Джордж Сорас: Адзіны спосаб захаваць цывілізацыю — хутчэй перамагчы Пуціна

Амерыканскі мільярдэр Джордж Сорас заявіў, што еўрапейская цывілізацыя можа не перажыць уварвання Расіі ва Украіну, але ў Еўропы ёсць значна больш механізмаў уздзеяння на расійскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна, чым лічаць заходнія лідары.

dzhordzh_soros_milliarder.jpg


У сваёй традыцыйнай і чаканай многімі прамовы за вячэрай у кулуарах Сусветнага эканамічнага форуму ў швейцарскім Давосе інвестар і філантроп вугорскага паходжання заявіў, што вайна скалынула Еўропу да грунту.

«Гэта ўварванне, магчыма, стала пачаткам Трэцяй сусветнай вайны. Мы павінны мабілізаваць усе нашы рэсурсы, каб як мага хутчэй пакласці канец вайне. Найлепшы і, мабыць, адзіны спосаб захаваць нашу цывілізацыю — як мага хутчэй перамагчы Пуціна», — заявіў Сорас.

Ён высока ацаніў падтрымку Украіны з боку ЗША і Еўропы, але раскрытыкаваў празмерную залежнасць еўрапейскіх краін ад расійскіх выкапнёвых відаў паліва, піша ВВС.

Паводле яго слоў, гэтая залежнасць была шмат у чым абумоўлена меркантыльнай палітыкай, якая праводзіцца былой нямецкай канцлеркай Ангелай Меркель, якая заключыла з Масквой спецыяльныя здзелкі на пастаўкі газу.

«Я думаю, што Пуцін вельмі спрытна шантажаваў Еўропу, пагражаючы адключыць газ, але на самой справе яго аргументы значна менш моцныя, чым ён думае», — кажа Сорас.

Ён нагадаў, што ў мінулым годзе Расія размясціла газ у сябе ў сховішчах замест таго, каб экспартаваць яго ў Еўропу, стварыўшы дэфіцыт, які падняў цэны і зрабіў Расіі добрую выручку. Але сховішчы запоўненыя, і ў Расіі няма іншага месца для паставак газу, акрамя Еўропы, паколькі гэта яе адзіны рынак.

«Еўропа займае значна больш моцную пазіцыю ў гэтым пытанні, чым яна лічыць», — перакананы Джордж Сорас.

Ён таксама рэзка раскрытыкаваў кітайскага лідара Сі Цзінпіна, сказаўшы, што аўтакратычныя рэжымы цяпер на ўздыме, а сусветная эканоміка рухаецца ў бок дэпрэсіі.

Паводле яго слоў, Пуцін і Сі — два дыктатара, у якіх вельмі шмат агульнага і якія ўяўляюць найбольшую пагрозу адкрытаму грамадству.