Экс-прэм'ер Брытаніі: «Пуцін не вядзе перамовы. Ён смяецца над намі»
Пуцін адносна шмат паабяцаў Трампу ў часе ўчорашняй размовы, але паміж абяцанкамі і выкананнем — вялікая прорва. У прыватнасці кіраўнік Расіі нібыта аддаў загад не бамбіць інфраструктуру Украіны — і праз некалькі гадзін Украіна зазнала самую маштабную дронавую атаку за гэты месяц. Ідуць 1120-я суткі вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі на франтах Украіны зафіксавана 140 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 19 сакавіка.
На Пакроўскім кірунку за мінулыя суткі абаронцы Украіны спынілі 39 штурмавых дзеянняў агрэсара ў раёнах населеных пунктаў Александропаль, Зялёнае Поле, Елізаветаўка, Прамень, Котліна, Удалае, Андрэеўка і інш.
На Тарэцкім кірунку расійцы 21 раз атакавалі ўкраінскія падраздзяленні ў раёнах Азаранаўкі, Дружбы, Тарэцка. На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 12 разоў, на Харкаўскім кірунку — 10 разоў.
На Новапаўлаўскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 9 атак захопнікаў у раёне Канстанцінопаля.
У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі ўкраінскія воіны адбілі 21 атаку расіян
* * *
У ноч на 19 сакавіка аналітычны праект DeepState паведаміў аб прасоўванні расійскіх войскаў паблізу населеных пунктаў у Харкаўскай і Данецкай абласцях. Расійцы прасунуліся каля населенага пункта Неўскае ў Харкаўскай вобласці і паблізу Прывольнага, што ў Данецкай вобласці.
* * *
У ноч на 19 сакавіка 2025 года расіяне атакавалі Украіну двума балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М», чатырма зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300 і 145-ю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі розных тыпаў.
Пацверджана збіццё 72 ударных БПЛА. 56 беспілотнікаў лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў).
У Кіеўскай вобласці ў выніку падзення абломкаў у Бучанскім раёне пашкоджаны 20 таўнхаусаў, 15 прыватных дамоў і 19 аўто, пацярпелі 2 чалавекі.
У горадзе Днепр і ў Паўлаградскім раёне Днепрапятроўшчыны адбыліся пажары ў выніку расійскай атакі дронамі: пашкоджаныя аб'ект інфраструктуры, прыватныя дамы і аўто. Удар прыпаў па энергасістэме чыгункі ў Днепрапятроўскай вобласці.
Паведамляецца, што падчас ліквідацыі наступстваў расійцы нанеслі паўторны ўдар.
Таксама расійскі БпЛА ўпаў на дах абласной клінічнай лякарні ў горадзе Сумы, пашкодзіўшы будынак і прыпаркаваныя непадалёк аўтамабілі.
Нагадаем, што ў час учорашняй размовы з Дональдам Трампам Пуцін адхіліў ідэю 30-дзённага спынення агню, але пагадзіўся ўстрымацца ад атак энергетычнай інфраструктуры Украіны і, як пісала прэс-служба Крамля, «аддаў адпаведны загад вайскоўцам».
* * *

* * *
Размова Трампа і Пуціна звялася да таго, што Пуцін адхіліў ідэю поўнага 30-дзённага перамір'я, пагадзіўшыся на спыненне на гэты час удараў па інфраструктуры і аб'ектах энергетыкі. Таксама Пуцін высунуў свае патрабаванні-спыненне заходняй дапамогі Украіне і спыненне мабілізацыі ва Украіне.
«Дамовіліся, што рух да міру пачнецца са спынення агню па энергетыцы і інфраструктуры, а таксама тэхнічных перамоваў па імплементацыі спынення агню ў Чорным моры, поўнага спынення агню і ўстойлівага міру», — сказана ў паведамленні Белага дома.
У ЗША заявілі, што гэтыя перамовы пачнуцца неадкладна на Блізкім Усходзе. Таксама Трамп і Пуцін падчас размовы «пагадзіліся, што будучыня, у якой двухбаковыя стасункі паміж ЗША і Расіяй з'яўляюцца лепшымі, мае велізарныя перавагі».
Расія ўжо неаднаразова рабіла заявы аб спыненні ўдараў па энергетычнай інфраструктуры Украіны, і неаднаразова парушала гэтыя абяцанні. У прыватнасці, мінулай вясной удары РФ па энергетыцы прывялі да маштабных адключэнняў святла ва Украіне, якія працягваліся з траўня па верасень.
* * *
Ужо ў гэтую нядзелю, 23 сакавіка, паміж ЗША і Расіяй пройдуць перамовы аб дэталях спынення агню ва Украіне. Гаворка ідзе не пра поўнае спыненне баявых дзеянняў, а пра ўдары па энергетыцы і ўсёй інфраструктуры ў цэлым, заявіў спецпрадстаўнік Трампа па Блізкім Усходзе Стыў Уіткаф у інтэрв'ю каналу Fox News.
