна ніякага апраўдання», – падкрэсліў высокапастаўлены чыноўнік.
Па яго словах, цяпер ідзе «гонка з часам», каб паспець адрамантаваць электрасеткі да таго, як настане зіма і тэмпература рэзка ўпадзе. Ён адзначыў, што ў ААН «вельмі, вельмі занепакоеныя… тым, якой можа аказацца гэтая зіма».
Калі насельніцтву будзе крытычна не хапаць электраэнергіі для працы сістэм ацяплення, а сістэмы водазабеспячэння і каналізацыі перастануць функцыянаваць, «улічваючы мясцовыя тэмпературы, гэта стварыла б умовы, якія сапраўды наблізіліся б да гуманітарнай катастрофы», — заявіў Дэ Кроа.