«Д'ябал хаваецца ў дэталях. У нас ёсць каманда, якая паедзе ў Саудаўскую Аравію на чале з нашым дарадцам па нацыянальнай бяспецы (Майк Волц) і дзяржаўным сакратаром (Марка Рубіа), і я думаю, што мы павінны высветліць гэтыя дэталі», — сказаў Уіткаф. Ён дадаў, што дамоўленасці аб спыненні агню датычацца паўзы ва ўдарах па інфраструктуры ў цэлым, а не выключна па энергетыцы. Уіткаф выказаў надзею, што ўкраінскі бок пагодзіцца на дамоўленасці, якія былі дасягнутыя. Перамовы адбудуцца ў Джыдзе (Саудаўская Аравія).
Пакуль незразумела, ці будзе на маючых адбыцца перамовах Украіна. З расійскага боку таксама не было ніякіх заяў аб сустрэчы 23 сакавіка.
* * *
Былы прэм'ер-міністр Брытаніі Борыс Джонсан выказаўся пра тэлефонную размову прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным аб заканчэнні вайны ва Украіне. Ён лічыць, што кіраўнік Крамля не хоча міру.
«Які сюрпрыз — Пуцін адхіляе безумоўнае спыненне агню. Ён хоча працягваць бамбіць і забіваць нявінных украінцаў», — напісаў Джонсан у сацсетцы Х.
Ён дадаў, што расійскі дыктатар хоча раззброіць, нейтралізаваць і зрабіць Украіну «васальнай дзяржавай Расіі». «Ён не вядзе перамовы. Ён смяецца над намі», — рэзюмаваў былы прэм'ер Брытаніі.
* * *
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што Расія наўмысна зацягвае перамовы аб часовым спыненні агню, каб у прыватнасці выкарыстоўваць гэты час для актывізацыі наступу на захадзе Запарожскай вобласці і атрымання тактычных пераваг на фронце.
Прадстаўнік Сіл абароны поўдня Украіны палкоўнік Уладзіслаў Валошын заявіў 17 сакавіка, што расійскія войскі актывізаваліся на Запарожскім кірунку, карыстаючыся паляпшэннем надвор'я. Валошын адзначыў, што бруд высыхае, а дрэвы аднаўляюць лісце, таму расійскія войскі спрабуюць палепшыць свае тактычныя пазіцыі, атакуючы штурмавымі групамі па пяць-сем чалавек.
«Расійскія войскі, верагодна, актывізуюць наступальныя аперацыі на захадзе Запарожскай вобласці, каб прасунуцца да горада Запарожжа на фоне пастаянных патрабаванняў Крамля аддаць усю Запарожскую вобласць Расіі. Расійскія войскі таксама, імаверна, спрабуюць адцягнуць і ўтрымаць украінскія сілы на іншых участках фронту, каб дазволіць расійскім войскам вызначыць прыярытэтнасць пэўных намаганняў і атрымаць перамогу на ўсім тэатры баявых дзеянняў, калі надвор'е палепшыцца, а Расія зацягне перамовы», — піша ISW
* * *
Праз тры гады пасля пачатку расійска-ўкраінскай вайны 46% амерыканцаў лічаць, што ЗША робяць недастаткова для дапамогі Украіне. Гэта на 16 пунктаў больш, чым у снежні, і з'яўляецца новым максімумам з 2022 года, сведчыць апытанне Gallup.
У той жа час скарацілася доля тых, хто лічыць, што ЗША робяць занадта шмат (30%) або недастаткова (23%) для Украіны.
Амерыканцы рэзка змянілі меркаванне аб дапамозе Украіне пасля дзеянняў Трампа. Да гэтага часу самы высокі працэнт амерыканцаў, якія лічылі, што ЗША робяць недастаткова для дапамогі Украіне, складаў 38%, у першым апытанні Gallup па гэтым пытанні ў жніўні 2022 года. Аднак неўзабаве меркаванне змянілася на фоне крытыкі з боку некаторых лідараў-рэспубліканцаў адносна аб'ёму дапамогі, якую ЗША аказвалі Украіне для вядзення вайны.
Цяпер, калі прэзідэнт Дональд Трамп вярнуўся ў Белы Дом, карціна зноў змянілася, і перавага амерыканцаў большаму ўдзелу ЗША значна пераўзыходзіць іншыя меркаванні.
Вынікі атрыманыя падчас апытання Gallup, праведзенага 3-11 сакавіка пасля спрэчнай сустрэчы 28 лютага ў Авальным кабінеце паміж Трампам, віцэ-прэзідэнтам Джэй Дзі Вэнсам і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, якая скончылася тым, што Зяленскі раптам пакінуў Белы Дом.
Падтрымку дапамогі Украіне ў вяртанні тэрыторый, нават калі гэта запатрабуе працяглага ўдзелу ЗША, вітаюць 53% амерыканцаў. Адміністрацыя Трампа настойвае на больш хуткім спыненні вайны, хоць незразумела, ці будзе гэта азначаць, што Расія захавае за сабой тэрыторыі, на якія яна прэтэндуе падчас баявых дзеянняў з 2022 года.